Агляд прэсы: Драпежны падыход
Сі Цзіньпін і Лукашэнка – сябры навечна? Ці падтрымліваюць улады Ізраіля гвалт з боку пасяленцаў? Фінскі парламент сказаў «так» уступленню ў НАТО. Чыгуначная катастрофа ў Грэцыі: усё да таго і ішло? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
У сераду Лукашэнка наведаў з афіцыйным візітам Пекін. Лукашэнка – блізкі саюзнік Масквы – знаходзіцца ў няпростай сітуацыі ў сувязі з накладзенымі Захадам санкцыямі і, мяркуючы па ўсім, ускладае немалыя спадзяванні на супрацоўніцтва з Кітаем. Аглядальнікі разважаюць над тым, якія меркаванні пры гэтым рухаюць Пекінам. «Калі Пекін пачне пастаўляць зброю Маскве, то плаціну прарве», – папярэджвае дацкая газета Berlingske.
«Нягледзячы на рознагалоссі з Кітаем, усё роўна заўсёды было пачуццё, што за яго рыторыкай усё ж стаіць краіна, якая ў дыпламатычнай сферы дзейнічае рацыянальна. Менавіта так складалася сітуацыя ў першай фазе вайны ва Ўкраіне, калі Кітай заняў асцярожную пазіцыю. Аднак паступова яна змянілася на больш драпежнае стаўленне да канфлікту. Бо калі прачытаць тое, што гаворыцца паміж радкамі ў пасланнях Кітая наконт Украіны, то можна ясна заўважыць паступовы дрэйф на карысць Расеі. Калі Кітай зробіць апошні крок і пачне пастаўкі зброі Расеі, то тады яе трэба будзе як мага больш шчыльна ізаляваць. Паколькі такі крок Кітая будзе азначаць, што вайна вакол Украіны закручваецца ў смяротную спіраль», – піша дацкае выданне.
У палестынскім горадзе Хувара палестынскія тэрарысты застрэлілі двух ізраільцян. У адказ ізраільскія пасяленцы ўчынілі беспарадкі, падчас якіх былі спалены дзясяткі дамоў і аўтамабіляў, пацярпелі сотні чалавек. Міністр фінансаў Ізраіля Бецалель Смотрыч, прыхільнік ультраправых і артадаксальных поглядаў, а таксама іншыя члены кіруючай кааліцыі адобрылі дзеянні пасяленцаў. Прэса ўстрывожаная тым, да чаго могуць прывесці пазіцыя і дзеянні падобнага ўрада. Нямецкая газета De Standaard уаказвае на небяспеку таго, што можа рэалізавацца сцэнар, які разумее пашырэнне будаўніцтва селішчаў і, адпаведна, гвалты са боку пасяленцаў.
«Урад Нетаньяху робіць усё магчымае для таго, каб пры дапамозе новых законаў падарваць ураўнаважваючую сілу вяршэнства права, каб нішто не магло перашкодзіць кааліцыі пабудаваць больш за 10 тысяч новых незаконных селішчаў, а агрэсіўным пасяленцам можна было не думаць аб магчымым пакаранні. Калі гэты план спрацуе, то свет можа сутыкнуцца з новым, жудасным Ізраілем, як яго нядаўна апісаў вядомы пісьменнік Юваль Ной Харары: дзяржавай з вялізным ваенным і ядзерным апаратам у руках экстрэмісцкіх прыхільнікаў жорсткай лініі; дзяржавай, якая зможа душыць палестынскую супольнасць яшчэ больш нястрымным і жорсткім чынам, чым гэта мела месца раней», – канстатуе нямецкае выданне.
У сераду фінскі парламент прагаласаваў за ўступленне краіны ў НАТО пераважнай большасцю ў 184 галасы супраць 7. Аднак, як і Швецыя, Фінляндыя ўсё яшчэ чакае адабрэння з боку двух членаў альянсу – Венгрыі і Турцыі. «Анкара спыніцца перашкаджаць ўступленню гэтых краін у альянс – самае позняе, як толькі скончацца выбары», – такі прагноз дае турэцкая газета Yetkin Report.
«Калі Эрдаган выйграе выбары, то сяброўства ў НАТО можа быць ухваленае спачатку для Фінляндыі, а затым і для Швецыі, а можа, нават для абедзвюх краін адначасова на саміце ў Вільні у ліпені гэтага года. Нават калі міністр замежных спраў Чавушаглу зараз паўтарае, што Турцыя не дасць згоды да таго часу, пакуль Швецыя не выканае патрабаванні, цалкам верагодна, што супрацьдзеянне Эрдагана Злучаным Штатам усё ж скончыцца прымірэннем. А што будзе, калі Эрдаган прайграе? Альянс шасці апазіцыйных партый Турцыі ўжо паабяцаў узмацніць барацьбу з тэрарызмам і паглыбіць адносіны з Захадам – у першую чаргу з Еўрапейскім саюзам», – абнадзейвае турэцкае выданне.
У аўторак у выніку лабавога сутыкнення двух цягнікоў на ўчастку Афіны-Салонікі загінулі сама меней 47 чалавек, а 80 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Па словах супрацоўнікаў Арганізацыі грэчаскіх чыгунак (OSE), у сілу няспраўнасці сігнальнай сістэмы рух цягнікоў яшчэ з 2000 года рэгулюецца ўручную. Прэм’ер-міністр Міцатакіс заявіў, што віной трагедыі стаў чалавечы фактар. «Гэта занадта простая адгаворка», – піша грэчаская прэса. На думку грэчаскага партала Infowar, катастрофа была абумоўлена прыватызацыяй.
«Час, які папярэднічае прыватызацыі, як правіла, адрозніваецца значным пагаршэннем дзяржаўнай інфраструктуры, паколькі ўлады, якія жадаюць збыць з рук тыя ці іншыя актывы, мэтанакіравана не падтрымліваюць іх у належным стане, каб заявіць на ўвесь свет, што, маўляў, дзяржава «не спраўляецца». Менавіта гэта мела месца ў выпадку Арганізацыі чыгунак Грэцыі (OSE), прычым шмат гадоў. І ўдзельнічаў у працэсе цэлы шэраг урадаў: усе яны рыхтаваліся да прыватызацыі. Пасля прыватызацыі гэтую катастрафічную сітуацыю зараз будзе вельмі складана выправіць», – наракае грэчаскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка