Агляд прэсы: брат «вялікі» і «малы»



Першы крок да „саюзнай дзяржавы”: Пуцін і Лукашэнка дамаўляюцца аб адзінай эканамічнай прасторы. Трагедыя 11-га верасня: рана не зацягнулася, пагроза засталася. Ваенны пераварот у Гвінеі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Пасля шматгадовых перамоваў прэзідэнты Расеі і Беларусі паглыбляюць інтэграцыю. Доўгатэрміновая мэта – стварэнне палітычнага саюзу. Пры гэтым, улічваючы крызіс у Беларусі, у Масквы ў гэтай гульні нядрэнныя карты, асабліва ў ваеннай сферы», – падкрэслівае швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.

Выданне канстатуе, што Лукашэнка прадставіў памкнення да інтэграцыі як мадэль для ўсёй постсавецкай прасторы: Расея і Беларусь, паводле яго слоў, як бульдозер, ідуць наперад, выступаючы наватарамі, што можна працягнуць, напрыклад, у рамках Еўразійскага эканамічнага звязу. Аднак памылкі, дапушчаныя Савецкім Саюзам і Еўрапейскім звязам у працэсе інтэграцыі, паўтарацца не павінны. ЕЗ таксама пачынаў як эканамічны саюз; гэта, на думку Лукашэнкі, аснова для далейшых крокаў.

«Хвалебныя прамовы Лукашэнкі ў дачыненні да збліжэння здаваліся ліслівымі, яго спробы апраўдацца перад крытыкамі сведчылі аб няўпэўненасці. Асаблівае значэнне для Беларусі мае заява пра тое, што цэны на прыродны газ застануцца ў 2022 годзе на сённяшнім узроўні, а з 2023 года будзе стварацца адзіны рынак прыроднага газу, нафты і электраэнергіі. Прычым прастора для манеўраў на Захад у дыктатара абмежаваная, як ніколі. Лукашэнка залежыць ад добрай волі Пуціна і ад мільярдных крэдытаў. Нават незалежна ад узгодненых зараз крокаў па інтэграцыі, Беларусь будзе ўсё больш збліжацца з Расеяй»,піша Neue Zürcher Zeitung.

Спаўняецца 20 гадоў з дня тэрактаў 11-га верасня 2001 году. Падзеі тых дзён, а таксама рэакцыя ЗША і іншых заходніх краін, якія рушылі за імі, адзначылі сабой пачатак новай эпохі з вельмі цяжкімі наступствамі. У сваіх артыкулах многія аглядальнікі пішуць пра тое, што раны, нанесеныя тады, да гэтага часу не зацягнуліся. Як адзначаюць журналісты, Захад не здолеў ні правесці належных судовых працэсаў над тэрарыстамі, ні паставіць заслоны пагрозе джыхадызму.

«Падзеі 11-га верасня прывялі да сапраўднай змены парадыгмы», – піша аўстрыйскай выданне Wiener Zeitung.

«Можна разглядаць 11 верасня 2001 году як сапраўдны пачатак XXI стагоддзя. Тады ўвесь свет жыў ў шокавым стане, аднак ніхто не меркаваў, наколькі падзеі гэтага дня паўплываюць на наступныя дзесяцігоддзі. Паўсюдна стаў ўвасабляцца ў жыццё сцэнар страху: з абмежаваннем правоў і свабод грамадзян і паступовым узмацненнем сачэння з боку дзяржавы. Страх перад тэрактамі пастаянна выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. І ў будучыні ўсё будзе ісці сапраўды такім жа чынам: «век тэрарызму», распачаты 20 гадоў таму, будзе стагоддзем працяглым», канстатуе аўстрыйскае выданне.

На мінулым тыдні ў Гвінеі ў выніку ўзброенага дзяржаўнага перавароту быў адхілены ад улады прэзідэнт краіны Альфа Кандэ. На вуліцах натоўпы людзей віталі перамогу путчыстаў. У сваю чаргу ААН і Еўразвяз рэзка асудзілі пераварот. Кандэ прыйшоў да ўлады ў 2010 годзе, па выніках першых свабодных выбараў пасля здабыцця краінай незалежнасці ў 1958 годзе. Спачатку на Кандэ ўскладаліся вялікія надзеі ў плане пабудовы дэмакратыі і стабілізацыі становішча ў краіне, аднак у апошні час ён падвяргаўся рэзкай крытыцы за аўтарытарызм і парушэнні правоў чалавека.

«Пратэсты міжнароднай супольнасці хутка сыдуць на нішто», – адзначае французская газета Le Monde.

«Дастаткова зазірнуць праз мяжу Гвінеі ў суседнюю Малі: два дзяржаўныя перавароты, якія здарыліся там на працягу аднаго толькі году, прывялі да таго, што міжнародная супольнасць закрывае на ўсё вочы, як толькі суціхае першая абураная рэакцыя. Аднак малійская хунта «забылася» павяртаць уладу грамадзянскаму насельніцтву, хоць абяцала зрабіць гэта. І пераварот у Канакры, і путч у Бамака адлюстарвалі крайнюю слабасць рэспубліканскіх інстытутаў. Як высветлілася, дастаткова жменькі людзей у ваеннай форме – і гэтыя інстытуты разбураныя ў імгненне вока», – піша французскае выданне.

У краінах Еўропы маецца досыць вакцыны супраць каронавірусу, аднак усё менш і менш людзей выказвае жаданне прышчапіцца. Тэмпы вакцынацыі прабуксоўваюць, улады спрабуюць пераламаць сітуацыю пры дапамозе санкцый, стымулаў і асветніцкіх кампаній. Аднак тон дыскусіі ў СМІ стаў больш жорсткім.

Як адзначае славенская газета Primorske novice, у сваім памкненні падштурхнуць насельніцтва да вакцынацыі ўлады Славеніі хапілі праз край, патрабуючы наяўнасці адмоўнага экспрэс-тэсту для тых, хто хоча трапіць на прыём да ўрача.

«Гэта палка з двума канцамі. У існуючых умовах безадказна ўсяляць у людзей яшчэ большую няўпэўненасць. Калі перад вашым носам ўвесь час размахваць чырвонай анучай, то рана ці позна ў вас лопне цярпенне. І тады ўрад будзе сам вінаваты ў тым, што людзі выйшлі на вуліцы! Спробы гвалтоўнай вакцынацыі ўжо вядуць да росту супраціву. Такім падыходам нічога не дамагчыся».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка