Агляд прэсы: „другая маладосць”
Японская прэса аналізуе мажлівасці рэагавання на гібрыдную вайну Расеі. Каронавірус усё-такі быў створаны ў лабараторыі Ухань? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
У Менску на два гады зняволення прыгавораны дзве журналісткі польскага тэлеканала Белсат. Паводле абвінавачання, дзяўчыны нібыта арганізоўвалі пратэсты супраць прэзыдэнта Лукашэнкі. Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ў лістападзе мінулага года вялі прамой рэпартаж з апазіцыйнага мітынгу. Аглядальнікі пішуць пра дэталі працэсу.
Так Ірына Халіп, карэспандэнт Новой Газеты ў Беларусі, піша пра тое, што ўсе тыя, хто адправіў журналістак на турэмныя нары – ад пракурора да суддзі, – усе яны вельмі маладыя людзі – паміж 22 і 31 гадамі.
«Адначасова з бясстрашнымі студэнтамі, якія выходзілі на пратэсты і цяпер сядзяць у турмах ці бегаюць у пошуках працы пасьля адлічэньня «за палітыку», у Беларусі сфарміраваўся і «Гітлерюгенд», які спакойна і радасна, у прадчуванні хвалы і прэміі, адпраўляе сваіх аднагодкаў за краты», – адзначаецца ў расейскім выданні.
Японскі часопіс Shukan Gendai разважае над тым, што любая вайна – гэта не толькі стральба. Ёсць яшчэ і гібрыдная вайна, якую, паводле выдання, вядзе Расея зараз, калі спалучаюцца ваенныя пагрозы і іншыя сродкі для дасягнення палітычных мэтаў. У гібрыднай вайне выкарыстоўваюцца канфлікты ў палітыцы, эканоміцы, дыпламатыі, інфармацыі, уключаючы прапаганду, а таксама такія інструменты, як псіхалагічная вайна, і нават тэрарызм і крымінальныя ўчынкі. Менавіта таму зараз з`явілася новая праграма абароны Японіі, каб паспець адказаць на змены ў балансе сілаў з-за нарошчвання ваеннага патэнцыялу Кітая ва ўмовах адноснага паслаблення Злучаных Штатаў.
«Сёння Расея трымае ў сваіх рукох ключы ад міру і стабільнасці ў нестабільных і ваюючых Украіне і Сірыі. А свет занепакоены гонкай узбраенняў паміж ЗША, Расеяй і Кітаем. З улікам гэтага, няма ніякіх сумненняў у тым, што Расея ўяўляе цяпер сур’ёзную пагрозу для бяспекі свету», – робіць выснову японскае выданне.
Аўстрыйскае выданне Der Standard задаецца пытаннем аб штучным паходжанні коронавірусу.
«Тыдзень таму ў аўторак ва Ухані адбылася прэс-канферэнцыя высокапастаўленых экспертаў СААЗ, якія на працягу чатырох тыдняў шукалі ў Кітаі магчымыя крыніцы віруса Sars-CoV-2. Праўда, амаль палову часу яны правялі на карантыне ў нумарах гатэляў. Навізна зробленых высноў, як і чакалася, аказалася сціплай», – адзначае журналіст Клаўс Ташвер.
Кіраўнік каманды, датчанін Пітэр Бэн Эмбарэк, у чарговы раз падтрымаў тэорыю, якая ўжо даўно лічыцца найбольш верагоднай: мяркуемай, крыніцай вірусу стаў адзін з відаў кажаноў. Аднак прафесар Гамбургскага універсітэту Роланд Візэндангер апублікаваў 105-старонкавую версію пра аварыю ў лабараторыі Ухань, якая мяркуема і стала крыніцай вірусу.
«Канкрэтных доказаў або новых фактаў фізік не прывёў, але тым не менш ён звёў у адно найважнейшыя абставіны, уключна на няўдалыя спробы ідэнтыфікаваць жывёлу-прамежкавага гаспадара, дзякуючы якому ўзбуджальнікі Sars-CoV-2 змаглі перадацца ад кажаноў чалавеку», – адзначае Der Standard. «Па-другое, кажаны не прадаваліся на рыбным рынку ў цэнтры Уханя, на якіх і наклаліся ўсе падазрэнні. Па-трэцяе, даследчая група Інстытута вірусалогіі ва Ухані гадамі займалася генна-тэхнічнымі маніпуляцыямі над каронавірусамі. Па-чацвёртае, новыя каронавірусы могуць дзіўна добра прымацоўвацца да клеткавых рэцэптараў чалавека, што і ўказвае на штучнае паходжанне ўзбуджальніка», – прыводзіць пералік довадаў нямецкае выданне.
Штодзённая брытанская газета The Times папярэджвае, што геамагнітная катастрофа, якая сцерла з твару Зямлі неандэртальцаў, можа адбыцца ізноў. Паводле выдання, напрыканцы каменнага веку свет дасягнуў пераломнага моманту. У Еўропе зніклі нашы бліжэйшыя эвалюцыйныя субраты, неандэртальцы, а ў Аўстраліі – усе жывёлы буйней за кенгуру. У гэты ж момант адбыўся творчы выбух наскальнага мастацтва. Згодна з новым даследаваннем, усё гэта можа быць звязана з адным падзеяй – раптоўным калапсам магнітнага поля Зямлі і зменай палюсоў, што зрабіла планету ўразлівай для імклівай хвалі касмічнага выпраменьвання.
«Нашы продкі хаваліся у пячорах, каб пазбегнуць магутнага ультрафіялетавага выпраменьвання. Чырвоная охра, якая шырока выкарыстоўвалася для размалёўвання, апынулася добрым сонцаахоўным крэмам. Ці паўтарыцца гэтая гісторыя і ці можа паўночны магнітны полюс перамясціцца з Канады, навукоўцы катэгарычна таку мажлівасць не адмаўляюць», – піша The Times.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя