Агляд прэсы: часовая раўнавага
Застаецца толькі дыпламатыя. Для дыктатуры і цэлага свету мала. «Тармазны шлях» рэжыму. «Двух зайцоў» адной вакцынай. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung прыводзіць словы галоўнага дыпламата ЕЗ Жазэпа Барэля: «Нам нельга штурхаць Беларусь у абдымкі Масквы». У сваім інтэрв’ю выданню Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі тлумачыць, чаму ў многіх крызісах Еўропа не выкарыстоўвае сваіх магчымасцяў.
«Мы ўвялі тры пакеты санкцый, але я гэтым хваліцца не хачу, бо не думаю, што такімі мерамі можна шмат чаго дасягнуць», – распавядае Жазэп Барэль журналісту Томасу Гутшкеру.
На пытанне газеты Frankfurter Allgemeine Zeitung: «Што яшчэ можа зрабіць Еўропа, каб паўплываць на такія краіны, як Беларусь?», Барэль адзначае, што з Беларуссю ў Еўропы няма цесных эканамічных сувязяў, то варыянтаў няшмат. «Мы ж не можам пакараць усё насельніцтва або пачаць вайну. Таму застаецца толькі дыпламатыя. Мы скарацілі кантакты з гэтым рэжымам. Але тут нельга перашчыраваць, каб не штурхнуць Беларусь у абдымкі Масквы», – засцерагае Барэль і запэўнівае ў далейшай падтрымцы грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі.
«Мы робім, што можам. Мы дапамагаем ім фінансамі – прыблізна так жа, як дэмакратычныя сілы пры Франку атрымлівалі дапамогу ад сваіх палітычных сяброў з-за мяжы», – цытуе Барэля Frankfurter Allgemeine Zeitung.
Амерыканскі часопіс The Atlantic адзначае, як змянілася Святлана Ціханоўская за час знаходжання ў палітычным выгнанні. У артыкуле «Я веру, што ЗША могуць стаць важным гульцом» падкрэсліваецца, што зараз свае надзеі Ціханоўская ўскладае не на Еўропу, а на Злучаныя Штаты. Хаця Вашынгтон асуджае парушэнні правоў чалавека рэжымам у Беларусі і ўводзіць санкцыі супраць яго саюзнікаў, рэакцыя з боку Белага дома Трампа вельмі прыглушаная. Але яго пераемнік на пасадзе прэзідэнта ўжо паабяцаў усё змяніць.
«Мы сапраўды спадзяёмся на Байдэна», – кажа Ціханоўская, адзначыўшы, што перш за ўсё яна папросіць яго аказаць яшчэ большае эканамічны ціск (на гэты раз, на дзелавыя інтарэсы Лукашэнкі), даць фінансавую дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці і падтрымаць расследаванні злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі ў адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі (што ўжо робіцца ў Літве).
«Каб Беларусь змагла выгнаць апошняга дыктатара Еўропы, свет павінен стаць больш адважным», – падсумоўвае часопіс The Atlantic.
Выданне Аljazeera прысвяціла агляд абвяшчэнню ў Беларусі Усебеларускага народнага сходу ў межах плана рэформаў і наборы «дэлегатаў». Пры гэтым адзначаецца, што крытыкі рэжыму па-ранейшаму ставяцца скептычна да такіх крокаў Лукашэнкі.
Прынамсі Аljazeera цытуе палітолага Аляксандра Класкоўскага: «Не выключаю, што Лукашэнка паспрабуе пры дапамозе Усебеларускага народнага сходу сабатаваць канстытуцыйную рэформу, якую ён паабяцаў Крамлю ў верасні». Узгадваецца таксама, што падчас сустрэчы ў верасні Пуцін публічна заклікаў Лукашэнку весці дыялог з супрацьлеглымі сіламі ў Беларусі. Тым не менш, Усебеларускі народны сход не з’яўляецца афіцыйным выбарным органам, здольным такі дыялог пачаць.
З гэтай прычыны палітычныя апаненты Лукашэнкі, найбольш вядомыя з якіх апынуліся за кратамі альбо вымушаны былі з’ехаць з краіны, ацэньваюць захады Лукашэнкі як тармазную тактыку, якая дапамагае рэжыму вынішчаць акцыі пратэсту.
Французскае выданне Atlantico прысвяціў матэрыял штогадоваму прагнозу банка з Даніі Saxo Bank на 2021 год.
Паводле аўтара матэрыялу Жак-Марка Сільвестра, вакцына ад каронавірусу зможа парадзіць інфляцыю. Тая нанясе свой удар па рэнце і актывах. У адказ рэакцыя цэнтрабанкаў у выглядзе павышэння ставак стане штуршком для цэлага ланцугу дэфолтаў.
Падобная інфляцыя адаб’ецца на курсах валюты і будзе садзейнічаць попыту на каштоўныя і рэдкія металы. Прынамсі прагназуецца рост кошту на срэбра з-за з’яўлення новых рынкаў збыту.
Выданне Atlantico канстатуе і наступленне вялікага прагрэсу ў прэвентыўнай медыцыне. Вакцына ад каронавірусу па сваім прынцыпе мала чым адрозніваецца ад лекавання раку. Таму масы капіталаў, якія змагаюцца з Covid-19, паралельна дазволяць здзейсніць у барацьбе з ракам велізарны скачок, параўнальны з тым, які быў выкліканы вакцынамі і антыбіётыкамі ў ХХ стагоддзі.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка