Агляд прэсы: „Да артыкулу яшчэ далёка“



Дыктатар Беларусі выкарыстаў пашпарты ў новай атацы на апазіцыю ў выгнанні. Румынія высвятляе паходжанне знойдзенага беспілотніка. Сустрэча Вялікай дваццаткі ў Індыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі перастануць выдаваць беларускім грамадзянам, якія пражываюць за мяжой, новыя пашпарты і не адновяць пратэрмінаваныя асабістыя дакументы, гаворыцца ў указе, падпісаным 4 верасня дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам. Замест гэтага беларускія грамадзяне, якія жывуць за мяжой, павінны будуць вярнуцца ў Беларусь у парадку доступу да пашпартных паслуг. Новыя правілы таксама ўскладняць продаж нерухомасці або іншай маёмасці беларусам, якія пражываюць за межамі краіны.

«Гэтыя змены тлумачацца як новае абвастрэнне кампаніі Лукашэнкі супраць беларусаў, якія пакінулі краіну пасля масавых дэмакратычных пратэстаў 2020 года», – мяркуе амерыканскае выданне The Atlantic Council.

«Тысячы людзей уцяклі з Беларусі ў канцы 2020 года і шукалі прытулку ў іншых краінах Еўропы. Скасаванне консульскіх службаў ставіць беларусаў у выгнанні ў цяжкое становішча. Калі яны не вярнуцца ў Беларусь, каб аднавіць пратэрмінаваныя пашпарты, яны могуць апынуцца без асноўнага дакумента, які сведчыць асобу, і не змогуць атрымаць доступ да шырокага спектру асноўных паслуг у іх цяперашніх краінах пражывання. Аднак вяртанне ў Беларусь можа прывесці да арышту і крымінальнага пераследу ў сувязі з іх ранейшым удзелам у антырэжымным суправіце. Лідар дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў у выгнанні не вяртацца ў Беларусь, калі ім пагражае пераслед. Яна паабяцала падняць гэтае пытанне перад афіцыйнымі асобамі ў краінах, дзе пражываюць беларусы, а таксама дамагчыся міжнароднага прызнання альтэрнатыўнай пашпартнай ініцыятывы, распачатай нядаўна апазіцыйным рухам краіны ў выгнанні. «Мы не паддадзімся», – цытуе Ціханоўскую амерыканскае выданне.

***

Па заканчэнні некалькіх дзён пасля заявы Украіны Румынія пацвердзіла, што не выключае таго, што на яе тэрыторыі – гэта значыць тэрыторыі краіны НАТА – мог зваліцца расейскі беспілотнік. Міністр абароны Анжэл Цілвар паведаміў, што каля мяжы з Украінай былі выяўленыя падазроныя абломкі, і што ваенныя спецыялісты іх старанна вывучаць. «Бухарэст з усіх сіл імкнецца не паднімаць шуму», – піша турынская газета La Stampa.

«Калі будзе пацверджана, што знойдзеныя абломкі належаць расейскаму беспілотніку, то гэта будзе расцэнена як «непрымальная сітуацыя» і «сур’ёзнае парушэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Румыніі». Але ў той жа самы час у наяўнасці спробы спусціць сітуацыю на тармазах. Міністр абароны Анжэл Цілвар падкрэсліў, што не бачыць прамой пагрозы для краіны. Ягоныя словы «трэба ўмець адрозніваць агрэсію ад інцыдэнту» нівелююць артыкул 5 Атлантычнай дамовы, якая абавязвае краіны НАТА да калектыўнай абароны ў выпадку нападу», – падкрэслівае італьянскае выданне.

***

У гэтыя выходныя ў Індыі адбудзецца саміт Вялікай дваццаткі. Сустрэча пройдзе пад дэвізам «Адна планета – адна сям’я – адна будучыня». Пуцін на саміт не прыедзе і толькі адправіць свайго прадстаўніка, адмовіўся ад паездкі ў Нью-Дэлі і лідар Кітая Сі Цзіньпін. Па меркаванні парыжскай газета Le Monde, сваёй адсутнасцю кітайскі лідар пасылае знак Індыі.

«Сі ўпершыню будзе адсутнічаць на саміце Вялікай дваццаткі. Пекін ніякіх тлумачэнняў не даў. Чаму ж Сі не паедзе ў Індыю: каб не сустракацца там з Джо Байдэнам, сустрэча з якім павінна адбыцца ў лістападзе ў рамках саміту Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва (АТЭС) у Сан-Францыска? Ці ж Сі засяроджаны на ўнутрыпалітычных праблемах? Ці ж ён мае намер паказаць гаспадару цяперашняй сустрэчы, прэм’ер-міністру Індыі Нарэндры Модзі, хто сёння задае тон у Азіі? Апошняе тлумачэнне, якое спалучаецца таксама са спрэчкай гэтых двух азіяцкіх гігантаў пра тое, хто павінен быць лідарам «Глабальнага поўдня», выглядае самым верагодным. Саперніцтва Пекіна і Дэлі відавочна адчувалася ўжо падчас саміту БРІКС», – падкрэслівае французскае выданне.

***

У Гішпаніі Карлас Пучдэмон патрабуе амністыі для каталонскіх сепаратыстаў, у дачыненні да якіх вядзецца судовае разбіральніцтва. Пучдэмону, які раней займаў пасаду старшыні ўрада Каталоніі, і самому пагражае судовы працэс за арганізацыю ім у 2017 годзе рэферэндуму аб незалежнасці. Цяпер ён фактычна патрабуе таго, каб спробы да аддзялення былі прызнаныя палітычна легітымнымі. Чакана барселонская назета La Vanguardia лічыць прапановы і патрабаванні Пучдэмона цалкам канструктыўнымі.

«Ён мае намер пракласці шлях да згоды, і мы гэта вітаем. Таму ён адклаў у бок тэму новага рэферэндуму пра незалежнасць і робіць упор на пытаннях амністыі. Умовы, якія ён выставіў учора, адпавядаюць Канстытуцыі. Пра яго настроі шмат кажа той факт, што насуперак пазіцыі партыі «Разам за Каталонію», жадаючай атрымаць «загадзя ўсё і адразу» Пучдэмон прапануе стварыць механізм пасярэдніцтва і праверкі, таму што дамовы аб амністыі за пару дзён, вядома, не прыняць. Што ж тычыцца астатніх партый новага магчымага ўрада большасці, то склалася адчуванне, быццам дасягненне згоды ўжо не за гарамі», – вітае сітуацыю барселонскае выданне.

Вольга Сямашка, Радыё Рацыя