Агляд прэсы: час панізіць статус
Расея стала старшынёй Савета Бяспекі ААН. У Фінляндыі урад Санны Марын прайграў выбары. Абвінавачванні супраць Трампа. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Расея размесціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі побач з межамі сваіх саюзнікаў з краінамі NATO, заявіў расейскі прадстаўнік у Менску, у мэтах узмацнення напружанасці ў адносінах з Захадам», – паведамляе бразільская газета The Rio Times.
«Амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў заявіў у нядзелю ўвечары, што зброя будзе перакінутая да заходняй мяжы краіны ў рамках мерапрыемстваў па «забеспячэнню бяспекі». Грызлоў паведаміў, што сховішча будзе завершана да 1 ліпеня, не ўдакладніўшы, дзе менавіта будзе размешчана зброя. Беларусь мяжуе з Літвой, Латвіяй і Польшчай, усе члены НАТА, ваеннага альянсу, першапачаткова створанага, каб спыніць савецкую экспансію ў Еўропу пасля Другой сусветнай вайны. НАТА павялічыў колькасьць сваіх войскаў, размешчаных у Эстоніі, Латвіі, Літве і Польшчы, амаль у дзесяць разоў пасля таго, як Расея ўварвалася ва Ўкраіну ў лютым мінулага году. Лукашэнка, адзін з бліжэйшых саюзнікаў Пуціна, заявіў, што частка расейскай стратэгічнай ядзернай зброі можа быць размешчана на тэрыторыі яго краіны разам з пазіцыяй у тактычным ядзерным арсенале Расеі. Тактычная ядзерная зброя мае меншы радыус дзеяння і меншую магутнасць, чым стратэгічная ядзерная зброя, і прызначана для абмежаваных нападаў на поле бою», – адзначае бразільскае выданне.
1 красавіка старшынства ў Савеце Бяспекі ААН перайшло да Расеі. Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба назваў гэта «плявузгай міжнароднай супольнасці». Еўрапейская прэса таксама абураная тым, што Расея, будучы сталым чальцом Рады Бяспекі і валодаючы ў ім правым вета, займае ў ААН гэтак моцныя пазіцыі. Ці можна з гэтым штосьці зрабіць? «Правільным крокам было б выключэнне Расеі з Рады Бяспекі ААН», – піша нямецкая газета Der Tagesspiegel.
«Ці магчыма гэта? Гэтага павінна захацець міжнародная супольнасць дзяржаў. У любым выпадку, можна паставіць пад сумнеў сяброўства Расеі ў Радзе Бяспекі ААН, і прывесці ў якасці доваду той аргумент, што Расею туды насамрэч ніхто ніколі і не абіраў. Пасля распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе Расея проста села на яго месца. Гэта сумнеўны статус, а такі статус не павінен быць недатыкальным у ААН. У канчатковым выніку, Расея дзейнічае ўразрэз з прынцыпамі падтрымання міру на планеце і парушае свае ўласныя абавязанні ў якасці сталага чальца гэтага органа», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Нягледзячы на папулярнасць свайго лідэра – дзейнага прэм’ер-міністра Санны Марын – кабінет пад кіраўніцтвам сацыял-дэмакратаў прайграў на парламенцкіх выбарах у краіне. Сацыял-дэмакраты занялі трэцяе месца, саступіўшы правапапулісцкай партыі Сапраўдныя фіны. Пераможцам выбараў стала Нацыянальная кааліцыйная партыя. Яе старшыня Петэры Орпа зойме пасаду прэм’ер-міністра, калі здолее знайсці партнёраў для стварэння кааліцыі. «Процілеглыя пазіцыі партый па пытаннях фінансавай палітыкі відавочна ўскладняць фармаванне ўрадавай кааліцыі», – тлумачыць фінская газета Turun Sanomat.
«Існуюць сур’ёзныя рознагалоссі наконт высноваў, якія варта зрабіць. Правыя патрабуюць карэкціровачных мер, а левыя выступаюць супраць скарачэння сацыяльнага забеспячэння і сацыяльных дапамог. Палітычная вясна трымае ўсіх нас у напружанні, паколькі чакаюцца нялёгкія перамовы па пытаннях фармавання ўрада. Ні адна з партый не можа пахваліцца мандатам з пераважнай большасцю галасоў, і прынамсі двум з трох асноўных партый давядзецца знайсці кансэнсус пасля заканчэння выбараў. Партыі ўжо выключылі некаторых патэнцыйных партнёраў па фармаванні ўрада, а таму варыянтаў застаецца ўсё менш», – папярэджвае фінскае выданне.
У адносінах Дональда Трампа будзе выстаўлена крымінальнае абвінавачанне. Ён стане першым экс-прэзідэнтам ЗША, які паўстане перад судом у якасці абвінавачанага на крымінальным працэсе. Трамп абвінавачваецца ў выплаце порнаакторцы Стормі Дэніэлс адступных за маўчанне, а таксама ў афармленні гэтых грошай у якасці судовых выдаткаў, гэта значыць фальсіфікацыі фінансавай дакументацыі. Размова ідзе і пра тое, што выплаты могуць разглядацца як нелегальнае фінансаванне выбарчай кампаніі. Акруговая пракуратура Манхэтэна мае намер у аўторак выклікаць Трампа і зачытаць яму пункты абвінавачання. «Няма ніякай гарантыі таго, што судовы працэс па гэтай справе рэальна нашкодзіць Трампу і будзе каштаваць яму падтрымкі прыхільнікаў», – піша брытанскі часопіс The Economist.
«Калі нехта мяркуе, што нарэшце надышоў момант, калі Трамп атрымае належнае яму пакаранне, то ён будзе жорстка расчараваны. Калі ўжо і пачынаць крымінальную вытворчасць у дачыненні да Трампа, то па абвінавачанні, якое нельга будзе выставіць простай тэхнічнай фармальнасцю. Гэта павінна быць сфера, у якой палажэнні заканадаўства з’яўляюцца выразнымі і адназначнымі. Рашэнне манхэтэнскай пракуратуры пачаць працэс па дадзенай справе можа аказацца памылкай!», – падкрэслівае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя