Агляд прэсы: Давядзецца пацясніцца?



Масавыя пратэсты ў Польшчы: якая будучыня PIS? Саміт ЕПС у Малдове: без Пуціна і Лукашэнкі ва ўсіх сэнсах. Трэці тэрмін Эрдагана. НАТА: хто стане пераемнікам Столтэнберга? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

У нядзелю ў Варшаве прайшла масавая антыўрадавая акцыя. У дэманстрацыі прынялі ўдзел сотні тысяч чалавек. Прычынай незадаволенасці грамадзян паслужыў новы закон аб стварэнні камісіі па расследаванні расейскага ўплыву ў краіне. Як апасаюцца крытыкі, кіруючая партыя Права і справядлівасць можа скарыстацца гэтым законам для таго, каб не дапусціць на дзяржаўныя пасады палітыкаў ад апазіцыі, прычым для гэтага ёй нават не спатрэбіцца рашэнне суда. Увосень у краіне павінны прайсці парламенцкія выбары. Як адзначае пражская газета Deník, Чэхія не павінна склаўшы рукі назіраць за тым, як у суседняй краіне пад пагрозай аказваецца сам дэмакратычны лад дзяржавы.

«У нядзелю ў Варшаве адбылася найбуйнейшая антыўрадавая акцыя пратэсту з 80-х гадоў мінулага стагоддзя, калі свае дэманстрацыі пачаў праводзіць рух „Салідарнасць”. Тое, што палякі настроены не дазволіць пазбавіць сябе дэмакратыі – добры знак. Сёння, у часы вайны паміж свабоднай Украінай і расейскім пуцінскім таталітарызмам, мы, чэхі, як ніколі раней зацікаўлены ў тым, каб у Польшчы, якая з’яўляецца ключавой краінай у плане дапамогі Кіеву, панавала рэальная дэмакратыя. Абавязак чэшскіх палітыкаў, і перш за ўсё – прадстаўнікоў найбуйнейшай і кіруючай Грамадзянскай дэмакратычнай партыі, якія маюць прамыя кантакты з ПіС, заключаецца ў тым, каб зрабіць усё для захавання дэмакратыі ў Польшчы», – заклікае чэшскае выданне.

***

У Малдове прайшоў другі саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці – арганізацыі, заснаванай у мінулым годзе і якая аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах 47 дзяржаў кантынента. Канфрантацыя з Расеяй і салідарнасць з Украінай сталі аднымі з галоўных тэм, якія абмяркоўваюцца падчас сустрэчы. Аглядальнікі разважаюць пра значнасць і патэнцыял ЕПС. Нідэрландская газета De Volkskrant бачыць пазітыўныя перспектывы.

«Пуцінскі імідж непаражальнасці яшчэ ніколі не быў схільны да такой эрозіі. Пуцін доўгія гады меркаваў, быццам Францыя і Нямеччына ў яго ў кішэні, а яны тым часам рашуча мяняюць сваю палітыку. Вынікі гэтага можна было на свае вочы назіраць у Малдове. Так, прорва паміж «старой Еўропай» і «новай Еўропай» яшчэ не пераадолена, аднак на гарызонце ўжо праглядаецца Еўропа куды больш адзіная і салідарная, чым калі-небудзь раней. І гэта відавочна не выслізнула ад увагі тых двух, хто не прысутнічаў на саміце: Пуціна і Лукашэнкі», – падкрэслівае нідэрландскае выданне.

***

Рэджэп Таіп Эрдаган афіцыйна ўступіў у свой трэці тэрмін на пасадзе прэзідэнта Турцыі. Пасля прывядзення да прысягі ў парламенце ён прадставіў свой новы кабінет. Еўрапейская прэса задаецца пытаннем, чым перамога дзейнага прэзідэнта багатая для будучыні. «У суботу на цырымоніі інаўгурацыі сярод іншых гасцей прысутнічаў і кіраўнік урада Арменіі. Гэта сігнал надзеі», – піша турэцкая газета Milliyet.

«Прыехаўшы на цырымонію ўступлення на пасаду прэзідэнта Турцыі, прэм’ер-міністр Мікол Пашынян зрабіў крок вялізнага значэння, які пойдзе на карысць народам абедзвюх краін. Пасля таго як Турцыя пераканала Арменію адмовіцца ад акупацыі Нагорнага Карабаха і цяпер робіць захады па адкрыцці пагранпунктаў на турэцка-армянскай мяжы, закрытых з 1993 года, цяперашні крок з боку Арменіі сведчыць аб рашучасці Ерэвана стаць на шлях рэалістычных рашэнняў. Рух па такім шляху прадвесціць шмат, вельмі шмат станоўчага – як для армян, так і для Азербайджана, а таксама – для турэцкага народа», – адзначае турэцкае выданне.

***

Тэрмін паўнамоцтваў генеральнага сакратара НАТА Енса Столтэнберга сканчаецца напрыканцы верасня гэтага года. Пераемнік, хутчэй за ўсё, будзе абраны на наступным саміце НАТА, які пройдзе ў ліпені ў Вільні. Многія краіны-сябры альянсу выступаюць за тое, каб пасаду генеральнага сакратара заняла жанчына. У панядзелак прэм’ер-міністр Даніі Метэ Фрэдэрыксен была запрошаная да прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Італьянская газета La Stampa не сумняваецца ў тым, што візіт Фрэдэрыксен у ЗША звязаны з пытаннем выбару пераемніка кіраўніка НАТА.

«У Фрэдэрыксен з Байдэнам – гутарка, якая абяцае стаць нечым большым, чым проста абменам меркаваннямі аб стане двухбаковых амерыкана-дацкіх адносін і падтрымцы Украіны. Некаторыя заходнія дыпламаты кажуць пра тое, што гэта, хутчэй, падобна на нейкі «экзамен», які Белы дом мае намер зладзіць Фрэдэрыксен як патэнцыйнай кандыдаткі на пасаду генеральнага сакратара НАТА. Белы дом афіцыйна гэтыя чуткі не каментаваў, але крыніцы ў Радзе нацыянальнай бяспекі заявілі, што «імя пераемніка дакладна будзе названа ў Вільне», – канстатуе італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.