Агляд прэсы: Час вызначыцца



Эстонія накіравала трэцюю ратацыю паліцыі на латвійска-беларускую мяжу. Вайна на Блізкім Усходзе: Еўропа пад ціскам. Што пасля ХАМАС? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У чацвер трэцяя група падраздзялення ESTPOL8 Дэпартамента паліцыі і памежнай аховы Эстоніі пачала працаваць у Латвіі, каб дапамагчы паўднёвым суседзям у кантролі за нелегальнай міграцыяй на латвійска-беларускай мяжы», – паведамляе эстонскае выданнеPostimees.

«Трэцяе паліцэйскае падраздзяленне налічвае 12 чалавек. Задача трэцяй ратацыі — удзел у наземным патруляванні, назіранні з беспілотнікаў і маніторынгу сітуацыі на мяжы Латвіі і Беларусі. Працягласць задання – два тыдні. Дырэктар памежнай аховы Эстоніі Вейка Каммусаар заявіў, што Эстонія працягвае падтрымліваць сваіх паўднёвых суседзяў, бо латвійскае памежнае ведамства папрасіла Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы пашырыць дапамогу на латвійска-беларускай мяжы. Першыя дзве ратацыі ESTPOL8 зрабілі вельмі добрую працу на працягу месяца. На жаль, можна заўважыць, што міграцыйны ціск з Беларусі ў Латвію працягваецца, таму Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы вырашыў падтрымаць латвійскую памежную службу ў стрымліванні нелегальнай іміграцыі трэцім паліцэйскім падраздзяленнем. Трэцяе падраздзяленне, якое ўжо пачало працу, будзе працягваць, як і папярэднія, прадухіленне нелегальнай іміграцыі ў краіны Еўразвяза з Беларусі», – падкрэслівае эстонскае выданне.

***

На фоне нападу ісламістаў ХАМАС на Ізраіль і зваротных дзеянняў ізраільскай арміі многія асцерагаюцца эскалацыі ў рэгіёне. Ад Еўразвяза чакаюць выразнай, яснай і дакладнай пазіцыі. Артыкулы ў еўрапейскай прэсе сведчаць пра тое, што і Брусель, і асобныя краіны Еўразвяза сутыкнуліся з вельмі сур’ёзнымі выклікамі. У сваім артыкуле турынская газета La Stampa выказвае меркаванне, што ёсць толькі адно выйсце з сітуацыі.

«Сёння ўжо было б упэўненасцю меркаваць, што пасля нападу ХАМАС і рэакцыі Ізраіля можна, не рызыкуючы некантралюемым пашырэннем вайны, адкладаць адзіна магчымае рашэнне, а менавіта стварэнне рэальнай палестынскай дзяржавы на тэрыторыях, якія ўжо пазначаныя ў рэзалюцыях ААН, але якія Ізраіль яшчэ працягвае акупаваць – у абмен на дакладнае і адназначнае прызнанне дзяржавы Ізраіль. Менавіта такім чынам і можна было б абараніць сам Ізраіль, але зусім не безумоўнай і некрытычнай падтрымкай яго ўрадаў ва ўсіх іх пачынаннях», – адзначае італьянскае выданне.

***

Пасля крывавага тэрарыстычнага нападу ісламістаў ХАМАС на Ізраіль еўрапейскія СМІ па большай частцы адзіныя ў тым меркаванні, што пакуль гэтая ўзброеная групоўка кантралюе сектар Газа, ніякага міру паміж ізраільцянамі і палестынцамі не будзе. Аднак зразумела і тое, што ў сілу надзвычай шчыльнай забудовы гэтай тэрыторыі яе немагчыма вызваліць ад хамасаўцаў без таго, што будзе закранута таксама і вялікая колькасць грамадзянскіх асоб. «Ізраіль павінен пагадзіцца на рашэнне аб стварэнні дзвюх дзяржаў», – лічыць тамперская газета Aamulehti.

«У адзін цудоўны дзень Ізраілю давядзецца весці перамовы з ХАМАС. Пытанне ў тым, хто ўзначаліць кіраванне ў сектары Газа пасля заканчэння вайны. Гэта будзе альбо ХАМАС, альбо адноўленая Палестынская нацыянальная адміністрацыя. Абодва варыянты запатрабуюць ад Ізраіля адназначнай згоды на тое, што рашэнне аб дзвюх дзяржавах – гэта значыць стварэнне суверэннай дзяржавы палестынцаў як суседняй з Ізраілем – у прынцыпе магчыма хаця б у нейкай пэўнай перспектыве. Без гэтай згоды вір гвалту на Блізкім Усходзе здольны сціхнуць толькі на кароткі час. Калі Ізраілю пажаданы больш стабільны мір у рэгіёне, то яму давядзецца пагадзіцца на рашэнне аб стварэнні дзвюх дзяржаў», – нагадвае фінскае выданне.

***

Пасля доўгіх спрэчак міністры энергетыкі краін ЕЗ дамовіліся аб рэформе энергетычнага рынку. Асноўны пункт рэформы заключаецца ў тым, што вытворцы электраэнергіі, якія не выкарыстоўваюць для гэтых мэт выкапнёвыя віды паліва, будуць атрымліваць субсідыі ў тым выпадку, калі цэны на сусветных рынках будуць падаць ніжэй за вызначаны паказнік. Гэтае новаўвядзенне распаўсюдзіцца і на атамную энергетыку, што працяглы час заставалася каменем спатыкнення. У выпадку высокіх цэн на рынках вытворцы будуць аддаваць лішкі дзяржаве. Па меркаванні мюнхенскай газета Süddeutsche Zeitung, такая рэформа – вялікі крок наперад.

«Гэта – важны крок у плане паскарэння энергетычнага пераходу і больш эфектыўнай барацьбы з ваганнямі коштаў на энерганосьбіты. Дзякуючы новаўвядзенню ў спажыўцоў будзе больш свабоды выбару, і яны будуць лепш абаронены. Рэформа не зможа ўхіліць цэнавы фактар на электраэнергію як рухаючую сілу інфляцыі, але вызначана запаволіць іх рост. Няхай гэта і не прадухіліць цэнавыя шокі, але, напэўна, дапаможа хаця б змякчыць іх. І замест таго, каб у крызіснай сітуацыі кожная краіна ЕЗ вынаходзіла свае ўласныя механізмы для тармажэння росту цэн на электраэнергію для хатніх гаспадарак і прамысловасці, у будучыні для ўсіх дзяржаў Еўразвяза будзе створана абавязковая структура, у рамках якой яны змогуць субсідаваць выдаткі на энергію і энергетычны пераход», – піша нямецкае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя