Агляд прэсы: час выбіраць



Еўразвяз заклікае да «цвёрдага» кантролю Польшчы на мяжы з Беларуссю. Вайна ва Украіне: пушчана ў ход дыпламатыя? Парыж і Лондан дамовіліся ўзмацніць кантроль у Ла-Маншы. Хаос на крыптавалютных біржах. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Мёртвае цела ў замярзаючай рацэ, траўмы хрыбетніка пасля падзення са сцяны, цяжарная жанчына, якую пакаралі збіццём пасля таго, як яе прымусілі вярнуцца — вось што адбываецца на ўсходняй мяжы ЕЗ, калі Еўракамісія заклікае да «цвёрдага» падыходу Польшчы», – паведамляе еўрапейскае выданне Euobserver.

«Цела суданца Сідзіга Мусы Хаміда Эйсы было знойдзена ў рацэ Сьвіслач у Польшчы 25-га кастрычніка, што павялічыла колькасьць задакументаваных гібеляў на беларускім шляху міграцыі за апошнія 14 месяцаў да 27 чалавек. Але іх магло быць нашмат больш, улічваючы, што 186 чалавек, якія спрабавалі перайсці, прапалі без вестак. Польшча пабудавала агароджу коштам 320 мільёнаў еўра, вышынёй 5,5 метраў і даўжынёй 180 км, каб спыніць мігрантаў пасля таго, як у мінулым годзе Беларусь прывезла дзесяткі тысяч людзей і прымусіла іх пераехаць у суседнія краіны ЕЗ, каб выклікаць праблемы. Але людзі ўсё яшчэ прыходзяць, і ўсё больш, нягледзячы на рызыку няшчасных выпадкаў, пераахаладжэння або гвалту. Кошт пытання ад 1000 да 6000 эўра для пасярэднікаў з Расеі», – піша еўрапейскае выданне.

***

Упершыню з пачатку расейскай агрэсіі ва Украіне адбылася сустрэча кіраўніка ЦРУ Уільяма Бёрнса і дырэктара Службы знешняй выведкі РФ Сяргея Нарышкіна. Сустрэча прайшла ў Анкары, і размова на ёй ішла аб прадухіленні ядзернай вайны. «Пакуль погляды ўсяго свету прыкаваныя да Балі, у Анкары падчас сустрэчы кіраўніка ЦРУ Біла Бернса з дырэктарам СВР РФ Сяргеем Нарышкіным адбылася размова стагоддзя», – такое меркаванне выказвае італьянская газета La Repubblica.

«Бёрнс – давераная асоба Байдэна для няпростых місій, і прэзідэнт разлічвае на яго ў тых выпадках, калі з’яўляецца неабходнасць у альтэрнатыве афіцыйнай дыпламатыі ў асобе дзяржсакратара Энтані Блінкена. З 2005 па 2008 год Бёрнс быў амбасадарам у Маскве, дзе ён да гэтага працаваў дарадцам амбасады. Ён свабодна размаўляе па-руску і вельмі добра ведае Пуціна. Таму ён і стаў тым чалавекам, на якога была ўскладзена задача данесці да Нарышкіна (аднаго з нямногіх, каму давярае расейскі цар) дакладнае і недвухсэнсоўнае папярэджанне: нават не думайце ўжываць тактычную ядзерную бомбу, інакш мы вас знішчым», – падкрэслівае італьянскае выданне.

***

Урады Францыі і Вялікабрытаніі заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве, накіраванае на зніжэнне колькасці мігрантаў, якія спрабуюць пераправіцца праз Ла-Манш. З боку Францыя патруляванне будуць ажыццяўляць 300 супрацоўнікаў, а не 200, як планавалася першапачаткова. Узамен Вялікабрытанія будзе штогод выплачваць Францыі 63 мільёны фунтаў стэрлінгаў (каля 72 мільёнаў еўра) – замест ранейшых 55 мільёнаў. «У дасягнутай дамове маюцца каласальныя недахопы», – з такой крытыкай выступае брытанская газета The Times.

«Так, брытанскія супрацоўнікі службы бяспекі не будуць патруляваць французскае ўзбярэжжа, то бок гэтае патрабаванне брытанскага ўрада выканана не будзе. Мігранты, якія ўехалі ў Вялікабрытанію з Францыі з неабгрунтаванымі хадайніцтвамі аб прадастаўленні прытулку, не будуць дасылацца назад у Францыю. Акрамя таго, зусім не былі ўзгоднены бяспечныя гуманітарныя маршруты для тых, чые заявы былі задаволены. І акрамя расплывістага абяцання зрабіць парты больш бяспечнымі, не прасочваецца ніякай стратэгіі адносна таго, што рабіць з ростам патоку мігрантаў, якія перасякаюць Ла-Манш іншымі шляхамі,да прыкладу, у кантэйнеры або кузаве грузавіка», – адзначае брытанскае выданне.

***

Крах крыптавалютнай біржы, заснаванай Сэмам Бэнкманам-Фрыдам, выклікаў шокавую рэакцыю ва ўсім крыптавалютным сектары. Курсы крыптавалют прасядаюць адзін за адным. Ведамствы на Багамах, дзе была зарэгістраваная біржа, праводзяць праверку па падазрэнні ў крадзяжы сродкаў. Пагаворваюць таксама аб хакерскіх нападах, падчас якіх таксама маглі быць скрадзеныя велізарныя сумы грошай. СМІ задаюцца пытаннем, як усё гэта магло адбыцца. «Крах крыптавалютнай біржы FTX наглядна праілюстраваў усе заганы гэтай галіны», – адзначае швейцарская газета Wiener Zeitung.

«Мала таго, што FTX збанкрутавала – памнажаюцца прыкметы таго, што мела месца махлярства рэкордных маштабаў. Наглядныя органы працуюць над тым, каб праліць святло на гэтую надзвычай заблытаную справу. Пры гэтым крах FTX выпадак далёка не адзінкавы; спіс сумнеўных крыптавалют становіцца ўсё даўжэй і даўжэй. Крыптасцэна адрозніваецца тым, што на ёй празмерную ролю гуляюць самыя розныя «гуру-ўсезнайкі». Для паўнаты карціны дададзім часам відавочную адсутнасць фінансавай і структурнай празрыстасці. Неабходна неадкладна ўзмацніць кантроль у вышэйназванай сферы, у адваротным выпадку бясследна знікнуць шматлікія цікавыя аспекты гэтай ужо не гэтак новай тэхналогіі, як гэта здарылася са станам Брэнкмана-Фрыда», – папярэджвае швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.