Агляд прэсы: Cуцэльны разлік



Беларусь: пасобнік Расеі ці акупаваны народ? Абмен людзьмі паміж ЗША і Расеяй. У Іране супернік рэжыму быў пакараны смерцю. Шэнген адкрыты толькі для Харватыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У той час як Украіна разважае над пагрозай магчымага ўварвання на яе поўнач з боку Беларусі, што прывядзе да эскалацыі і без таго кровапралітнай вайны да новага маштабу, беларускі рэжым застаецца ў значнай ступені ўцягнутым у расейскую агрэсію нават у цяперашнім выглядзе», – паведамляе ўкраінскае выданне The Ukraine crisis media center.

«Украіну па-ранейшаму пастаянна атакуюць з аэрадромаў у Беларусі, галоўнай мэтай з’яўляецца крытычная інфраструктура, у выніку чаго пацярпелі мільёны мірных жыхароў. Аднак ёсць падставы разглядаць Беларусь як краіну пад расейскай акупацыяй, а не бокам канфлікту, бо Лукашэнка не прызнаецца легітымным кіраўніком дзяржавы як беларускім народам, так і абсалютнай большасцю свету. Тое, што погляды простых беларусаў на расейска-ўкраінскую вайну супрацьлеглыя пазыцыі рэжыму Лукашэнкі, робіць ролю гэтай краіны даволі сумнеўнай. Напрыклад, полк імя Кастуся Каліноўскага, сфармаваны на аснове беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзіліся ва Украіне з 2014 года, налічвае некалькі тысяч чалавек і гераічна змагаецца за свабоду Украіны і Беларусі. Ёсьць шмат іншых спосабаў, якімі беларускі народ падтрымлівае Ўкраіну ў яе супраціўленьні агрэсару, і Ўкраіна даследуе іх, каб лепш зразумець, ці зьяўляецца Беларусь сапраўды саўдзельнікам Расеі ці акупаванай нацыяй», – паведамляе ўкраінскае выданне.

Прафесійная баскетбалістка з ЗША Брытні Грайнер зноў на волі. 17 лютага яна была затрымана на тэрыторыі РФ, бо ў яе багажы была знойдзена невялікая колькасць алею канабіс. У жніўні гэтага года расейскі суд прыгаварыў Грайнер да дзевяці гадоў зняволення. ЗША дабіліся вызвалення спартсменкі, абмяняўшы яе на расейскага гандляра зброяй Віктара Бута, які знаходзіўся ў зняволенні ў ЗША. Італьянская газета La Stampa камэнтуе сітуацыю.

«Ёсць нешта сімвалічнае ў тым, што былога лейтэнанта Чырвонай Арміі, які стаў міжнародным гандляром зброяй, абмянялі на чэмпіёнку па баскетболе, да таго ж яшчэ афраамерыканку і лесбіянку. Прапаганда не ўпусціць магчымасці адлюстраваць прафесійную амерыканскую спартсменку як сімвал «разбэшчанага» Захаду, у той жа самы час падкрэсліўшы, што Радзіма-маці, маўляў, прымае ў свае абдымкі сапраўднага мужчыну, салдата і сапраўднага патрыёта. Патрыёта, у якога нават у камеры вісеў партрэт Уладзіміра Пуціна і які займаўся продажам зброі тэрарыстам і ўзброеным групоўкам. Узорам пераймання ў Расеі сёння з’яўляюцца такія людзі, як Яўген Прыгожын, заснавальнік ПВК Вагнер, або чачэнскі лідэр Рамзан Кадыраў, сярод крытыкаў якога ўжо столькі забітых, што імі можна запоўніць цэлыя могілкі», – падкрэслівае італьянскае выданне.

У Іране ўпершыню афіцыйна прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у сувязі з пратэстамі супраць кіраўніцтва Ісламскай Рэспублікі, якія працягваюцца ўжо амаль тры месяцы. 23-гадовы Мохсэн Шэкары ў верасні параніў члена ваенізаванай групоўкі Басідж падчас блакады, якую зладзілі пратэстоўцы. Згодна з паведамленнямі судовых органаў, Шэкары быў прыгавораны да смерці праз павешанне, і ў чацвер прыгавор быў прыведзены ў выкананне. Аглядальнікі не хаваюць свайго гневу. Чэшская газета Hospodářské noviny спрабуе зразумець, што ж будзе далей.

«Аўтарытарныя і дыктатарскія ўрады ідуць на саступкі толькі тады, калі гэтыя саступкі мала, ці ўвогуле нічога не значаць. Вось чаму пратэсты на вуліцах не спыніліся нават пасля абвяшчэння аб роспуску паліцыі нораваў, якая ўвасабляе рэпрэсіі па рэлігійных матывах. Усё атрымалася зусім наадварот! Уладам Тэгерана і рэлігійным лідэрам трэба будзе прымаць няпростыя рашэнні. Калі рэпрэсіі будуць працягвацца, то ўлады рызыкуюць эскалацыяй цяперашняга канфлікту. З іншага боку, калі яны прапануюць народу і сапраўды пераканаўчыя саступкі, то ім давядзецца сутыкнуцца з супрацьдзеяннем з боку паралельнага войска, а менавіта – рэвалюцыйнай гвардыі, становішча якой гарантуе ёй уладу, эканамічны ўплыў і казачныя даходы», – піша чэшскае выданне.

У чацвер адказныя міністры краін ЕЗ далі адмашку на ўступленне Харватыі ў Шэнгенскую зону. Гэта азначае, што са студзеня пры ўездзе ў папулярную сярод турыстаў і адпускнікоў краіну больш не будзе дзейнічаць памежны кантроль. Прыём у Шэнген Балгарыі і Румыніі праваліўся з-за вета, якое наклала Аўстрыя. Яно было, як мяркуецца, выклікана занепакоенасцю з нагоды міграцыйнай палітыкі абедзвюх краін. Аглядальнікі не сквапяцца на крытыку. Нямецкая газета Frankfurter Rundschau не разумее такога няроўнага падыходу.

«Еўракамісія, нягледзячы на наяўную інфармацыю, сцвярджае, што там у Харватыі выконваюцца асноўныя правы ў дачыненні да бежанцаў. Вядомыя расследаванні дэманструюць адваротнае. Замест таго, каб заняцца гэтай праблемай, усе настроіліся супраць Румыніі і Балгарыі: маўляў тыя прапускаюць праз свае краіны занадта шмат бежанцаў. І вось ужо які раз сваю пазіцыю праштурхваюць тыя, хто, падобна Аўстрыі, мае намер прытрымлівацца цвёрдым курсам самаізаляцыі. Усім удзельнікам падзей выдатна вядомы найважнейшы чыннік такой дыферэнцыяцыі, і ён адкрыта цынічны: Харватыя – гэтае месца для адпачынку, а ў курортны сезон на мяжы аўтааматары затрымаюцца ў шматкіламетровых корках. Еўразвяз проста хоча адкрыць зялёную вуліцу для турыстаў, але не для людзей, якія вымушаныя перамяшчацца ў пошуках лепшага жыцця», – гіранізуе нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка