Агляд прэсы: бяспека важней за самастойнасць



Лукашэнка завяршае ператварэнне ў марыянетку Пуціна. Косава: што адбываецца? Пазнака часу: рост ваенных выдаткаў. Балючыя кропкі турызму ў Грэцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Адзіная памылка» Расеі і Беларусі ў тым, што «краіны не вырашылі пытанне з Украінай у 2014-2015 гадах, калі ва Украіны не было войска і яна не была падрыхтавана», – заявіў беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка. «У 2014 годзе Расея незаконна ўварвалася ў Крым і анексавала яго ва Украіны, а баевікі, якія падтрымліваюцца Крамлём, захапілі тэрыторыю ва ўсходняй Украіне», – камэнтуе сітуацыю еўрапейскае выданне Politico.eu.

«Каментарыі Лукашэнкі сведчаць пра тое, што Лукашэнка цалкам прыняў сваё ператварэнне ў марыянетку прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. За амаль тры дзесяцігоддзі знаходжання ва ўладзе ў Лукашэнкі былі адносіны любові і нянавісці з Пуціным. Але пасля таго, як Крэмль дапамог яму спыніць масавыя вулічныя пратэсты пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, беларускі дыктатар пайшоў ва-банк на Пуціна, дапамагаючы Маскве пачаць поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну ў лютым 2022 года і пагадзіўшыся размясціць расейскую ядзерную зброю на зямлі сваёй краіны. Далей Лукашэнкам было падкрэслена, што калі б вайна не пачалася ў мінулым годзе, «яна б пачалася заўтра, але ў горшых умовах для Расеі і Беларусі», – піша еўрапейскае выданне.

***

НАТА павялічвае свой кантынгент у Косава. Падраздзяленні СДК (Сілы для Косава) знаходзяцца там з 1999 года. Прычынай гэтага рашэння паслужылі беспарадкі, якія здарыліся ў рэгіёне за апошнія дні. Месяц таму ў Косава адбыліся муніцыпальныя выбары, аднак большасць этнічных сербаў, якія пражываюць на поўначы краіны, іх праігнаравала. У выніку кіраўнікамі мясцовых адміністрацый былі абраныя прадстаўнікі албанскай абшчыны – толькі невялікай колькасцю галасоў. Еўрапейская прэса сумняваецца ў тым, што сітуацыя супакоіцца без умяшання звонку. «Рашэнне аб пашырэнні воінскага кантынгенту СДК – дакладны крок», – выказвае сваю ўхвалу жэнеўская газета Le Temps.

«Па заканчэнні вайны ў 1999 годзе гэтая тэрыторыя, населеная сербскай меншасцю, стала арэнай напружанасці. Нараўне з Босніяй яна стала сімвалам няздольнасці загаіць раны, нанесеныя югаслаўскімі войнамі. Гэтыя канфлікты сфарміравалі цэлае пакаленне еўрапейцаў яшчэ задоўга да вайны з Украінай. Падобна, зараз ЗША поўныя рашучасці прадухіліць магчымую эскалацыю, зноў узяўшы на сябе большы кантроль над пытаннямі бяспекі. Па-за ўсякім сумневам гэта – добрая навіна для рэгіёну, нават калі такі крок і будзе азначаць падаўжэнне апякунства над Косава», – канстатуе швейцарскае выданне.

***

Францыя плануе павышэнне расходаў на ваенныя патрэбы на 40 працэнтаў. У Даніі на гэтым тыдні таксама прынятае рашэнне аб павелічэнні абароннага бюджэту, а Еўрапейскі парламент ухваліў выдзяленне 500 мільёнаў еўра на вытворчасць боепрыпасаў. Германія яшчэ ў сакавіку 2022 года аб’явіла аб выдзяленні на патрэбы бундэсвера дадатковых ста мільярдаў еўра – у якасці рэакцыі на вайну, распачатую Расеяй супраць Украіны. Еўрапейская прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі наконт гэтай тэндэнцыі. «Абаронны бюджэт павінен паслужыць узорам для бюджэтаў і ў іншых сферах», – лічыць дацкая газета Politiken.

«Планы выдаткаў на абарону – гэта непазбежны адказ на вайну ў Еўропе. Можна толькі пахваліць урад за яго рашучы падыход да пытання ўмацавання абароны. Аднак там, дзе гаворка ідзе аб самым значным і вострым крызісе сучаснасці, там у Мэці Фрэдэрыксен рука не такая моцная. Гаворка ідзе пра клімат. Чаму ўрад не плануе выдзеліць да 2030 года на абарону клімату параўнальныя сумы, пры дапамозе якіх можна было б дасягнуць значных зрухаў? У рэшце рэшт, усе эканамічныя перадумовы для гэтага ў наяўнасці. Урад забывае аб тым, што кліматычная палітыка ёсць і палітыкай бяспекі», – заўважае дацкае выданне.

***

Нарастаючы вал турызму цягне за сабой мноства разнастайных праблем для грэцкага грамадства: высокая арэндная плата, выцясненне мясцовага гандлю, знішчэнне традыцыйных промыслаў, знікненне адчувальных біятопаў. Попыт на адпачынак, здаецца, не ведае межаў, а турызм з’яўляецца ключавой галіной эканомікі краіны. Але наколькі дапушчальна дазваляць, каб турызм праймаў сабой усё і ўся, і незваротна змяняў трывалыя структуры? СМІ занепакоеныя тым, што кропка невяртання ўжо дасягнута. Пірэйская газета Kathimerini з трывогай назірае за тым, якімі наступствамі абарочваецца для краіны вал масавага турызму.

«Як пазбегнуць гамагенізацыі, якая разбурае тое асаблівае, што адрознівае той ці іншы горад? Як гарантаваць тое, што не паўторыцца феномен Барселоны і што моладзь і сем’і змогуць жыць у Афінах? Як справіцца з транспартнай праблемай, якая працягвае абвастрацца? Усё гэта патрабуе прадбачання, даследавання, планавання і своечасовага прадухілення. У свой час мы выйгралі заклад. Горад ажыў, калі ўсе думалі, што ён ужо ператварыўся ў зомбі. Наступны выклік складаецца ў тым, каб зараз мяняць горад – паступова, асцярожна і з улікам планавання», – заклікае грэчаская газета.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.