Агляд прэсы: дварэцкія войны
Беларусь не Расея: чаму ЕЗ не павінен адмаўляцца ад Беларусі. Канцлер Аўстрыі наведаў Пуціна. Борыс Джонсан у Кіеве: проста шоу? Паядынак Макрона і Ле Пэн: у чым адрозненне ад 2017 года? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
„Інструментальная роля рэжыму Лукашэнкі ў расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны выклікала сумневы ў тым, ці можна ўвогуле лічыць Беларусь суверэннай дзяржавай. З дэградацыяй беларускага суверэнітэту ці пагодзіцца ЕЗ быць толькі маўклівым сведкам? І ці не будзе больш разглядацца Беларусь як асобная ад Расеі краіна?”, – задаецца пытаннем еўрапейскае выданне Euobserver.
«Такі падыход цалкам кантрастуе з абяцаннем ЕЗ быць на баку народа Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, адзначаных фальсіфікацыямі і беспрэцэдэнтным гвалтам супраць мірных дэманстрантаў. Пасля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны ЕС паставіў беларусаў у адзін шэраг з расейцамі. Чэхія вырашыла спыніць выдачу віз беларусам. Тартускі ўніверсітэт абвясціў, што ў наступным годзе не будзе набіраць студэнтаў з Беларусі на знак салідарнасці з Украінай. Германія заблакавала банкаўскія рахункі ўладальнікаў беларускіх пашпартоў. Клініка ў Мюнхене вырашыла не прымаць пацыентаў з беларускімі пашпартамі. Нават беларускія ўцекачы, якія ўцяклі ад рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі ва Украіну, а затым ад вайны ў ЕЗ, не маюць права на такую ж часовую абарону, як уладальнікі ўкраінскіх пашпартоў. Безумоўна, бесчалавечныя дзеянні расейскай арміі і датычнасць рэжыму Лукашэнкі да гэтых зверстваў заслугоўваюць толькі пагарды і санкцый. Беларускае насельніцтва таксама пагарджае імі. Цяжкі крыж нясуць беларусы. Яны пражылі 28 гадоў пры надзвычай рэпрэсіўным рэжыме, які нібыта займаўся пазасудовымі забойствамі палітычных апанентаў. Ніхто, акрамя саміх беларусаў, не можа зрабіць сваю краіну свабоднай. І іх свабода і дэмакратыя з’яўляюцца часткай дэімперыялізацыі Расеі. Пры захаванні ціску на рэжым Лукашэнкі неабходны падыход і палітыка, якая адрознівае Беларусь ад Расеі, жыццёва важная для таго, каб гэты працэс адбыўся ў будучыні. Працягваючы сваю падтрымку беларускаму народу, ЕЗ можа паспрыяць гэтаму ўжо цяпер», – заклікае еўрапейскае выданне.
Федэральны канцлер Аўстрыі Нехамэр спрабуе выступіць пасярэднікам у вайне ва Украіне: ён стаў першым кіраўніком урада краіны Еўразвязу, які наведаў з візітам Маскву пасля нападу Расеі на Украіну, і асабіста сустрэўся з прэзідэнтам Пуціным. Нехамэр заклікаў расследаваць учыненыя ва Украіне ваенныя злачынствы, у тым ліку і тыя, што мелі месца ў Бучы. Аглядальнікі разважаюць аб тым, ці можа гэты візіт хоць нешта змяніць у наяўнай сітуацыі.
«Ужо лепей бы гэты палітык ад Аўстрыйскай народнай партыі застаўся дома», – такі каментар нямецкай газеты Süddeutsche Zeitung.
„Быць маралістам, адукоўваць – і тое, і другое вельмі пахвальна, але пры гэтым – вельмі наіўна. Ваенныя злачынствы ўчыняюцца наўмысна. Рэальнасць усім вядомая. Любы, хто ўсё яшчэ верыць, што Пуцін дрэнна праінфармаваны ці ўведзены ў зман сваімі прыдворнымі, проста не жадае бачыць таго, што стратэгія Крамля ў тым і заключаецца, каб знішчыць Украіну і ўкраінцаў. А потым і ўсіх, хто спрабуе даць адпор Пуціну і ягоным шалёным ідэолагам. Маральнасць – гэта катэгорыя, не прынятая ў Крамлі. Прэзідэнт Расеі будзе выкарыстоўваць Нехамэра і яго пасланні – ці проста праігнаруе іх. Бо ў Маскве правілы ўстанаўлівае Уладзімір Пуцін”, – падкрэслівае нямецкае выданне.
У мінулыя выходныя прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі нечакана наведаў з візітам Кіеў. З аднаго боку, Вялікабрытанія з самага пачатку вайны пастаўляе Украіне зброю, а з другога боку, Лондан далёка не адразу пачаў уводзіць санкцыі супраць расейскіх алігархаў. «Борыс Джонсан – падбухторшчык вайны», – абураецца італьянская газета La Stampa.
«З самага пачатку канфлікту Джонсан нязменна імкнуўся паўстаць у ролі лідара заходняй кааліцыі. Пры гэтым, седзячы ў акопе, ён усяляк спрабаваў адмежавацца ад гэтых вечна вагальных еўрапейцаў, якія раз-пораз цвердзяць сваё фірмовае „Так, вядома, але…”. А брытанец, гэтакі Джон Буль, зладзіць ім наганяй. Для таго, каб пайсці паходам на Маскву ў авангардзе татальнай вайны, ён мае патрэбу толькі ў верных яму паляках. І, вядома, амерыканцах! Для апошніх ён пракладвае шлях, цалкам у духу той традыцыі, што склалася з часоў Суэцкага крызісу 1956 года, які стаў апошняй канвульсіяй былой брытанскай імперыі і які азнаменаваў сабой пачатак куды менш дастаслаўнай эпохі для брытанцаў – эпохі, у якой ім выведзена толькі роля адданага дварэцкага вялікага англасаксонскага кузена. За нечым іншым выхадам падвізаліся і іншыя лідэры Вялікабрытаніі – напрыклад, Тоні Блэр, які меў прамыя адносіны да злоснай вайны ў Персідскім заліве», – піша італьянскае выданне.
Па выніках першага тура выбараў вызначыліся два фіналісты выбарчай гонкі: дзейны прэзідэнт Эманюэль Макрон і яго суперніца з крайняга правага флангу Марын Ле Пен. Цяпер ім трэба скрыжаваць шпагі ў другім туры, як тое мела месца і ў 2017 годзе. Еўрапейская прэса піша пра тое, што адрознівае цяперашнюю сітуацыю ад стану справаў пяцігадовай даўніны.
Фінская газета Helsingin Sanomat здзіўляецца, чаму Ле Пэн усё яшчэ мае падтрымку сярод выбаршчыкаў.
«Гледзячы з Фінляндыі, не перастаеш дзівіцца таму, як хутка французы забыліся пра сувязі Ле Пен з Расеяй – ці вырашылі гэты факт праігнараваць. Застаецца спадзявацца, што гэтая тэма будзе паднятая падчас дэбатаў напярэдадні другога туру выбараў. Поглядам французаў паўстаюць тыя ж кадры зверстваў вайны ва Украіне, што і поглядам фінаў, і гэтыя кадры нікога не могуць пакінуць абыякавымі. Зразумела, што ў свабоднай дэмакратыі грамадзяне галасуюць так, як лічаць патрэбным. Аднак калі яны накіроўваюцца да выбарчых урнаў, у іх галовах павінны быць рэальныя ўяўленні аб кандыдатах», – адзначае фінскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя