Агляд прэсы: Чорная скрыня Крамля
Пуцін слабейшы, а значыць яшчэ больш небяспечны? Газ Расеі як пагроза Еўропе. З падрабязнасцямі свежых матэрыялаў замежнай прэсы – Вольга Сямашка.
«Нямецкая хіміка-прамысловая кампанія Henkel вырашыла спыніць бізнес у Беларусі на фоне крызісу ва Украіне», – паведамляе армянскае выданне News.am.
«Пры гэтым 19 красавіка кампанія Henkel абвясціла, што на фоне падзей ва Украіне вырашыла адмовіцца ад бізнесу ў Расеі. У кампаніі запэўнілі, што падчас падрыхтоўкі да выезду з Расеі 2,5 тысячы супрацоўнікаў кампаніі ў Расеі будуць працягваць працаваць і атрымліваць заробак. Henkel вырабляе клеі, мыйныя сродкі, касметыку і сродкі асабістай гігіены на 11 заводах у Расеі. У пачатку сакавіка Henkel спыніў усе інвестыцыі, а таксама рэкламную і спонсарскую дзейнасць у Расеі на фоне расейскай вайны ва Украіне. На тэрыторыі Беларусі Henkel займаў да 25% рынку сухіх будаўнічых сумясяў. Да апошняга завод у Заслаўі пад Менскам працаваў, у тым ліку меў наладжаныя сувязі з аналагічным прадпыремствам Henkel ва Украіне», – камэнтуе сітуацыю армянскае выданне.
Вайна ва Ўкраіне ўступае ў новую фазу. Усё большая колькасць краін Захаду дае ўкраінскім войскам цяжкае ўзбраенне. Расея пагражае не толькі спыніць пастаўкі газу, але і намякае на магчымасць ужывання ядзернай зброі. Еўрапейская прэса разважае аб тым, у якім становішчы апынуўся Пуцін, і задаецца пытаннем, наколькі небяспечным можа стаць загнаны ў кут дыктатар.
На думку брытанскага часопіса The Economist, ядзерны ўдар малаверагодны, аднак поўнасцю выключаць яго нельга.
«У канчатковым выніку слабасць можа вывесці Расею на апошнюю арэну, дзе яна ўсё яшчэ бясспрэчна з’яўляецца звышдзяржавай: у сферы хімічнай, біялагічнай і ядзернай зброі. З самага пачатку вайны Пуцін і яго асяроддзе неаднаразова пагражалі свету жупелам зброі масавага знішчэння. Пуцін рацыянальны ў тым, што тычыцца выжываньня ўласнага рэжыму, а таму верагоднасьць ужываньня гэтай зброі застаецца невялікай. Але па меры таго як у расейскіх узброеных сіл сканчаюцца канвенцыйныя магчымасці, спакуса пайсці на эскалацыю, без усялякіх сумневаў, будзе расці», – папярэджвае брытанскае выданне.
Услед за спыненнем паставак газу Балгарыі і Польшчы Масква прыгразіла, што перакрые кран і іншым краінам, калі тыя адмовяцца выконваць яе патрабаванне аплаты газу ў рублях. Старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен папярэдзіла аб недапушчальнасці разлікаў у расейскай валюце. Еўрапейскія СМІ занепакоеныя тым, што ў шэрагі ЕЗ можа быць унесены раскол.
«Фронт ЕЗ супраць Пуціна можа даць расколіну», – такую асцярогу выказвае чэшская газета Hospodářské noviny.
«Нямецкія, аўстрыйскія або славацкія кампаніі заяўляюць, што новая схема аплаты, на якой настойвае Масква, цалкам для іх прымальная. Было б вельмі прыкрым, калі ў выніку мара Пуціна аб расколе Захаду ўсё ж такі збудзецца. Куды лепшым рашэннем было б, калі б іншыя краіны ЕЗ перайшлі на той рэжым аплаты, якога патрабуе ад іх Расея, а затым са сваёй тэрыторыі забяспечылі б Польшчу і Балгарыю газам, які спатрэбіцца гэтым краінам наступнай зімой. Размова пойдзе толькі аб невялікіх аб’ёмах, паколькі Польшча і так збіралася адмовіцца ад расейскай сыравіны. І галоўнае: краіны Еўразвязу павінны зрабіць усё магчымае для таго, каб як мага хутчэй пераадолець залежнасць ад расейскага газу», – адзначае чэшскае выданне.
Змена становішча ў сферы бяспекі, выкліканая вайной ва Украіне, прымусіла Фінляндыю і Швецыю, якія да гэтага часу займалі пазіцыю нейтралітэту, задумацца аб уступленні ў НАТО. Па чутках, адначасовую заяўку на сяброўства ад гэтых дзвюх дзяржаў можна чакаць ужо ў сярэдзіне траўня. Еўрапейская прэса абмяркоўвае магчымыя наступствы гэтага рашэння.
Фінская газета Kaleva не хавае сваёй трывогі.
«Хаця Расея, па ўсёй верагоднасці, надоўга ўгразне ў вайне ва Украіне, было б наіўна меркаваць, што Крэмль будзе склаўшы рукі назіраць за тым, як Фінляндыя далучаецца да „варожага лагера”. Таму мы павінныя быць гатовыя да спробаў паўплываць на нас, якія могуць вар’іравацца ад пагроз зброяй і словамі да парушэння працы электрасетак ці інтэрнэту. Перспектыва працяглых перабояў з электрычнасцю ці праблем з электроннымі плацяжамі не ўспрымаліся радавымі фінамі як рэальная пагроза. Аднак зараз з такой пагроазй даводзіцца лічыцца. Грамадзянам варта таксама сур’ёзна паставіцца да парады мець у шафе запасы ежы на некалькі дзён, свечкі і радыёпрыёмнік на батарэйках», – заклікае фінскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя