Агляд прэсы: «брудныя» гульні
Беларуская механіка палітычных забойстваў. Акаўнты як апошняе апірышча свабоды. Ядзернае напружанне Байдэна. Самая брудная з валют. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Незалежнае выданне Euobserver выйшла з матэрыялам пад загалоўкам «Беларусь пагражае забойствам двум брытанскім дысідэнтам». У артыкуле размова ідзе аб тым, што брытанскага грамадзянства і міжнародных узнагародаў недастаткова, каб беларуская дысідэнтка Наталля Каляда і яе муж Мікалай Халезін адчувалі сябе ў бяспецы пасля публічнай пагрозы смерці.
„Мы вас абавязкова знойдзем … і павесім побач,” – так звяртаецца да Каляды і Халезіна галоўная беларуская ўрадавая газета «Советская Беларусь».
«Пагрозы смерцю заўсёды былі часткай нашага жыцця, але гэта першы раз, калі галоўны аглядальнік «Савецкай Беларусі» выкарыстоўвае такую мову», – адзначае Наталля Каляда ў інтэрв’ю Euobserver.
Былы дыпламат Каляда і журналіст Халезін з’яўляюцца сузаснавальнікамі «Свабоднага тэатру», які ставіць спектаклі па ўсім свеце. Яны таксама лабіруюць санкцыі Захаду супраць рэжыму. Па словах самой Наталлі Каляды, яшчэ ў 2012 годзе Лукашэнка адкрыў сакрэтны рахунак для забеспячэння пераследу апанентаў за межамі Беларусі.
Брытанская газета The Guardian разважае над тым, ці зможа Джо Байдэн прадухіліць новую гонку ўзбраенняў. На думку аглядальнцы Джуліан Боргер будучай адміністрацыі ЗША прыйдзецца тэрмінова ратаваць ядзерную дамову з Іранам, падпісаную ў 2015 годзе. Пасля таго, як Дональд Трамп выйшаў з яе ў 2018 годзе, дамова развальваецца на вачах. Пры гэтым на мінулым тыдні МАГАТЭ пацвердзіла, што Іран упершыню з падпісання дамовы прыступіў да вытворчасці ўрану, узбагачанага да 20 працэнтаў. Гэта важны крок да магчымасці стварэння зброевага матэрыялу.
«Выглядае на тое, што адміністрацыя Байдэна вернецца да палітыкі эры Абамы, якая складаецца ў працягу шырокай мадэрнізацыі арсенала ЗША пры спробах заключыць новы двухбаковы дагавор з Расеяй. Пры гэтым ёсць падставы меркаваць, што ЗША больш уважліва паставіцца да карыснасці ядзернай трыяды, якая складаецца з міжкантынентальных балістычных ракет, ракет марскога і паветранага базіравання», – падсумоўвае брытанскае выданне.
Па заканчэнні трох дзён пасля штурму Капітолія кампанія Twitter заблакавала прыватны акаўнт Дональда Трампа з мэтай спынення далейшага падбухторвання да гвалтоўных дзеянняў. Еўрапейскія СМІ адзіныя ў меркаванні, што апошнія твіты Трампа збольшага пераходзілі ўсе межы. Аднак па пытанні аб тым, ці варта пры гэтым цалкам блакаваць яго акаўнт, меркаванні журналістаў разыходзяцца.
На думку найстарэйшай французскай газеты Le Figaro, блакаванне прэзідэнцкага акаўнта супярэчыць духу дэмакратыі ў сваёй сутнасці.
«Дзіўна, што дэмакраты, якія заклікаюць блакаваць акаўнты, не заўважаюць ашаламляльнай супярэчнасці паміж патрабаваннямі ўвесці цэнзуру і ўласнымі палітычнымі поглядамі. Яны не ўсведамляюць таго, што такім чынам наўпрост адкрываюць скрыню Пандоры, што і прывядзе да эксцэсаў у плане абмежавання свабоды. І тое, што Трамп у гэтых адносінах быў куды больш дэмакратычным і ліберальным, чым многія яго праціўнікі, сведчыць аб тым, што за мінулыя гады адбыўся неверагодны рэгрэс, які ставіць пад пагрозу дасягнутую свабоду», – выказвае засцярогу французская газета.
Курс вядучай крыптавалюты біткойна на мінулым тыдні дасягнуў рэкорднай адзнакі ў 40 000 даляраў. Як лічаць эксперты, тлумачыцца гэта тым, што ў гэтую валюту ўкладваюць сродкі ўсё больш кампаній і хэдж-фондаў як у альтэрнатыву пазбегнуць пагрозы інфляцыі. Аднак, як адзначае прэса, у такой валюты маюцца і свае недахопы.
Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung звяртае ўвагу на экалагічны аспект вырабу біткойна, калі вытворчасць і выкарыстанне біткойна патрабуе неверагоднага аб’ёму энергіі.
«Калі прыгледзецца да адной-адзінай біткойн-транзакцыі, то можна прыйсці ў жах і не будучы экаактывістам: колькасць электраэнергіі, якая патрабуецца, раўняецца патрэбам спажывання сярэдняй амерыканскай хатняй гаспадаркі цягам 23 гадзін альбо супастаўляльна з праглядам інтэрнэт-ролікаў на працягу 54 тысяч гадзін», – заклікае задумацца нямецкая газета.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка