Агляд прэсы: Больш самавалодання



Літва паставіла пытанне аб працягу пасажырскіх перавозак у Беларусь. Нямеччына: ці зможа ХДС адмежавацца ад АдГ. У Ізраілі Кнэсет ухваліў судовую рэформу. Фільм «Барбі» крочыць па планеце. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Літоўскі Мінтранс папрасіў Дэпартамент дзяржбяспекі краіны ацаніць, ці рызыкоўна ажыццяўляць пасажырскія зносіны з Беларуссю. Пасля ацэнкі могуць скараціць аб’ёмы перавозак ці ўвогуле адмяніць іх», – піша літоўскае выданне tv3.lt.

«Зараз ад Літвы адкрыты 66 маршрутаў пасажырскіх аўтобусаў у Беларусь і праз Беларусь. Сваю дзейнасць ажыццяўляюць 11 літоўскіх і 22 беларускія перавозчыкі. Раней Дэпартамент дзяржбяспекі заклікаў грамадзян Літвы адмовіцца ад паездак у Беларусь, бо на мяжы дзейнічаюць спецслужбы РБ, дапытваюць, схіляюць да супрацы. Прэзідэнт Літоўскай асацыяцыі пасажырскіх перавозак Гінтарас Накуціс сказаў, што ўпершыню пачуў аб жаданні Мінтранса. «Не ведаю, колькі падарожнічае грамадзян Літвы, але сярод пасажыраў шмат беларусаў, якія вандруюць аўтобусамі, у якіх няма іншых варыянтаў вярнуцца з Еўропы. Яны працуюць і ў Літве, і ў іншых краінах ЕЗ», – цытуе чыноўніка літоўскае выданне.

Старшыня партыі ХДС Фрыдрых Мерц выклікаў шквал крытыкі, у тым ліку ў шэрагах уласнай партыі, з-за сваіх выказванняў аб магчымых шляхах супрацоўніцтва з АдГ на ўзроўні камун. Выказванні Мерца супярэчаць правілам сяброўства ў ХДС. У прыватнасці, гэтыя правілы выключаюць любы від супрацоўніцтва з АдГ, паколькі тая талерантная да ўльтраправых ідэй, антысемітызму і расізму. «Зігзагападобны курс партыі пад кіраўніцтвам Фрыдрыха Мерца толькі на шкоду рэпутацыі палітыкі як такой», – лічыць венская газета Der Standard.

«Два фактары ў гэтым працэсе заслугоўваюць як увагі, так і ганьбавання. Першае – гэта сам факт таго, што кіраўнік ХДС лічыць, быццам нейкая партыя можа быць менш радыкальнай на камунальным, чым на зямельным і федэральнай узроўні. Гэта трызненне. Нянавісць і падбухторванне, нажаль, можна сустрэць усюды. Ну і другое – гэта тое, што Мерц зусім няслушна ацэньвае настроі ў сваёй уласнай партыі. ХДС варта было б уносіць слушныя контрпрапановы ў адказ на прапановы кааліцыйнага ўрада, а не засмечваць эфір фліртам з АдГ», – піша аўстрыйскае выданне.

У панядзелак дэпутаты Кнэсета ад кіруючай большасці адобрылі асноўны пункт спрэчнай судовай рэформы. Апазіцыя байкатавала галасаванне. Былы прэм’ер-міністр краіны Яір Лапід заявіў, што падасць пазоў у Вярхоўны суд, які стаў асноўнай мішэнню будучай рэформы. На суботу плануецца масавая дэманстрацыя. Шведская газета Dagens Nyheter асцерагаецца эскалацыі гвалту на Блізкім Усходзе.

«Многія аналітыкі папярэджваюць пра тое, што доўгатэрміновая мэта ўрадавай кааліцыі – парадак, пры якім арабская меншасць дэ факта губляе сваё права галасаваць, – што забяспечыла б ультраправым парламенцкую большасць, а ў доўгатэрміновай перспектыве азначала б анэксію ўсяго Заходняга берага ракі Ярдан. Гэта зробіць немагчымым вырашэнне ізраільска-палестынскага канфлікту па прынцыпе «Дзве дзяржавы для двух народаў». «Судовая рэвалюцыя» ізраільскай кааліцыі правых, распачатая ў панядзелак, можа запусціць новую спіраль гвалту на Блізкім Усходзе з непрадказальнымі наступствамі», – папярэджвае шведскае выданне.

Разам з мастацкім фільмам «Барбі» ў кінатэатры прыйшла самая вядомая лялька ў свеце. Насамрэч фільм быў нібыта закліканы паставіць пытанне аб грамадстве спажывання ды адносінах улады і падпарадкавання. Еўрапейская прэса падзялілася ў меркаваннях наконт таго, ці ўдалася задумка. «Гэты фільм інструменталізуе фемінізм, каб прадаць больш квіткоў, а заадно і лялек», – такое меркаванне выказвае нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.

«Дарослыя людзі, якія згаладаліся па фільмах без супергерояў, штурмуюць кінатэатры і адорваюць чарговым шквалам ухваляльнага смеху позні капіталізм, якому сёння і без таго надаецца шмат увагі. Што ж менавіта ў чарговы раз паабяцалі нам, спажыўцам? Тое, што «Барбі» апынецца сатырычным поглядам на спажывецтва, фемінізм і таксічную мужнасць? Павіншуем жа аддзел маркетынгу кампаніі-вынаходніка лялькі Барбі Mattel – лепш выйсця проста не магло і быць, каб падняць продажы», – канстатуе нямецкае выданне.

Вольга Сямашка, Радыё Рацыя