Агляд прэсы: дамы запрашаюць кавалераў



Навагоднія жаданні Лукашэнкі. Як Турцыя ўзмацняе Пуціна. Што рыхтуе Расея на 2021 год? Любыя вакцына, толькі не з Кітая. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 Нямецкая штодзённая газета Die Tageszeitung звяртае ўвагу на тое, што Беларусь сустрэла Новы год ажно з двума навагоднімі зваротамі. Лукашэнка выступіў па-расейску на дзяржаўным тэлебачанні, а Ціханоўская – у Інтэрнэце па-беларуску. І калі народны лідар Ціханоўская заклікала не спыняць барацьбу, то саманазваны кіраўнік Беларусі наўпрост заявіў, што не хоча, каб людзі выходзілі на вуліцы па нядзелях і парушалі жыццё іншых людзей, а таму заклікаў  спыніць такія дзеянні ўжо зараз пад эгідай абвешчанага ім Году народнага адзінства.

«Пасля гэтай навагодняй прамовы людзі ў Facebook адразу ж пачалі сварыцца. Некаторыя пішуць, што яны стаміліся пратэставаць і што пратэсты ні да чаго не прывялі. А астатнія просяць верыць у лепшае, не паддавацца ціску і працягваць з усёй моцы»,  – адзначае нямецкае выданне.

Ізраільскае выданне The Jerusalem Post запэўнівае, што Турцыя і Расея ўсё больш ператвараюцца ў стратэгічных партнёраў у спробе супрацоўнічаць з Іранам і выцесніць Злучаныя Штаты з Блізкага Усходу. Пры гэтым Анкара не саромеецца распаўсюджваць дэзінфармацыю аб тым, што з’яўляецца апошнім фарпостам супраціву ўплыву Масквы ў рэгіёне, аднак дзеянні кіраўнітцва краіны кажуць больш за гэтыя словы.

У матэрыяле пад назвай «Мэта Турцыі на Каўказе заключалася ва ўзмацненні ролі Расеі» аўтар Сэт Францман прыводзіць свежы прыклад. Вайна паміж Азербайджанам і Арменіяй, якая  нядаўна завяршылася, была спланаваная такім чынам, каб Турцыя і Расея маглі ўступіць у непасрэдны кантакт на поўдні Каўказа, паменшыць уплыў Амерыкі і падзяліць паміж сабой гэты рэгіён.

«Пры гэтым Турцыя хуткімі тэмпамі закупляе расейскую зброю», – паведамляе ізраільскае выданне.

Партугальская газета Diario de Noticias на першых старонках размясціла інтэрв’ю з гісторыкам і журналістам Жазэ Мільязэшам, які ўжо 40 год пражывае ў Маскве. Паводле ягоных словаў, у 2021 годзе адбудуцца тры падзеі, на якія варта звярнуць увагу. Ужо ў студзені на пасаду ўступіць новы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, што акажа адпаведны ўплыў на адносіны ЗША і Расеі, а таксама на геапалітычную раскладку ў свеце. Пасля ў верасні ў Расеі пройдуць парламенцкія выбары, а ў снежні чакаецца 30-гадовая гадавіна распаду Савецкага Саюзу. «Пуціну падабаецца адзначаць перамогі, а не паразы. Як можна адзначыць найбуйнейшую катастрофу ХХ стагоддзя, як ён яе называе?» – задаецца пытаннем газета Diário de Notícias.

Рэспандэнт выдання адзначае, што такая дата падыходзіць для ідэалагічнай і прапагандысцкай войнаў. У Пуціна ёсць сістэма, каб застацца ва ўладзе ў краіне яшчэ на 10 год, бо ў Расеі не існуе арганізаванай апазіцыі, а эканоміка наўпрост залежыць ад цэнаў на нафту.

Амерыканскае выданне Bloomberg на сваіх старонках спрабуе знайсці прычыны давяраць расейскай вакцыне «Спутнік V».

На сённяшні момант Расея займае пятае месца ў спісе вытворцаў вакцын па колькасці дозаў, на якія ўжо былі заключаны кантракты на перадзамову. Расейская вакцына «Спутнік V», якую першай атрымала акурат Беларусь, паводле вынікаў выпрабаванняў толькі злёгку адстае ў рэйтынгах, аднак, як і кітайскі аналаг, не мае афіцыйнага апублікавання вынікаў прымянення ў рэцэнзуемых навуковых часопісах.

«Тым не менш паміж расейскай і кітайскай вакцынамі, я б выбраў першую, каб не ляцець з другой да жоўтых зорак», – падсумоўвае журналіст выдання  Bloomberg  Сэм Фазэлі.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка