Агляд прэсы: Бяда, што закране ўсіх



Для каталікоў Беларусі ўскладняюцца ўмовы. Узарваная Кахоўская ГЭС: наколькі разбуральныя наступствы? Вяршэнства права: Еўразвяз карае Польшчу. Новы міграцыйны пакт Еўропы? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Афіцыйныя асобы рэжыму Лукашэнкі рэгулярна запалохвалі біскупаў размовамі аб паліцэйскім сачэнні пасля пераабрання дыктатара. А зараз у Беларусі пачаліся затрыманні каталіцкіх святароў. «Нарэшце 4-тысячная неафіцыйная каталіцкая малітоўная і дыскусійная група «Католікі Беларусі» была заблакаваная расійскай сацыяльнай сеткай «Одноклассники» 6 чэрвеня за «парушэнне правілаў» платформы, якая рэгулюецца расейскім заканадаўствам», – піша азіяцкае выданне Ucanews.

«Каталіцкая царква, члены якой складаюць каля 15 працэнтаў 9,4-мільённага насельніцтва Беларусі, выступіла на баку пратэстоўцаў у пачатку палітычных хваляванняў пасля перавыбрання прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнкі ў жніўні 2020 года, прымаючы пратэстоўцаў у касцёлах. Аднак царква публічна не адрэагавала на жорсткае абыходжанне з грамадзянамі. Беларуская праваслаўная царква падтрымлівае рэжым. У травеньскай справаздачы Камісія ЗША па міжнароднай рэлігійнай свабодзе заявіла, што ўмовы жыцця хрысціян у Беларусі пагаршаюцца, нягледзячы на адсутнасць публічнай рэпрэсіі супраць урада з боку царкоўных лідэраў. Сярод іншых нядаўніх дзеянняў: у студзені састарэламу польскаму парафіяльнаму святару айцу Юзафу Гезу загадалі выехаць з Беларусі без тлумачэння прычын, а грэка-каталіцкі часопіс закрыўся пасля таго, як яго рэдактара пасадзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Трансляцыі нядзельнай імшы на дзяржаўным радыё, якія важныя для пажылых і хворых, таксама часам перарываліся. З Вялікадня на YouTube-канале касцёла былі спыненыя трансляцыі імшы. Нарэшце традыцыйнай касцёльнай працэсіі Божага Цела не дазволілі спыніцца ў знакамітым менскім касцёле св. Сымона і Алены, таксама вядомы як Чырвоны касцёл, які быў зачынены і пазбаўлены сакральных аб’ектаў чыноўнікамі пасля падазронага невялікага пажару ў верасні мінулага года. Уся царква стала цацкай у руках Лукашэнкі, які пасеяў страх, што тое, што адбываецца з іншымі членамі грамадства, можа адбыцца і з каталіцкімі святарамі», — рэзюмуе азіяцкае выданне

У выніку падрыву Кахоўскай ГЭС на тэрыторыі Украіны аказаліся затопленымі вялізныя плошчы, і тысячы людзей цяпер пазбаўлены сродкаў да існавання. Многія выратаваліся на дахах дамоў і да гэтага часу чакаюць эвакуацыі. Расце занепакоенасць наконт катастрафічных наступстваў для навакольнага асяроддзя, забеспячэння пітной вадой, сельскай гаспадаркі і магчымасці ахаладжэння рэактараў Запарожскай АЭС. Прэса б’е трывогу. Як адзначае італьянская газета La Repubblica, у перспектыве – найсур’ёзныя наступствы для экалогіі.

«Гэтая экалагічная катастрофа будзе не толькі ўкраінскай. Велізарная тэрыторыя на поўдзень ад узарванай плаціны затоплена водамі Дняпра і насычаецца бензінам, саляркай, пестыцыдамі і змазачнымі матэрыяламі, якія прынеслі з сабой патокі вады, затапілі склады з гаручым і змазачнымі матэрыяламі, сховішчы з хімікатамі і ўзбраеннямі. Уся гэта забруджаная водная маса рухаецца да мора. І ніхто не можа нічога зрабіць: Чорнае мора замініравана. У звычайных умовах буйныя нафтавыя палі можна лакалізаваць і ліквідаваць, але не ў дадзеным выпадку – з прычыны рызыкі выбухаў. Існуе небяспека таго, што забруджаны будуць таксама турэцкае і еўрапейскае ўзбярэжжы. Наступствы вайны будуць распаўсюджвацца падобна чуме», – папярэджвае італьянскае выданне.

Еўразвяз узмацняе ціск на Польшчу ў сувязі з недастатковым выкананнем прынцыпу вяршэнства права. У сераду Брусель пачаў у адносінах да Варшавы санкцыйную працэдуру, абвінаваціўшы яе ў парушэнні дагавораў супольнасці. Нагодай паслужыў прыняты ў Польшчы закон аб стварэнні камісіі па расследаванні расійскага ўплыву. Незадоўга да гэтага Еўрапейскі суд абвясціў свой вердыкт, паводле якога праведзеная ў Польшчы ў 2019 годзе судовая рэформа супярэчыць еўрапейскаму заканадаўству, ушчамляючы незалежнасць суддзяў і парушаючы правіла аб недатыкальнасці іх прыватнага жыцця. «Гэты вердыкт – яшчэ адна параза партыі ПіС, і абыдзецца яно ёй вельмі дорага», – піша нямецкая газета Frankfurter Rundschau.

«Паколькі партыя ПіС гадамі не жадала прыслухоўвацца да аргументаў Бруселя аб небяспецы і недапушчальнасці згортвання дэмакратыі, то цяпер ёй давядзецца мець справу з наступствамі сваіх паводзін. Еўразвяз павінен запатрабаваць для Польшчы не толькі пакарання за ўшчамленне незалежнасці суддзяў, але і працягваць утрымліваць выдзеленыя краіне сродкі з фонду па аднаўленні эканомікі ад наступстваў пандэміі. Мяркуючы па ўсім, Варшава разумее толькі такую мову, і толькі такім чынам зможа ўсвядоміць, што Еўразвяз – не проста донар, але супольнасць, якая мае пэўныя каштоўнасці і правілы, якіх павінны прытрымлівацца ўсе яе сябры», – падкрэслівае нямецкае выданне.

У ходзе сустрэчы міністраў замежных спраў краін Еўразвяза размова ішла аб рэформе сістэмы давання прыстанішча. Не выключана, што будуць дасягнуты значныя зрухі і рэформа набудзе канкрэтныя абрысы. Вылучаныя прапановы, аднак, сутыкаюцца з крытыкай, у тым ліку з прычыны таго, што яны прадугледжваюць узмацненне жорсткасці правілаў для мігрантаў, у якіх няма шанцаў застацца ў Еўразвязе. Таксама плануецца зрабіць абавязковай падтрымку дзяржаў, якія знаходзяцца на знешніх межах Еўразвяза і таму прымаюць у сябе асабліва вялікую колькасць мігрантаў: мяркуецца, што іншыя краіны альбо прымуць частку бежанцаў у сябе, альбо кампенсуюць гэтым краінам выдаткі на іх утрыманне. «Усё будзе залежаць ад пазіцыі Рыма», – нагадвае турынская газета La Stampa.

«У гэтай вельмі далікатнай палітычнай гульні ўсё залежыць ад таго, якую пазіцыю зойме ўрад Італіі. Перад міністрам Матэа П’янтэдозі будзе два шляхі: ці даць зялёнае святло гэтай рэформе сапраўды гістарычнага значэння, якая, вядома, не аптымальная, але ўсё ж уяўляе сабой значнае паляпшэнне ў параўнанні з цяперашнім становішчам спраў. Іншая опцыя: устаць у позу і сарваць гэтыя планы, перакінуўшыся на бок сабатажнікаў: урадаў Польшчы і Венгрыі, якія ўжо аб’явілі пра тое, што не будуць падтрымліваць пагадненні. Няхай нават па дыяметральна супрацьлеглых прычынах», – адзначае італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя