Агляд прэсы: двое ў лодцы
Байдэн і Пуцін падымаюць рэйтынг адзін аднаго, але пытанне па Беларусі не вырашана. Славацкія СМІ адстаялі грамадскі кантроль расследавання забойства калегі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Саміт ЗША і Расеі ў Жэневе пацвердзіў нізкія чакання ад сустрэчы. Канкрэтных дамоўленасцяў дасягнута амаль не было, але, па меншай меры, амерыканскі прэзідэнт больш не падахвочвае свайго расейскага візаві да нападаў», – піша швайцарскае выданне Neue Zürcher Zeitung.
«Хор каментатараў напярэдадні Жэнеўскага саміту быў даволі аднадушны ад Масквы да Вашынгтона: ані з амерыканскага, ані з расейскага боку не было асаблівых спадзяванняў на саступкі або змяненні стратэгіі. Прынамсі па беларускім пытанні заяўлена наступнае: Байдэн заклапочаны адносна Беларусі. Пуцін кажа, што па-іншаму бачыць, што з гэтым рабіць», – адзначае швейцарскае выданне.
«Тым не менш, было правільна, што гэтыя два чалавекі нарэшце сустрэліся», – падсумоўвае Neue Zürcher Zeitung.
У аўторак у Венгрыі кіруючая партыя Фідэс прыняла «Закон супраць педафіліі». Зараз пад забаронай аказваюцца «адлюстраванне і заахвочванне» да гома- і транссэксуальнасці. Гэта тычыцца, да прыкладу, навучальных планаў, кніг і фільмаў. Змена полу забараняецца для моладзі ва ўзросце да 18 гадоў. Аглядальнікі пішуць пра тое, што ў ход пайшлі маніпулятыўныя метады, якія яшчэ дадуць пра сябе ведаць.
«Законапраект пабудаваны на абуральнай маніпуляцыі», – адзначае аўстрыйская газета Der Standard.
«Тое, што гэтыя палажэнні ўключаны ў закон, які прадугледжвае больш суровае пакаранне за сэксуальны гвалт у адносінах да дзяцей і падлеткаў, чыста стратэгічна з’яўляецца вельмі недурным ходам. Ўзмацненне жорсткасці пакарання за сэксуальныя злачынствы ў дачыненні да прадстаўнікоў падрастаючага пакалення выкліча менш пярэчанняў, чым прапісанае ў законе адмаўленне гомасэксуальнасці. Але змешванне абедзвюх катэгорый не толькі недапушчальна, але і небяспечна. Бо няма ніякіх аргументаў на карысць таго, што замоўчванне аднаго з бакоў сэксуальнасці можа нейкім чынам абараніць падлеткаў ад замахаў з боку дарослых», – адзначае аўстрыйскае выданне.
У Славакіі аднавіўся працэс супраць меркаванага заказчыка забойства журналіста Яна Куцыяка і яго нявесты Марціны Кушніровай. У аўторак Вярхоўны суд у Браціславе адмяніў апраўдальны прысуд , вынесены ў верасні мінулага года мільянеру Мар’яну Кочнеру і яго меркаванай хаўрусніцы. Аглядальнікі ўздыхнулі з палёгкай.
«Вялікая цікавасць, якую прыцягнулі да гэтай справы менаіта СМІ, зрабіла сваю справу», – адзначае чэшская газета Hospodářské noviny.
«Дзякуючы СМІ за суддзямі назірае ўся краіна. І гэта выдатна, бо, мяркуючы па апытаннях, праведзеных у канцы праўлення Робэрта Фіцо і яго партыі, узровень даверу да судоў быў у Славакіі самым нізкім ва ўсім ЕЗ. Аднавіць гэты давер, а разам і рэпутацыю краіны, можа толькі дакладная і карпатлівая праца суддзяў – гэта значыць грунтоўнае абгрунтаванне прысуду, няхай ён будзе апраўдальны або абвінаваўчы. Толькі ў гэтым выпадку Славакія зможа паслужыць сваім суседзям, у тым ліку Чэхіі, прыкладам таго, як можна выйсці з цёмнай нетры беззаконня да ўзорнай ліберальнай дэмакратыі», – падсумоўвае чэшскае выданне.
«У новым даследаванні сцвярджаецца, што на сённяшні момант культура дапамагае чалавецтву як віду развівацца хутчэй, чым генетычныя змены», – піша брытанская газета Daily Mail.
«Даследчыкі Універсітэта штата Мэн лічаць, што культура, якую яны вызначаюць як набытыя веды, уменні і навыкі, становіцца рухаючай сілай эвалюцыі, дапамагаючы людзям адаптавацца да навакольнага асяроддзя і пераадольваць праблемы лепш і хутчэй, чым генетыка», – гаворыцца ў артыкуле.
Культурная адаптацыя, на думку каманды навукоўцаў, адбываецца хутчэй у вялікіх групах, што сведчыць аб тым, што эвалюцыя стала больш арыентаванай менавіта на групы.
«Сучасныя людзі не чакаюць, пакуль успышка хваробы знішчыць слабых, а змагаюцца з ёй, распрацоўваючы вакцыны і медычныя метады лячэння. Аднак навуковая медыцына таксама можа ісці супраць натуральнага адбору, спрыяючы ўмацаванню здароўя і ўзнаўленню людзей са шкоднымі генетычнымі асаблівасцямі», – гаворыцца ў артыкуле брытанскага выдання.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя