Агляд прэсы: Cуцэльная паказуха
Чаму Пуцін не верыць, што войска Лукашэнкі будзе ваяваць ва Украіне. Што дапаможа Пуціну? Турцыя як апора энергетычнай дыпламатыі. Байдэн пагражае наступствамі зніжэння аб’ёмаў здабычы нафты. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка настолькі аслаблены, што яго войска не выклікалі ваяваць ва Украіне, бо прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін не можа быць упэўнены, што войскі будуць выконваць яго загады, – паведамляе еўрапейскае выданне POLITICO.
«На гэтым тыдні Лукашэнка ўзмацніў сваё бразганне зброяй, паабяцаўшы праводзіць сумеснае разгортванне з расейцамі. Нягледзячы на тое, што за такімі манеўрамі заўсёды трэба ўважліва назіраць, паколькі Беларусь з’яўляецца важным плацдармам для ўварвання ва Украіну або правядзення авіяналётаў, Святлана Ціханоўская настойвае на тым, што Пуцін наўрад ці можа дазволіць беларускім вайскоўцам перасекчы мяжу. «Любы вобраз непераможнасці Лукашэнкі «гэта ілюзія», – заявіла Ціханоўская, – і «ўсё руйнуецца». Першыя дні вайны паказалі ўзровень схаванай нязгоды, якая шумела у Беларусі проста пад паверхняй. Гэта паставіла апазіцыю ў лепшае становішча, чым у 2020 годзе, калі пратэстоўцы ўпершыню выйшлі на вуліцы ў адказ на скрадзеныя выбары, але не змаглі зваліць рэжым Лукашэнкі. Тая ж Ціханоўская і яе прыхільнікі чакаюць на «вакно магчымасцяў» — калі Пуцін і яго давераная асоба Лукашэнка будуць дастаткова аслабленыя вайной ва Украіне, каб зноў кінуцца ў барацьбу на месцах у Беларусі», – адзначае еўрапейскае выданне.
У сталіцы Казахстана Астане гэтымі днямі праходзяць тры важныя сустрэчы на вышэйшым узроўні з удзелам кіраўнікоў дзяржаў Азіі і СНД. У гэтых сустрэчах бярэ ўдзел і Уладзімір Пуцін. Як адзначаюць аглядальнікі, зараз Пуцін знаходзіцца ў палітычнай ізаляцыі. Журналісты задаюцца пытаннем, ці не лепей было б адхіліць яго ад улады. «Скіданне Пуціна не абавязкова будзе азначаць паварот да лепшага», – такім меркаваннем дзеліцца брытанская газета The Independent.
«Значна тое, што найбольш рэзкая крытыка наконт вайны зыходзіць у Расеі не ад левых лібералаў, але ад правых нацыяналістаў. Гэта азначае, што тыя, хто за мяжой ва ўвесь голас заклікае да адхілення Пуціна ад улады, павінны быць асцярожныя, і разумець, да чаго могуць прывесці іх заклікі. Цалкам магчыма, што новы лідар у Крамлі будзе поўнай супрацьлегласцю таму, чаго яны чакаюць, і ён не праявіць памяркоўнасці і гатоўнасці да кампрамісаў. Мы не жадаем сказаць, што новы лідар ні ў якім разе не пагодзіцца разгарнуць на 180 градусаў расейскую палітыку з мінімальнымі іміджавымі стратамі і шанецам на пачатак новых адносін з Украінай і Захадам. Можа быць. Але можа здарыцца і так, што новы лідар апынецца яшчэ большым «ястрабам», чым цяперашні», – падкрэслівае брытанскае выданне.
Падчас сустрэчы ў Астане Уладзімір Пуцін прапанаваў свайму турэцкаму калегу Эрдагану ператварыць Турцыю ў газавы хаб, праз які расейскі газ можна было б прадаваць у трэція краіны, «пераважна ў Еўропу». Еўрапейская прэса сыходзіцца ў меркаванні, што гэтая ініцыятыва Пуціна ўмацоўвае пазіцыі Турцыі ў міжнароднай палітыцы. Але вось што рухае Анкарой? Нямецкая газета Deutschlandfunk дзеліцца сваімі меркаваннямі пра тое, што на самой справе рухае Эрдаганам.
«У наступным годзе ў Турцыі адбудуцца парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Эрдаган жадае прадэманстраваць тое, што ён ператварыў Турцыю ў моцнага гульца на міжнароднай арэне. І ў гэтым сэнсе яму выгадная ізаляцыя Пуціна. Так што сустрэча ў Астане была толькі найчыстай паказухай: што Пуцін, што Эрдаган – абодва адчайна сімулявалі дыпламатычныя намаганні па дасягненні міру. ЗША, еўрапейцы і Украіна правільна робяць, што не вераць аніводнаму іх слову. Як бы горка гэта ні было, але пакуль Расея не адмаўляецца ад сваёй мэты ў гэтай вайне – знішчэння Украіны як дзяржавы, весці перамовы ўвогуле няма ніякага сэнсу», – папярэджвае нямецкае выданне.
Пасля рашэння АПЕК+ аб скарачэнні здабычы нафты на два мільёны барэляў у дзень, пачынаючы з лістапада, прэзідэнт ЗША Байдэн прыгразіў наступствамі. Так, ЗША маюць намер сярод іншага перагледзець свае адносіны з Саудаўскай Аравіяй. Арганізацыя краін-экспарцёраў нафты і яе неафіцыйны фармат АПЕК+, у які ўваходзіць і Расея, на мінулым тыдні прынялі рашэнне аб скарачэнні здабычы. Аглядальнікі называюць паводзіны саудытаў здрадай і вітаюць рашэнне амерыканскага прэзідэнта. «Байдэн мае рацыю, караючы Эр-Рыяд», – піша швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.
«Пасля таго як кошты на нафту ўзляцелі ўверх, Байдэн зрабіў крок праз сябе і адправіўся ў ліпені ў Джыду з мэтай пераканаць наследнага прынца павялічыць здабычу нафты. Тым мацнейшы зараз гнеў Байдэна, бо Саудаўская Аравія робіць прама супрацьлеглае таму, пра што ён прасіў. І робіць гэта Эр-Рыяд не толькі ў сітуацыі, калі да прамежкавых выбараў у ЗША засталіся лічаныя тыдні, але і ў самы разгар канфлікту з Расеяй, для якой больш высокая цана на нафту азначае прыток у казну дадатковых мільярдаў, якія пойдуць на фінансаванне вайны супраць Украіны. Байдэн павінен ясна даць зразумець Эр-Рыяду, што далейшая падтрымка Саудаўскай Аравіі з боку ЗША будзе ўвязвацца з выкананнем выразных умоў. Прыпыненне паставак зброі магло б стаць першым крокам», – лічыць швейцарскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя