Агляд прэсы: Далікатны момант
Лукашэнка асуджае адсутнасць Арменіі на саміце АДКБ. Дамоўленасць пра спыненне агню ў Газе: ці надоўга? Фінляндыя і Расея: застаўся адзін КПП. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асудзіў адсутнасць Арменіі на саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), назваўшы гэта «дэмаршам», – паведамляе ўкраінскае выданне Ukrainska Pravda.
«Пры гэтым на сустрэчы члены АДКБ абмеркавалі сітуацыю на Каўказе і «некаторую незадаволенасць аднаго з членаў Савета калектыўнай бяспекі» ў сувязі з рашэннем Арменіі не прысутнічаць на саміце арганізацыі ў Менску.
А вось расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін прыбыў у Менск на сесію Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), якую праігнараваў прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў, што рашэнні ў АДКБ прымаюцца кансэнсусам, і рашэнні будуць легітымнымі нават у адсутнасць армянскага боку. У сваю чаргу Сакратар Рады бясьпекі Армэніі Армэн Грыгаран патлумачыў, што краіна праігнаравала папярэднія паседжаньні АДКБ, бо да яе «была шмат пытанняў» для арганізацыі, на якія пакуль няма адказаў. Прэс-сакратар МЗС Расеі Марыя Захарава наадварот, абвінаваціла Арменію ў «спробе сядзець на двух крэслах», таму што Ерэван, маўляў, паляпшае адносіны з Захадам», – сочыць за сітуацыяй украінскае выданне.
Ізраіль і радыкальная ісламісцкая групоўка ХАМАС дамовіліся аб абмене закладнікамі і арыштаванымі, а таксама аб часовым спыненні агню. Такое павінна працягнуцца чатыры дні; адносна моманту яго пачатку дадзеныя разыходзяцца. Па паведамленні Ізраіля, была дасягнута дамоўленасць, што самае ранняе ў пятніцу раніцай з палону хамасаўцаў будуць вызваленыя пакуль што 50 з 240 меркаваных закладнікаў. Рымская газета La Repubblica дае наступны каментар.
«Для таго каб пасля тыдняў нянавісці і барацьбы прымусіць зброю замаўчаць, патрэбная маналітная арганізацыя, але галоўнае – стрыманасць. У распаленай атмасферы баёў у асяроддзі шчыльнай гарадской забудовы дастаткова любой дробязі – і вось ужо адным залпам усе намаганні дыпламатыі знішчаны на карані. Перамір’е, якое раптам усталёўваецца паміж двума бакамі, – заўсёды далікатна і залежыць ад памылак, непаразуменняў і правакацый тых, хто жадае весці вайну далей – да горкага канца. У сектары Газа нароўні з ХАМАС існуюць і іншыя групоўкі – ад яшчэ больш экстрэмісцкага Ісламскага джыхаду, і аж да гандляроў людзьмі, якія маюць намер нажыцца на гандлі закладнікамі», – папярэджвае італьянскае выданне.
Прэм’ер Фінляндыі Петэры Орпа абвясціў пра тое, што краіна закрые сем з васьмі пунктаў перасячэння мяжы з Расеяй. Раней поўнае закрыццё мяжы не адбылося па ініцыятыве віцэ-канцлера Міка Пуумалайнена. Толькі ў лістападзе некалькі соцень мігрантаў, у асноўным з краін Блізкага Усходу, Афрыкі, Ірака і Йемена, перасеклі расейскую мяжу і накіраваліся ў бок Фінляндыі без адпаведных дакументаў. «У выпадку са спробамі мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу гаворка ідзе пра класічны метад ціску, які выкарыстоўвае Расея», – піша заграбская газета Jutarnji list.
«Расея зноў звярнулася да тактыкі «гібрыднай вайны», як гэта было зімой 2015 года, адправіўшы тысячы мігрантаў да сваёй паўночнай мяжы з Фінляндыяй. З таго часу, як Фінляндыя сёлета ўступіла ў НАТА, напружанасць у адносінах паміж дзвюма краінамі толькі нарастае, і зараз фіны лічаць, што гэта – помста за анансаваную дамову з ЗША ў абароннай сферы», – падкрэслівае харвацкае выданне.
На выбарах у Нідэрландах правапапулісцкая Партыя свабоды Герта Вілдэрса атрымала найбольшую падтрымку выбаршчыкаў. Тым не менш, 37 з 150 месцаў у парламенце, на якія можа разлічваць Вілдэрс па выніках падліку амаль усіх галасоў, не дазваляюць яму сфарміраваць урад у адзіночку – для гэтага яму спатрэбяцца партнёры па кааліцыі. «Перамога Вілдэрс не абяцае Балгарыі нічога добрага», – асцерагаецца балгарскі партал Club Z.
«Гэты грамадзянін не толькі супраць нашага ўступлення ў Шэнгенскую зону, больш за тое – у мінулым ён неаднаразова заклікаў выключыць Балгарыю і Румынію з Еўразвяза. У 2012 годзе ён запусціў сайт, на якім галандцы маглі падзяліцца сваімі «праблемамі», якія ў іх узнікаюць з грамадзянамі некаторых іншых еўрапейскіх краін. На галоўнай старонцы сайта красавалася наступнае паведамленне: «Яны ствараюць вам праблемы? Вы страцілі працу з-за паляка, балгарына, румына ці іншага жыхара Цэнтральнай Еўропы? Напішыце нам!» Падобна на тое, нашым дыпламатам вельмі хутка давядзецца змагацца з дзікім расізмам Вілдэрса і яго барацьбітоў за «безпраблемныя» Нідэрланды», – адзначае балгарскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя