Агляд прэсы: час рашучых дзеянняў
Досыць, Валодзя! Вакцына ўсім сябрам. Лёс прабеларускай кінастудыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Еўрапеская прэса пачала дзяліцца першымі ўражаннямі пасля таго, як было абвешчана аб накіраванні расейскай Нацыянальнай гвардыі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала адпаведнае пагадненне аб супрацоўніцтве, дзе размова ідзе аб навучанні і сумесных вучэннях беларускіх сілавікоў і расейскіх нацгвардзейцаў.
Даволі сядзець склаўшы рукі! – настойвае швейцарская газета Tages-Anzeiger. Выданне папракае ЕЗ у тым, што той занадта далікатнічае з Лукашэнкам. «Брусэль з вялікай неахвотай ўвёў пару санкцый і думаў галоўным чынам пра тое, каб не раздражняць Маскву. Крэмль ужо даўно папракае Захад у тым, што той ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі, але пры гэтым Масква сама штучна падаўжае знаходжанне дыктатара Лукашэнкі ва ўладзе,» – называе сваімі словамі рэчы журналіст Сілкэ Бігалкэ.
Стары аргумент пра тое, што трэба дазволіць беларусам самім вырашаць свае канфлікты, відавочна, ужо не працуе. ЕЗ можа дзейнічаць больш рашуча ды ўвесці санкцыі супраць большай колькасці прадпрыемстваў і бізнесменаў, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Брусэль мог бы ўзмацніць сваю падтрымку праваабаронцаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці – і куды больш выразна прадэманстраваць праціўнікам рэжыму, на чыім баку ён стаіць. «Паралізуючае пачуццё бездапаможнасці не павінна ўкараніцца – ні ў дварах Менску, ні ў брусэльскіх палацах,» – заклікае газета Tages-Anzeiger.
Абраны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пасля ўступлення на пасаду не будзе дамагацца зручных стасункаў з расейскім лідарам Уладзімірам Пуціным, лічыць брытанскае выданне The Times. «У адрозненне ад Джорджа Буша ці Барака Абамы, Джо Байдэн ясна даў зразумець, што не збіраецца спрабаваць дабівацца прыязні Пуціна», – адзначаецца ў матэрыяле. Выданне таксама адзначае асаблівае стаўленне да Пуціна дзеючага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
«Слабое месца Трампа ў адносінах да Пуціна стварыла дадатковую нагрузку на ўвесь апарат абароны і бяспекі ЗША. У адрозненне ад Трампа, Байдэн лічыць, што Расея ўмяшалася ў выбары 2016 года і прыклала ўсе намаганні, каб зрабіць тое ж самае ў мінулым месяцы », – падкрэслівае The Times.
Першая вакцына ад Covid-19 атрымала ўмоўны допуск, і з 27 снежня ў краінах ЕЗ пачынаецца масавая вакцынацыя. „Мы адкрываем новую главу ў справе барацьбы з Covid-19”, – заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен. Еўрапейская прэса з радасцю сустрэла такую заяву: Сяброўства ў ЕЗ таго варта. Харвацкая газета Večernji list падкрэслівае, што пандэмія наглядна прадэманстравала ўсе плюсы прыналежнасці да еўрапейскай супольнасці. «У самым пачатку гэта было Аб’яднанне вугалю і сталі, з якога пасля нарадзіўся Еўрапейскі звяз. ЕЗ новага пакалення будзе трымацца на іншай злучальнай тканіны, чым вугаль і сталь, а менавіта – на супольна распрацаванай і размеркаванай вакцыне ад каронавірусу, а таксама на фінансавым пакеце дапамогі для аднаўлення пасля каронакрызісу,» – адзначае журналіст Томіслаў Краснец. Размова ідзе пра мажлівасці для краінаў, калі ў разгар крызісу ніхто не павінен «застацца стаяць з працягнутай рукой».
Газета Večernji list сумняецца, што Харватыя атрымала б значную колькасць доз вакцыны, не будучы сябрам ЕЗ. Не кажучы ўжо пра фінансавую дапамогу з фонду аднаўлення эканомікі ад наступстваў каронакрызісу. «Такім чынам, Харватыя толькі выйграе ад сяброўства ў супольнасці», – падсумоўвае выданне.
Амерыканская газета The Wall Street Journal авбмяркоўвае заяву кінакампаніі MGM Holdings аб тым, што апошняя выстаўляе на продаж кінастудыю Metro-Goldwyn-Mayer. У Беларусі гэта кінакампанія вядома перш за ўсё тым, што стваральнік знакамітай амерыканскай студыі «Metro-Goldwyn-Mayer» Лазар Маер родам з Менску. Выданне удакладняе, што кампанія пачала афармляць працэс продажу сумесна з інвестыцыйнымі банкамі Morgan Stanley і LionTree LLC. Пры гэтым эксперты ацэньваюць кошт кінастудыі ў $ 5,5 млрд. Адзначаецца, што MGM Holdings ужо даўно спрабуе прадаць Metro-Goldwyn-Mayer, аднак карпарацыя ніяк не магла прыйсці да пагаднення па цане з пакупнікамі. Так, у 2018 годзе прадстаўнікі кампаніі вялі працяглыя перамовы з Apple. А ў 2020 годзе кінакампаніі быў нанесены ўдар па дзелавой рэпутацыі ў сувязі з тым, што супраць галівудскага топ-мэнэджара MGM падалі пазоў аб сэксуальным гвалце.
Беларускае Радыё Рацыя