Агляд прэсы: чорная метка
Беларусь заклікаюць правесці комплексную рэформу выбарчай сістэмы. Дыпламатычныя высылкі скарачаюць уплыў Расеі ва Усходняй Еўропе. Албанія: перамога Эдзі Рамы азмрочана скандалам. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
«ПАСЭ заклікала Беларусь усебакова рэфармаваць сваю выбарчую сістэму, каб прывесці яе ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў», – паведамляе міжнароднае выданне Council of Europe. Выданне падкрэслівае, што цяперашняя няўдалая выбарчая сістэма ў Беларусі сталася рухавіком цяперашняга палітычнага, эканамічнага і праваабарончага крызісу, які ўсталяваўся ў краіне. Council of Europe дае пералік прыярытэтных напрамкаў, якія патрабуюць зменаў і прывядзення ў адпаведнасць з папярэднімі рэкамендацыямі Асамблеі, БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі. «У Беларусі больш за два дзесяцігоддзі назбіраліся сістэмныя праблемы, датычныя выбарчай сістэмы», – падкрэслівае міжнароднае выданне.
***
«Пабудаваная ў 1950-х гадах як помнік брацкім адносінам паміж Масквой і Прагай, вялізная і вялікая чэшская амбасада ў самым цэнтры расейскай сталіцы была разлічана на мноства супрацоўнікаў. Сёння персанал амбасады стаў адной з найбуйнейшых ахвяр дыпламатычнай вайны паміж Расеяй і заходнімі краінамі, у ходзе якой 152 службовых асобы з расейскіх пасольстваў за мяжой або замежных амбасадараў у Маскве пазбавіліся акрэдытацыі», – піша амерыканскае выданне Financial Times. Выданне фіксуе, што большая частка высылак закранае краіны Усходняй Еўропы, гістарычна звязаныя з Расеяй, ад Прыбалтыкі да Балгарыі, што падкрэслівае як жаласны стан сувязяў рэгіёну з Масквой, так і складанасць аднаўлення адносін для тых дыпламатаў, хто яшчэ застаўся. «Гэта не бура ў шклянцы вады. Тое, што мы назіраем – гэта канец эпохі прысутнасці Расеі ў яе былых савецкіх сатэлітах. На працягу дзесяцігоддзяў і нават пасля халоднай вайны Масква мела добрую прысутнасць і ўплыў у гэтых краінах, дзякуючы спадчыне Варшаўскай дамовы. Усё гэта сур’ёзна падрывае адносіны Расеі там. Гэтая значная страта», – піша Financial Times.
***
Сацыялісты пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Эдзі Рамы перамаглі на выбарах у Албаніі. Яны працягнуць кіраваць краінай, знаходзячыся ў абсалютнай большасці. Паводле дадзеных дзяржаўнай выбарчай камісіі, партыя атрымала каля 49 адсоткаў галасоў. Аднак міжнародныя назіральнікі і албанскія СМІ паведамляюць пра тое, што напярэдадні выбараў на чыноўнікаў і бюджэтнікаў аказваўся ціск, а таксама мелі месца выпадкі подкупу выбаршчыкаў. «Перспектывы пражыць яшчэ цэлых чатыры гады пры Эдзі Раме палохаюць перш за ўсё моладзь», – адзначае нямецкая газета Taz. «Раму ў першую чаргу цікавяць улада і дарагія інфраструктурныя праекты, але зусім не будучыня маладога пакалення. Моладзь ужо сёння масава пакідае краіну. За адзін толькі 2019 год з Албаніі з’ехала 360 тысяч чалавек – амаль 13 адсоткаў насельніцтва. Прычыны, якія выціскаць людзей з краіны, – высокае беспрацоўе і кепскія перспектывы ў плане атрымання адукацыі. Пасля таго, як Рама практычна нічога не распачаў пасля магутных студэнцкіх пратэстаў 2018 году, яго прыярытэты сталі ясныя для ўсіх. Тое ж самае можна сказаць і наконт яго рашучага процідзеяння стварэнню прафсаюзаў», – піша нямецкае выданне.
***
Еўрапарламент ухваліў увядзенне з лета так званага Зялёнага сертыфіката вакцынацыі. Плануецца, што такі сертыфікат шмат у чым спросціць працэс падарожжаў. Дэталі новаўвядзення цяпер будуць абмяркоўвацца ў рамках Еўрапейскага савета прадстаўнікамі асобных дзяржаў ЕЗ. Пасля кожная з краін супольнасці павінна будзе прывесці Еўрасертыфікат у адпаведнасць са сваёй унутранай сістэмай выдачы даведак пра вакцынацыю. Прэса разважае пра тое, ці не выльецца ўсё гэта ў несправядлівую дыскрымінацыю непрышчэпленых. Румынская газета Evenimentul Zilei катэгарычна адхіляе ідэю Зялёнага сертыфікату. «Што тычыцца асноўных правоў і свабод унутры краіны, то кожная дзяржава будзе рабіць выгляд, што ніяк не можа паўплываць на прыватныя кампаніі, калі тыя пачнуць патрабаваць ад сваіх супрацоўнікаў або кліентаў наяўнасць пашпарта вакцынацыі. Пад высакароднай падставай абароны спажыўцоў патрабаванне прад’явіць сертыфікат аб вакцынацыі будзе гучаць паўсюдна – ад рэстарацыяў да супермаркетаў, ад цягнікоў метро і прыгарадных аўтобусаў – аж да канцэртных залаў і грамадскіх прыбіральняў. Якая іронія лёсу: у сучасным грамадстве антырасізм і барацьба з дыскрымінацыяй сталі абавязковай да выканання дактрынай, але пры гэтым у галіне аховы здароўя нас паўсюдна чакае самы сапраўдны апартэід!», – адзначае румынскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.