Агляд прэсы: чацвёртая вышыня
Беларускі транзыт бежанцаў як зброя гібрыднай вайны. Каму дастанецца Афганістан? Берлінская сцяна: якія раны ўсё яшчэ адчувальныя? Пажары Якуціі даліся ў знакі планеце. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Пасля Летувы надзвычайнае становішча ў сувязі з прытокам мігрантаў праз беларускую мяжу абвясціла і Латвія. Брусэль абвінавачвае Лукашэнку ў тым, што той мэтанакіравана перапраўляе на тэрыторыю ЕЗ грамадзян Іраку з мэтай аказання ціску на Еўразвяз, які ўвёў санкцыі супраць Беларусі. Латвійская мяжа цяпер на замку, аднак, на думку многіх назіральнікаў, гэтага недастаткова.
Латвійская газета Latvijas avīze вітае рашэнне ўладаў увесці надзвычайнае становішча.
«У справакаваным Лукашэнкам міграцыйным крызісе Латвія нават у чымсьці выйграла, паколькі ў нас ужо ёсць эфектыўнае рашэнне. Латвійскім чыноўнікам не трэба ламаць галаву і бегаць па кабінетах з лямантам: «Божа, што рабіць?». Выхад, знойдзены Літвой, ужо прадэманстраваў нам, як трэба дзейнічаць: не заключаць нелегальных мігрантаў пад варту, а проста не пускаць іх у краіну і неадкладна адсылаць назад. І не цягнуць гуму ды месяцамі вызначаць іх невядомыя асобы. Пільны памежны кантроль, вядома, патрабуе рэсурсаў, як кадравых, так і тэхнічных. Але па меншай меры, у нас хаця бы ёсць план!», – заўважае латвійскае выданне.
Прасоўванне Талібану ў Афганістане адбываецца куды больш хуткімі тэмпамі, чым чакалася. У чацвер талібы занялі Герат – трэці па велічыні горад краіны, а ўсяго праз некалькі гадзін і Кандагар – другі па значнасці горад Афганістану. Для забеспячэння эвакуацыі сваіх дыпкорпусаў ЗША і Вялікабрытанія накіравалі ў сталіцу краіны Кабул падраздзяленні вайскоўцаў. Аглядальнікі нарэшце задаліся пытаннем, ці можна спыніць талібаў.
«Трэба правесці абмежаваную ваенную аперацыю і прымусіць талібаў зноў сесці за стол перамоваў», – мяркуе нямецкі часопіс Der Spiegel.
«Для гэтага міжнародныя войскі павінны па зямлі і па паветры ўзвесці загараджальныя вал вакол Кабулу і прылеглых да яго правінцый. Яны павінны паставіць на шляху талібаў эфектыўны заслон, які стрымае іх і які зробіць немагчымым іх прарыў у бліжэйшыя тры або дванаццаць месяцаў. Адзінай разумнай мэтай, на дасягненне якой варта было б працаваць заходнім войскам у Афганістане, гэта заключэнне мірнага пагаднення альбо падзел улады паміж цяперашняй кабульскай элітай і кіраўніцтвам Талібану ў Катары. Гэтая мэта таксама адпавядае логіцы, згодна з якой цяпер самі афганцы павінны ўзяць на сябе адказнасць за сваю краіну», – разважае нямецкае выданне.
«Роўна 60 гадоў таму была пабудаваная Берлінская сцяна. Наколькі сёння мы ўсё яшчэ адчуваем шкоду, нанесеную сацыялізмам, дыктатурай і ізаляцыяй?», – задаецца пытаннем нямецкая газета Die Zeit.
«Будаўніцтва сцены стала пікам тэрору дыктатуры САПГ. Цяпер не толькі асобных людзей пераследвалі, каралі, арыштоўвалі, выкрадалі, прыніжалі, асуджалі, забівалі, каб запалохаць усіх астатніх. Не, цяпер, без лішніх слоў, пад варту ўзялі ўсіх астатніх, каля 17 млн чалавек», – гаворыцца ў артыкуле.
«У разуменні тых, хто іх узводзіць, сцены будуюцца на стагоддзі. У меншай ступені абмяркоўваецца пытанне аб тым, што на самой справе азначалі прыстасаванне і падпарадкаванне ва ўмовах дыктатуры. Пры гэтым прыстасоўвалася большасць людзей, многія мільёны людзей рабілі гэта», – адзначае Die Zeit.
«У межах усёабдымнай сістэмы адукацыі мільёны людзей падвяргаліся пастаяннай ідэалагічнай апрацоўцы, якая пачыналася ў дзяржаўным дзіцячым садзе, была ўсюдыіснай амаль ва ўсіх прадметах у школах і ўніверсітэтах і, разам з Нацыянальнай народнай арміяй, валодала самым эфектыўным сродкам разбурэння індывідуальнасці. Ўцячы было немагчыма: ідэалагізацыю можна было ўбачыць на кожным рынку, яна гучала праз сродкі масавай інфармацыі. Як цяпер бачна, апрамяненне «чырвоным святлом» спрацавала. Нават у нямецкім грамадстве вера ў тое, што ўласная, асабістая, палітычная, сацыяльная ці грамадская дзейнасць можа быць асновай дэмакратыі, даецца нам цяжка», – заключае Die Zeit.
«У Якуціі гараць велізарныя ўчасткі лесу, бо змяненне клімату робіць рэгіён гарачым і засушлівым. Пры гэтым пажары пагражаюць яшчэ больш хуткім адтаваннем вечнай мерзлаты, якая ўтрымлівае парніковы газ метан», – піша нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.
Выданне адзначае, што дым з Сібіры дасягнуў Паўночнага полюсу. Як доказ прыводзіцца спадарожнікавы здымак амерыканскага касмічнага агенцтва NASA, на якім Расея патрапіла пад вялізнае жаўтаватае покрыва шырынёй 3 тысяч кіламетраў і даўжынёй 4 тысячы кіламетраў.
«Вялізныя лясныя пажары пад ім не бачныя, воблака занадта шчыльнае. У папярэднія гады такі дым дабіраўся з сібірскай Якуціі ў Грэнландыю і Канаду, але ніколі ён не сыходзіў так далёка на поўнач, ніколі не распаўсюджваўся да полюса», – занепакоена нямецкая газета. – У рэгіёне абвешчана надзвычайнае становішча. У рэшце рэшт, гарыць не толькі Якуція. З пачатку году агнём ўжо было ахоплена больш за 16 млн га. Пры гэтым пажарныя службы адчуваюць недахоп тэхнікі і супрацоўнікаў. У многіх рэгіёнах Расеі лясныя пажары тушаць рыдлёўкамі».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка