Агляд прэсы: дно на фоне вайны
Неўзабаве Лукашэнка сустрэнецца з Пуціным, бо Беларусь плануе прыцягнуць грошы. СМІ назіраюць, як у Ізраілі распаўсюджваецца гвалт паміж габрэямі і арабамі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Міжнароднае выданне Eurasiareview піша пра тое, што Лукашэнка сустрэнецца з Пуціным у траўні, бо беларускі дыктатар сутыкаецца з усё большай ізаляцыяй ад Захаду ў сувязі з рэпрэсіямі супраць мірных дэманстрантаў.
«Візіт запланаваны на канец траўня, і гэта будзе трэцяя паездка Лукашэнкі ў Расею ў гэтым годзе. Прэзідэнт абмяркуе, між іншым, больш цесную інтэграцыю дзвюх краін», – паведамляе газета. – «У апошнія гады Пуцін падштурхоўвае Лукашэнку да крокаў да інтэграцыі іх эканомік, каб замацаваць 20-гадовае пагадненне аб утварэнні саюзнай дзяржавы. Лукашэнка адбіў ціск, але беспрэцэдэнтныя вулічныя акцыі пратэсту аслабілі яго перамоўныя пазіцыі з Пуціным. Лукашэнка імкнецца знізіць цэны на энерганосьбіты ад Расеі, перш чым рухацца наперад да інтэграцыі, а Пуцін хоча інтэграцыі перш, чым зніжаць цэны на Беларусь. Эканоміка Беларусі ў значнай ступені залежыць ад расейскай энергіі, якая сілкуе састарэлы вытворчы сектар».
«Бязлітасная барацьба разгарэлася паміж ізраільскімі габрэямі і ізраільскімі арабамі. Гэта яшчэ больш небяспечна, чым супрацьстаянне з Хамасом ў Газе», – лічыць нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung.
Газета адзначае, што Ізраіль перажывае цяжкія дні, але краіна прывыкла да войнаў. Вопыт паказвае: снарады сыплюцца градам, але ў нейкі момант надыходзіць супакой. Але цяпер у разгар новай бітвы за Газу нечакана адкрыўся новы фронт, які ў выніку можа апынуцца значна больш небяспечным, чым супрацьстаянне са знешнім ворагам. Бо гэтая лінія фронту праходзіць проста праз Ізраіль.
«Суіснаванне габрэяў і арабаў у Ізраілі заўсёды было далікатным. Хоць ў 1948 годзе заснавальнік дзяржавы Давід Бэн-Гурыён адкрыта гарантаваў арабскім грамадзянам тыя ж правы, што і габрэйскім, дэ-факта яны жывуць у паралельным грамадстве, будучы ў значнай ступені адрэзанымі ад дзяржаўных інстытутаў. Арабскую меншасць заўсёды ігнаравала дзяржава. У эпоху Нетаньяху дадаўся яшчэ адзін складнік: мэтанакіраваная траўля і дыскрымінацыя, а прыняты у 2018 годзе закон пра нацыянальную дзяржаву ператварыў ізраільскіх арабаў у грамадзян другога гатунку. Раскол, які створаны Нетаньяху, адказны за тое, што цяпер натоўпы арабаў і габрэяў сеюць хаос на вуліцах», – гаворыцца ў артыкуле.
«Падводнікі называюць гэта «цёмным морам», бо на дне мора можна амаль усё, калі вы здольныя туды пракрасціся. Межы не кантралююцца. Глабальнае рэгуляванне сляпое. Тым не менш, марское дно багата карыснымі выкапнямі, газам і нафтай, якія можна эксплуатаваць. Да таго ж на дне акіянічных западзін ў літаральным сэнсе пралягаюць кабелі, якія падтрымліваюць сусветныя тэлекамунікацыйныя сеткі. Праз іх праходзіць больш 95% дадзеных, якімі ўсе абменьваюцца. Лагічна, што ўзброеныя сілы вялікіх дзяржаў зацікаўлены ў кантролі над гэтымі тэрыторыямі», – піша французская газета Le Figaro.
Выданне адзначае, што на днях у французскі стратэгічны слоўнік увайшоў новы панятак: «вайна на марскім дне». Такія войны вяліся яшчэ падчас Першай сусветнай вайны: напрыклад перарэзванне нямецкіх тэлеграфных кабеляў. «Сёння каштоўная гіганцкая прапускная здольнасць кабеляў. Усё нашае лічбавае жыццё залежыць ад іх. У генеральным штабе з лёгкасцю мяркуюць, што будучыя канфлікты будуць разыгрывацца ў марскіх глыбінях, а таксама ў кіберпрасторы альбо ў па-заатмасфернай космапрасторы», – перадае Le Figaro.
«Асобныя дзяржавы і СААЗ занадта позна адрэагавалі на пачатак пандэміі каронавірусу», – паведамляе нямецкі часопіс Der Spiegel.
Як заўважае выданне СААЗ занадта павольна рэагавала на першыя трывожныя прыкметы магчымай пагрозы здароўю людзей, і прыводзіць даклад, апублікаваны ў сераду ў Жэневе, дзе не ў лепшым святле прадстаўлены і ўрады краін. «У лютым 2020 года многія краіны занадта доўга вагаліся, замест таго каб прыняць меры супраць распаўсюджвання віруса Sars-CoV-2. Сістэма ў яе сённяшнім выглядзе ня прыдатная для прадухілення развіцця пандэміі ў сувязі з новым і высока заразным ўзбуджальнікам», – гаворыцца ў дакладзе. «Пры гэтым такі патоген можа з’явіцца ў любы момант. Новая глабальная сістэма назірання за захворваннямі павінна дазволіць СААЗ пры неабходнасці неадкладна біць трывогу – без кансультацый з пацярпелымі краінамі».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя