Агляд прэсы: «дровы» стрэлачнікаў



Беларусь як асноўны міф і памылка Расеі. Як супакоіць сітуацыю на Блізкім Усходзе? СМІ аналізуюць антысемітызм на дэманстрацыях і мітынгах у Германіі.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

-«Пра любое сваяцтва з украінцамі і беларусамі рускім варта забыцца», – адзначае брытанскае выданне Chatham House. – «Варта памятаць адрозненне беларускай мовы ад рускай, ролю Вялікага княства Літоўскага і тысячагадовую гісторыю Крыма».

На старонках выдання прыводзіцца даклад, які выкрывае 16 самых распаўсюджаных міфаў, якія фармуюць сучаснае заходняе мысленне пра Расею, як і самой Расеі.

«Крэмль скажае гісторыю рэгіёну, каб легітымізаваць ідэю пра тое, што Украіна і Беларусь з’яўляюцца часткай «натуральнай» сферы ўплыву Расеі», – развенчвае прапаганду РФ Chatham House. – «Гістарычна няправільна сцвярджаць, што Расея, Украіна і Беларусь калі-небудзь складалі адзінае нацыянальнае ўтварэнне. Хаця Беларусь і Украіна на самой справе маюць палітычныя і культурныя карані ў еўрапейскіх па сваёй сутнасці структурах, такіх як Вялікае княства Літоўскае».

Намаганні Масквы паставіць пад сумнеў нацыянальную ідэнтычнасць украінцаў і беларусаў закліканы ўкараніць такія стэрэатыпы на міжнародным роўні, каб зрабіць немажлівымі еўраінтэграцыйныя памкненні Украіны і Беларусі, адзначае брытанскае выданне.

Баявыя дзеянні паміж ізраільскай арміяй і радыкальнымі палесцінскімі групоўкамі, згуртаванымі вакол тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС, не заціхлі. Ізраільскія ВПС зноў нанеслі ўдары па баявых цэлях у Газе, а ХАМАС абстраляў ракетамі ізраільскія гарады Бээр-Шэва і Ашкелон. Прэса разважае пра тое, якія фактары перашкаджаюць заканчэнню канфлікту.

Швейцарская газета Corriere del Ticino сумняваецца ў тым, што канфлікт можна вырашыць дыпламатычным шляхам.

«Для цяперашняга супрацьстаяння характэрна тое, што палесцінцаў прадстаўляе выключна ХАМАС – арганізацыя, якая большасцю краін свету прызнаная тэрарыстычнай групоўкай. У выніку ні ў аднаго з бакоў канфлікту на міжнароднай арэне няма партнёраў, з якімі можна было б абмеркаваць сітуацыю. Няма іх у ізраільскага прэм’ера-міністра Біньяміна Нетаньяху, які непахісна ўпэўнены ў сваёй бязгрэшнасці, але пры гэтым затрымаўся ў капкане палітычнай і юрыдычнай бязладзіцы. Няма партнёраў і ў палесцінскага боку, які перажывае сур’ёзны крызіс кіраўніцтва: да прэзідэнта Махмуда Абаса ніхто ўжо не прыслухоўваецца (хоць ён і меў гутарку з Байдэнам), а таму ён не ў стане выступіць пасярэднікам і наладзіць дыялог паміж сусветнай супольнасцю і ХАМАСам» – заўважае швейцарскае выданне.

На фоне цяперашняй эскалацыі палесцінска-ізраільскага канфлікту, у Германіі праходзяць антыізраільскія мітынгі, і справа даходзіць да антысеміцкіх нападаў. Так, падчас дэманстрацый у некалькіх гарадах краіны ў мінулыя выходныя былі спалены ізраільскія сцягі, а некалькімі днямі раней дэманстранты закідалі камянямі сінагогі. СМІ канстатуюць, што ініцыятарамі гвалту ў асноўным з’яўляюцца маладыя людзі арабскага ці турэцкага паходжання.

На думку чэшскай газеты Lidové noviny, антысеміцкія выхадкі не сустракаюць у Германіі належнага адпору.

«У наяўнасці відавочнае дэжавю: на вуліцах Германіі спальваюць ізраільскія сцягі, у вокны сінагог ляцяць камяні і чутныя выкрыкі накшталт «Scheiß-Juden». Няўжо Германія не ўспрыняла ніякіх урокаў, і гісторыя зноў паўтараецца? У цяперашняй мультыкультурнай Германіі гэтае пытанне гучыць правакацыйна, але тым не менш яно напрошваецца само сабой. Напад неанацыста на сінагогу ў Гале стала нацыянальнай траўмай. Але калі «людзі з міграцыйным мінулым» нападаюць на сінагогі ў Германіі па прычыне канфлікту таго, што адбываецца за тысячы кіламетраў, усе як быццам у рот вады набралі. На дакладную і адназначную рэакцыю яшчэ трэба чакаць і чакаць».

Толькі па заканчэнні некалькіх месяцаў кампанія па вакцынацыі ад каронавірусу ў Еўропе набрала патрэбны тэмп: і ўсё з-за недахопу вакцынаў. Цяпер узнікае новая праблема: некаторыя слаі насельніцтва цяжка пераканаць у неабходнасці прышчапіцца. Аглядальнікі разважаюць пра прычыны.

У Швецыі цэнтры вакцынацыі, размешчаныя ў самых бедных кварталах, часцяком пустуюць. Мясцовая газета Aftonbladet заклікае ведамства аховы здароўя паспрабаваць дастукацца да людзей пры дапамозе самога простага ліста.

«Неабходны ліст у паштовай скрыні з запрашэннем прайсці вакцынацыю, з указаннем даты і часу наступнай ін’екцыі. Патрэбныя кантакты адэкватных медыцынскіх работнікаў, з якімі можна пагутарыць, калі вы знаходзіцеся ў нерашучасці, а таксама мерапрыемствы, якія сапраўды нешта даюць. Кажучы пра тое, чаму вакцынацыя праходзіць так сабе, палітыкі моршчаць ілбы і прыводзяць мноства прычынаў. І толькі нешматлікія прыходзяць да найпростага тлумачэння: у бедных раёнах Стакгольма не толькі тэставанне пачалося пазней, чым дзе б там ні было. Першымі прышчэпку ад COVID-19 таксама атрымалі жыхары багатых раёнаў горада».

Беларускае Радыё Рацыя