Агляд прэсы: Час даць адпор



Беларусь у «топе» тэмаў НАТА. Напярэдадні саміту НАТА ў Вільні: чым і як дапамагчы Украіне. У Нідэрландах кіруючая кааліцыя спатыкнулася аб пытанне пра мігрантаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Вайна Расеі ва Украіне стане галоўным у парадку дня, калі прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і яго калегі з НАТА правядуць саміт у сталіцы Літвы на працягу двух дзён, пачынаючы з аўторка. Не абмінуць увагай і Беларусь», – піша амерыканская газета The Washington Times.

„Самы вялікі пункт парадку дня НАТА — што рабіць з Украінай. Чакаецца, што яны засяродзяцца на забеспячэнні падтрымкі Украіны, як яшчэ больш наблізіць краіну да НАТА без фактычнага ўступлення, і на гарантыях бяспекі, якія могуць спатрэбіцца Кіеву, каб гарантаваць, што Расея не ўварвецца зноў пасля заканчэння вайны. Лідары на сустрэчы ў Вільні маюць намер ухваліць новыя планы абароны на выпадак, калі Пуцін паспрабуе пашырыць вайну Масквы за межы Украіны і на захад, на тэрыторыю саюзнікаў. Далучэнне Швецыі да альянсу з 31 краіны таксама абмяркоўваецца, паколькі Турцыя адкладае ўступленне скандынаўскай краіны ў найбуйнейшую ў свеце арганізацыю бяспекі. НАТА пакуль не гатовае пачаць перамовы аб сяброўстве з Украінай. Але ў рамках саміту будзе створаны новы форум для кансультацый – Рада НАТА-Украіна. Таксама НАТА спадзяецца, што Беларусь, блізкі сусед Літвы і галоўны апорнік Расеі, не будзе гуляць нечаканую ролю ў саміце або вайне ва Украіне. Беларусь знаходзіцца ўсяго ў 35 кіламетрах (22 мілі) ад Вільні. Там схаваўся лідэр наймітаў ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын. Ніхто не ведае, колькі яго байцоў могуць далучыцца да яго. Лукашэнка ў мінулым месяцы таксама заявіў, што яго краіна атрымала расейскую тактычную ядзерную зброю. Ён папярэджвае, што загадае выкарыстоўваць іх для абароны сваёй краіны. Прадстаўнікі НАТА лічаць, што ён блефуе. Але цалкам магчыма, што Пуцін зноў вернецца да бразгання ядзернай зброяй, калі лідары збяруцца ў Вільні», – папярэджвае амерыканскае выданне.

Напярэдадні саміту НАТА, які адбудзецца ў аўторак і сераду ў сталіцы Літвы Вільні, цэнтральным застаецца пытанне пра тое, якім менавіта чынам альянс мог бы ўзмацніць свае гарантыі па бяспецы Украіны. Украіна настойвае на ўступленні ў шэрагі НАТА пасля заканчэння вайны. «Удзельнікам саміту давядзецца ўключыць у парадак дня і кітайскае пытанне», – падкрэслівае італьянскае выданне La Repubblica.

«Неабходна як мага хутчэй выпрацаваць геапалітычную дактрыну, а таксама дактрыну ў галіне палітыкі бяспекі для эфектыўнага супрацьдзеяння памкненням КНР, якія растуць; адкладаць гэта на будучыню проста недапушчальна. Ваенныя пагрозы дэмакратычнаму Кітаю ў асобе Тайваня; «альянс без межаў», змацаваны подпісамі Сі і Пуціна незадоўга да пачатку канфлікту ва Украіне і ніколі імі не адмаўляўся; незаконная акупацыя большай часткі Паўднёва-Кітайскага мора; супрацоўніцтва паміж Кітаем, Расеяй і Іранам у энергетычным, тэхналагічным і ваенным сектарах – такія элементы, якія характарызуюць новы глабальны выклік з боку Пекіна», – падкрэслівае італьянскае выданне.

Пасля доўгіх просьбаў Кіева ЗША пагадзіліся даць Украіне касетныя боепрыпасы: у рамках новага пакета ваеннай дапамогі на агульную суму ў 800 мільёнаў долараў (каля 730 мільёнаў еўра). Касетныя снарады лічацца вельмі спрэчным відам зброі ў сілу таго, што вялікі працэнт іх не выбухае, а застаецца ляжаць на паверхні зямлі і можа выпадкова здэтанаваць праз дзесяцігоддзі. Больш за сто дзяржаў свету забараняюць такія боепрыпасы да прымянення. Як было заяўлена з Вашынгтона, вялікую небяспеку на дадзены момант уяўляе рызыка паўторнага наступу расейскага войска. Аглядальнікі дзеляцца сваімі меркаваннямі. «Касетныя боепрыпасы – гэта вельмі падступная зброя, якая нясе смерць і разбурэнні і на працягу дзесяцігоддзяў пасля заканчэння вайны», – адзначае харвацкая газета Večernji list.

«У Харватыі таксама ёсць свой сумны досвед з такімі боепрыпасамі: з зусім нядаўняга мінулага, а таму нам вядома, што гэтыя снарады ўяўляюць небяспеку для грамадзянскага насельніцтва, паколькі калі зыходзіць з таго, што ад 10 да 40 працэнтаў фрагментаў не разрываюцца, то гэта – дадатковая небяспека для мірных грамадзян. НДА, якія спрабуюць дамагчыся таго, каб такія бомбы і снарады былі забароненыя цалкам, паказваюць на тое, што ў В’етнаме і праз 50 гадоў пасля заканчэння ваенных дзеянняў усё яшчэ знаходзяць бомбы, якія не разарваліся. На думку арганізацыі Human Rights Watch, гібель мірнага насельніцтва ад падобных снарадаў параўнальная з ваенным злачынствам», – адзначае харвацкае выданне.

Прэм’ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ аб’явіў аб сваёй адстаўцы і роспуску ўрада. Прычынай таму сталі непераадольныя па словах Рутэ разыходжанні паміж чатырма партыямі, што ўваходзяць у кабінет, з нагоды міграцыйнай палітыкі, у прыватнасці па пытанні пра тое, з якога моманту ўцекачы, якія жывуць у краіне, маюць права перавезці ў Галандыю і сваю сям’ю. Увосень у краіне пройдуць датэрміновыя выбары. Бельгійская газета La Libre Belgique піша наступнае.

«Ні адна еўрапейская краіна не можа далей ігнараваць таго факту, што перад намі – велізарная і складаная задача, з якой трэба будзе нейкім чынам справіцца. Неабходна не толькі правільна кантраляваць працэсы іміграцыі, але і значна больш прадумана і інклюзіўна ажыццяўляць інтэграцыю мігрантаў у грамадства, чым гэта робіцца цяпер. Экстрэмісцкія партыі святкуюць адну перамогу за другой, заяўляючы людзям, што магчыма прама супрацьлеглае, а менавіта: проста перакрыць міграцыйныя плыні. І гэта – небяспечнае спрашчэнне. У інтарэсах Еўразвяза зрабіць міграцыю сваім галоўным прыярытэтам: з этычных, сацыяльных і эканамічных меркаванняў. Калі гэтага не адбудзецца, то хмары над палітычным ландшафтам будуць згушчацца ўсё больш і больш», – падкрэслівае бельгійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя