Агляд прэсы: «чырвоныя сцяжкі» для зграі



Любыя страты беларусаў – на карысць суседзяў. Французская прэса насцярожана паглядае на Турцыю, якая шукае зачэпак пачаць вайну.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

– Амерыканскае выданне Bloomberg прысвяціла матэрыял пытанню, як «Тэхнічныя мазгі ўцякаюць ад рэпрэсій кіраўніка Беларусі». Выданне крытыкуе сітуацыю, калі пасля таго, як аўтарытарны кіраўнік Беларусі сутыкнуўся з масавымі пратэстамі супраць свайго 26-гадовага кіравання, «піянеры», якія ператварылі былую савецкую рэспубліку ў малаверагодны тэхналагічны цэнтр, усё часцей накіроўваюцца да выхаду».

«ІТ-кампаніі перамяшчаюць персанал у суседнюю Літву. Страта Беларусі – гэта карысць для суседзяў, такіх як Літва, якая рэгіструе ІТ-бізнес хутчэй, чым дзе-небудзь яшчэ ў ЕЗ, каб перафармаваць эканоміку ў бок інавацый», – падкрэслівае Bloomberg. «Літва – не адзіная краіна, якая змагаецца за таленты, што ратуюцца ад улады Лукашэнкі. Польшча спрашчае пераезд, адмаўляючыся ад працэдур атрымання дазволу на працу, у той час як Украіна стварае віртуальны «тэхнічны горад» і прапануе падатковыя льготы насуперак агульнай палітыцы ўраду».

Падчас наступальнай аперацыі турэцкіх войскаў супраць Рабочай партыі Курдыстана на поўначы Ірака ваенныя знайшлі целы трынаццаці закладнікаў – турэцкіх грамадзян, якія знаходзіліся ў руках РПК. Па словах Анкары, закладнікі былі пакараныя, а РПК сцвярджае, што яны загінулі падчас бамбардзіровак з боку Турцыі. Прэзідэнт Эрдаган асудзіў краіны-сяброў НАТА за стрыманую рэакцыю і запатрабаваў ад іх безумоўнай салідарнасці, калі, маўляў, яны не хочуць атрымаць таўро памагатых тэрарыстаў.

«Жорсткасць Эрдагана ў адносінах да курдаў і іх прыхільнікаў вельмі неабдуманая!, – піша калумніст выдання France Inter П’ер Аскі. – «Турцыя ператварыла смерць трынаццаці сваіх палонных у фармальную падставу для абвяшчэння вайны: у першую чаргу супраць РПК, але яшчэ і супраць усіх тых, хто сімпатызуе партыі. Акрамя таго, Эрдаган, мабыць, цвёрда вырашыў прыціснуць да сцяны новую адміністрацыю Белага дома, што, аднак, можа абярнуцца супраць яго самога. Магчыма, Эрдаган яшчэ пашкадуе, што ператварыў крызіс з курдамі ў вымярэнне адносін Турцыі з партнёрамі па НАТА».

На пасаду генеральнага дырэктара Сусветнай гандлёвай арганізацыі ўпершыню прызначаная жанчына – прадстаўніца Нігерыі Нгозі Аконджа-Івеала. Яна стала таксама першай афрыканкай, абранай на гэтую пасаду. Чаканні, ускладзеныя на Нгозі Аконджа-Івеалу, вельмі і вельмі высокія, аднак ці зможа яна апраўдаць іх, задаецца пытаннем нямецкая газета Taz, die tageszeitung.

«Ёй трэба будзе пераадолець блакаду, з якой сутыкаецца WTO вось ужо на працягу 20 гадоў. Місія, якая аказалася невыканальнай для двух яе папярэднікаў – бразільца Рабэрта Азэведа і француза Паскаля Ламі. У аснове гэтай блакады – аб’ектыўнае разыходжанне інтарэсаў сярод краін-сябраў арганізацыі. З моманту ўступлення ў WTO Кітая ў 2000 годзе чатыры магутныя эканамічныя дзяржавы, а менавіта ЗША, ЕЗ, Японія і Канада, не ў стане больш прасунуць сваю пазіцыю. А былі ж 1990-я гады, калі ўсё было інакш. У будучыні разыходжанне інтарэсаў, хутчэй за ўсё, толькі ўзрасце», – адзначае нямецкае выданне.

З пяці дзяржаў-пастаянных членаў Савета бяспекі ААН Францыя стала адзінай, хто да гэтага часу не распрацаваў ўласнай вакцыны. У выніку французы моцна адстаюць у вакцынацыі ад амерыканцаў, кітайцаў, рускіх і брытанцаў. «Што стала з Францыяй Луі Пастэра», – піша аглядальнік газеты Le Figaro Рэно Жырар.

«Неверагодна тое, што малады прэзідэнт ня здолеў паспяхова ажыццявіць дзве простыя дзяржаўныя справы: гэта падваенне рэанімацыйных ложкаў летам 2020 года ды вытворчасць простай і эфектыўнай вакцыны. Францыя даверыла сваю палітыку вакцынацыі Еўракамісіі, бюракратычнай установе, якая не мае наогул ніякага вопыту ў гэтай галіне. У ЗША вакцыну распрацавала спецыяльна створанае ў 2006 годзе агенцтва, прызначанае для барацьбы супраць біятэрарызму, маючы фінансавую падтрымку дзяржавы. У санітарна-эпідэміялагічнай сферы амерыканцы ўмелі думаць стратэгічна. Але не мы. На жаль», – рэзюмуе французскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя