Агляд прэсы: без залішніх рухаў
Размыццё Халакосту ў Беларусі адлюстроўвае савецкі настрой рэжыму. Расея, ЗША і НАТО спрабуюць дамовіцца на мяжы канфрантацыі. Якая верагоднасць змены ўлады ў Венгрыі? Кавід: два гады з вірусам. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Ізраільская газета Jerusalem Post парцягвае сачыць за лёсам Закона аб генацыдзе беларускага народа, які быў нядаўна падпісаны Лукашэнкам і з’яўляецца сучасным прыкладам трывожнага скажэння пытання аб падабенстве і адрозненні паміж Халакостам і іншымі формамі масавага гвалту, якія ахапілі ўсходнееўрапейскія краіны падчас Другой сусветнай вайны.
«Скажэнне і размыванне сутнасці Халакосту было сфармулявана як палітыка сталінскага кіраўніцтва падчас вайны. Савецкая прапаганда сцвярджала, што яўрэяў забіваюць як грамадзян сацыялістычнай дзяржавы, СССР ды іншыя краіны пад яе ўплывам свядома размывалі і скажалі спецыфіку нацысцкай антыяўрэйскай кампаніі. На жаль, гэтая з’ява не толькі не знікла, але ў апошні час яна ўзмацнілася некалькімі постсавецкімі ўрадамі», – піша ізраільскае выданне.
Газета падкрэслівае, што новы закон, які прадугледжвае жорсткае крымінальнае пакаранне для тых, хто адмаўляецца прыняць навязаную парадыгму генацыду беларускага народа, можа мець цяжкія наступствы не толькі для вывучэння гісторыі і гістарычнай адукацыі ў Беларусі, але і для значэння Беларусі ва ўсім свеце. І гэты пры тым, што ў Ізраілі ведаюць і шануюць Праведнікаў народаў свету з Беларусі.
«Становішча яўрэяў прыкметна адрознівалася ад становішча іншых асноўных этнічных груп Беларусі. Размыванне гэтых адрозненняў не толькі адсылае да савецкай палітыкі скажэння Халакосту, але і перашкаджае правільнаму разуменню Другой сусветнай вайны і падрывае навуку. На жаль, у наш час гэтым займаюцца нават дыпламатычныя прадстаўнікі, якія пераносяць гэтыя гістарычныя памылкі ў сферу палітычных супрацьстаянняў.
Павінна быць ясна, што прызнанне беспрэцэдэнтнай падзеі Халакосту не прымяншае пакут іншых ахвяр нацысцкай Германіі. Скажэнне гэтай гісторыі не толькі сведчыць аб неразуменні мінулага, але і ўяўляе сабой яўную непавагу да ахвяр», – адзначае ізраільскае выданне.
***
У панядзелак у Жэневе, падчас сустрэчы па пытанні Украіны, прадстаўнікі ЗША і Расеі зноў пазначылі свае пазіцыі: Масква, сярод іншага, патрабуе гарантый таго, што Украіна і Грузія не ўступяць у НАТО. Вашынгтон настойвае на тым, што палітыка адчыненых дзвярэй, якая праводзіцца НАТО, не падлягае перагляду, і саступак тут быць не можа.
“Завышаныя патрабаванні, выстаўленыя Пуціным, не варта прымаць за чыстую манету”, – лічыць французская газета Le Point.
«Пуцін ведае, што дамова, прапанаваная Захаду, для апошняга непрымальная. Ці ідзе тут гаворка толькі пра манеўр, пры дапамозе якога ён збіраецца апраўдаць увод войскаў ва Украіну, рашэнне аб якім ён даўно ўжо прыняў? Не. Перамовы, якія праводзілі з рускімі ў Радзе Бяспекі ААН, паказваюць, што часцяком яны спачатку прад’яўляюць празмерна цвёрдыя патрабаванні, а пасля мякчэюць падчас абмеркаванняў. У любым разе яны выразна пазначылі свае асноўныя мэты: гарантыю таго, што ані Украіна, ані Грузія не ўступяць у НАТО, а таксама магчымае абмежаванне амерыканскіх узбраенняў, размешчаных у Еўропе, гэтыя тэмы сапраўды можна і трэба абмяркоўваць», – мяркуе французскае выданне.
***
У красавіку ў Вугоршчыне адбудуцца парламенцкія выбары. Упершыню за многія гады партыі Фідэс, якую ўзначальвае Віктар Орбан і якая знаходзіцца ва ўладзе з 2010 году ды мае ў парламенце большасць у дзве трэці галасоў, даводзіцца лічыцца з магчымасцю паразы. Апазіцыйныя сілы, у стане якіх доўгі час панаваў раскол, на гэты раз аб’ядналіся і вылучылі агульнага кандыдата – Петэра Маркі-Зая. Па дадзеных апытанняў, зараз ён ідзе з Орбанам пыса ў пысу. «Але для змены ўлады неабходны не толькі галасы», – адзначае польскае выданне Polityka і раіць не ўскладаць занадта вялікіх спадзяванняў на перамогу апазіцыі.
«Партыя Фідэс па-ранейшаму з’яўляецца фаварытам гонкі. Нават калі апазіцыя пераможа, на яе шляху паўстане цэлы шэраг прававых перашкод. У Канстытуцыі, распрацаванай Фідэс і ў якую дзевяць разоў уносіліся папраўкі, павялічылася колькасць пытанняў, рашэнні па якіх павінны прымацца як мінімум большасцю ў дзве траціны галасоў. Калі апазіцыя прыме які-небудзь закон з гэтага каталогу, не маючы кваліфікаванай большасці ў парламенце, то прэзідэнт заўсёды можа звярнуцца ў Канстытуцыйны суд, які, хутчэй за ўсё, абвесціць гэты закон неканстытуцыйным. Новаму ўраду давядзецца дзейнічаць у абмежаваных рамках, устаноўленых яго папярэднікамі», – папярэджвае польскае выданне.
***
Два гады таму сусветныя СМІ апублікавалі першыя паведамленні аб з’яўленні ў кітайскім мегаполісе Ухань новага загадкавага віруса. А сёння ўвесь свет жыве пад цяжкім прыгнётам кавіда. Ці можна спадзявацца на заканчэнне пандэміі пасля таго, як схлыне чацвёртая хваля?
«Кавіду няма ні канца ні краю, і гэта трэба разумець», – піша італьянская газета Corriere della Sera.
«Будзем спадзявацца, што маюць рацыю тыя, хто кажуць, што сёлетняя зіма будзе апошняй зімой пандэміі. Праўда, аднак, у тым, што мы гэтага не ведаем напэўна. Невядомасць наконт розных варыянтаў вірусу ўяўляе сабой рэальную пагрозу нашай будучыні. На фоне бягучых падзей нам нікуды не падзецца ад наступнай высновы: рыторыка новага пачатку зусім недарэчная, бо вірус становіцца эндэмічным. Гэта азначае, што нам давядзецца ўвесь час быць напагатове, а разам з гэтым змяніць шэраг сваіх звычак. І гэта неабавязкова дрэнна. Важна, каб усе гэтыя змены мы рэалізавалі па магчымасці паспяхова, і без лішняга ныцця», – заклікае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.