Агляд прэсы: дэмакратыя як жыццё
Уімблдон сутыкнуўся з апазіцыяй з-за плана забароны гульцоў з Расеі і Беларусі. Праваслаўны Вялікдзень: свята без міру. Зброя для Кіева: Германія ўсё марудзіць. У Партугаліі ўспамінаюць Рэвалюцыю гваздзікоў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Прэзідэнт Жаночай тэніснай асацыяцыі WTA Стыў Сайман папярэдзіў Уімблдон, што ён сутыкаецца з «моцнай рэакцыяй» на рашэнне забараніць расейскіх і беларускіх гульцоў, і на будучым тыдні ў спрэчцы, якая прывяла да расколу тэніса, могуць быць новыя павароты», – піша японская газета The Japan Times.
У матэрыяле гаворка ідзе пра чаканні, калі прадстаўнікі Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP) і Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) сустрэнуцца ў кулуарах адкрытага чэмпіянату Мадрыда на наступным тыдні, каб абмеркаваць свае рэакцыі на крызіс.
«Паколькі турніры Вялікага шлема з’яўляюцца аўтаномнымі, магчымыя санкцыі з боку ATP і WTA могуць уключаць адмову ў прысуджэнні рэйтынгавых ачкоў з Уімблдона, які плануецца правесці з 27 чэрвеня па 10 ліпеня. Гэта можа перавесці Уімблдон да гучнага скандалу. Сітуацыя закранае пытанні дыскрымінацыі па прыкмеце нацыянальнасці, замаху на свабоду працы і права на роўнае абыходжанне. Пры гэтым Уімблдон знаходзіцца толькі на стадыі «дэкларацыі намераў». ATP і WTA ўжо ахарактарызавалі забарону як «несправядлівае» і «вялікае расчараванне». У турніры таксама не ўдзельнічалі нямецкія і японскія гульцы на працягу некалькіх гадоў пасля Другой сусветнай вайны, у той час як паўднёваафрыканцам было дазволена гуляць у эпоху апартэіду. На дадзены момант гульцам, якія прадстаўляюць Расею і Беларусь, дазволена ўдзельнічаць у спаборніцтвах ATP і WTA, але ім забаронена ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад назвамі або сцягам сваіх краін», – паведамляе японскае выданне.
Уладзімір Пуцін, які наведвае царкву на ўсе праваслаўныя святы і выступае там у ролі гэтакага набожнага хрысціяніна са свечкай у руцэ, адхіліў прапанову аб’явіць спыненне агню на час праваслаўнага Вялікадня 24 красавіка. Слынны кіраўнік сусветнага праваслаўя Сусветны Патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей I неаднаразова заклікаў Расею неадкладна спыніць уварванне. Еўрапейская прэса разважае аб Вялікадні падчас вайны.
Харвацкая газета Novi list асцерагаецца таго, што Украіне трэба перажыць яшчэ нямала святочных дзён у ваенны час.
«Тое, што цяпер робіцца ў Марыўпалі, і тое, што будзе адбывацца бліжэйшымі днямі, можа стаць генеральнай рэпетыцыяй таго, што чакае Украіну ў далейшым. І тут нічога не могуць зрабіць ні Патрыярх Варфаламей, ні Папа Францішак, ні кіраўнікі краін свету, якія спрабуюць выкарыстаць астатнія дыпламатычныя магчымасці для таго, каб намацаць шлях да больш хуткага заканчэння вайны. Эмануэль Макрон адмовіўся ад спробаў спыніць Уладзіміра Пуціна. Олаф Шольц па-ранейшаму адчайна супраціўляецца любому ціску, скіраванаму на тое, каб Нямеччына адмовілася ад расейскіх энерганосьбітаў. Мяркуючы па ўсім, гэта толькі першае з многіх Вялікадняў, якія ўкраінцы і расейцы ва Украіне будуць адзначаць пад выбухі снарадаў і гранат», – падкрэслівае харвацкае выданне.
Сітуацыя на ўсходзе Украіны працягвае абвастрацца. Тым часам канцлер ФРГ Шольц абяцае прадаставіць Украіне фінансавую падтрымку, але не цяжкае ўзбраенне, якога патрабуе Кіеў. На думку канцлера, якое, зрэшты, падзяляе шэраг нямецкіх СМІ, існуе небяспека таго, што пастаўкамі зброі Нямеччына будзе толькі садзейнічаць эскалацыі. Большасць аглядальнікаў, аднак, мяркуе, што Берлін занадта ўжо марудзіць.
«Нямеччыне час, нарэшце, адпавядаць сваёй ролі лідара Еўропы», – такі каментар дае брытанская газета The Observer.
«Няма сумневаў у тым, што распачаты ў 1991 годзе 30-гадовы перыяд, на працягу якога Нямеччына квітнела дзякуючы танным энерганосьбітам, а яе дыпламаты былі лаяльнымі да Пуціна, зараз скончыўся. Ясна таксама і тое, што Нямеччына перажывае вельмі балючае геапалітычнае абуджэнне. Берлін не можа больш увільваць ад сваёй шырокай адказнасці, якую накладае на яго роля еўрапейскага лідара. І найперш гэта тычыцца пытанняў еўрапейскай бяспекі. Калі на мінулым тыдні Шольцу задалі пытанні наконт гэтага, ён заявіў, што галоўная яго асцярога: гэта пагроза ядзернай вайны з Расеяй. Гэта па-за ўсякім сумневам абсалютна разумна. Аднак магчымы відавочны перакос у бок залішняй асцярожнасці і эгаістычнасці, і тут Шольц вельмі далёкі ад таго, каб знайсці дакладны баланс», – папярэджвае брытанскае выданне.
25 красавіка ў Партугаліі адзначалася гадавіна Рэвалюцыі гваздзікоў 1974 года – ваеннага перавароту, які паклаў канец дыктатуры і падарыў краіне пераход да дэмакратыі, свабоды і еўрапейскай інтэграцыі. Сёння, праз 48 гадоў, партугальская прэса падводзіць вынікі.
«Партугалія тады зрабіла дакладны выбар: і адмовілася ад імперскіх амбіцый», – да такой высновы прыходзіць партугальскае выданне TSF.
«Калі ў партугальскім грамадстве і былі сумневы наконт значнасці падзей 25 красавіка, то сёння дастаткова зірнуць на фронт вайны ў Данбасе, які працягнуўся на 480 кіламетраў, каб зразумець: заваяванне свабоды і мірны, без кровапраліцця, пераход да дэмакратыі і былі нашай галоўнай перамогай. Партугалія дасягнула сваёй мэты і змагла стварыць дэмакратыю заходняга ўзору – з незалежнымі інстытутамі і свабоднай прэсай. Нягледзячы на ўсю хваравітасць, адбыўся паспяховы працэс дэкаланізацыі краіны. Сёння ў Партугаліі няма калоній, і яна больш не імкнецца мець такіх», – адзначае партугальскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя