Агляд прэсы: двое ў лодцы
Расейска-беларускія манеўры «Захад»: Масква гуляе мускуламі. Выбары ў нямецкі бундэстаг: чаго чакаць Еўропе? Ізраіль прыглядаецца да Егіпту. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Нямецкая газета Der Spiegel занепакоеная тым, што манеўры «Захад-2021» прадугледжваюць у сцэнары выратаванне Беларусі ад сілавога ўмяшальніцтва Захаду ў яе ўнутраную палітыку.
«Гэты сцэнар і напраўду быў бы смешным, калі б ён не быў рэалістычным: рэжым Пуціна і Лукашэнкі ў штыкі сустракае любую падтрымку з боку ЗША і ЕЗ любой апазіцыі ў Беларусі, ды і ў Расеі таксама. А Лукашэнка разглядае пратэсты супраць яго фальсіфікаванага перавыбрання ў 2020 годзе як замаскіраваную спробу путчу, арганізаваную Захадам. У ходзе ваенных манеўраў «Захад» Беларусь і Расея будуць разам адпрацоўваць уяўны напад НАТА. Масква ўзмацняе ўплыў на Менск і хоча прадэманстраваць Захаду сваю ўдарную сілу», – адзначае нямецкае выданне.
Газета Der Spiegel расцэньвае нядаўнюю сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі як крок да далейшай інтэграцыі саюзнай дзяржавы; адпаведныя дакументы яны збіраюцца падпісаць ужо гэтай восенню.
«Акрамя таго, Масква не будзе падымаць у 2022 годзе кошт на газ для Беларусі. Як асцерагаюцца праціўнікі Лукашэнкі, падобная інтэграцыя нанясе шкоду беларускім інтарэсам», – піша нямецкае выданне і цытуе сцэнар вучэнняў «Захад»:
“На Беларусь нападаюць суседнія дзяржавы «Нярыс» і «Памор’е» – маюцца на ўвазе верагодна Літва і Польшча – у саюзе з магутнай «Палярнай рэспублікай» і «Міжнароднымі тэрарыстычнымі дзяржавамі». Сумеснымі намаганнямі яны хочуць дамагчыся змены ўраду ў «Палессі» (гэта значыць, у Беларусі) ды адшчапіць тэрыторыю краіны ад «Цэнтральнай Федэрацыі» (маецца на ўвазе Расея)”.
Да выбараў у бундэстаг засталося менш за два тыдні. Па выніках праведзенага ў нядзелю другога туру тэледэбатаў паміж кандыдатамі на пасаду канцлера Германіі апытанні паказваюць наступны расклад сілаў: 26 адсоткаў выбарцаў гатовы аддаць свой голас за СДПГ, 20,5 адсоткі – ХДС/ХСС, 15 адсоткаў – Зялёным. Еўрапейская прэса аналізуе сітуацыю і разважае пра тое, які курс у будучыні варта было б абраць Германіі і Еўропе.
«Ані ХДС, ані СДПГ не здольныя даць адказ на выклікі, звязаныя са змяненнем клімату», – лічыць дацкая газета Politiken.
«Армін Лашэт, сябра кансерватыўнага ХДС і аднапартыец Мэркель, губляе ачкі з-за таго, што партыя, якую ён узначальвае, на працягу многіх гадоў уставала на абарону нямецкага аўтапрама, што спараджала бясконцыя скандалы. На гэтым фоне яго «зялёныя» выступы гучаць спустошана і невыразна. Але час не чакае! Кажучы словамі кандыдаткі на пасаду канцлера ад Зялёных Ганалены Бэрбак: «Наступны кабінет стане апошнім урадам, які мае шанец даць хоць нейкі адпор зменам клімату». Прыслухайцеся да гэтых словаў! У гэтых адносінах Бэрбак была адзінай з трох кандыдатаў, хто глядзіць у будучыню. Двое іншых назаўжды засталіся ў мінулым, і трывала затрымаліся там абедзвюма нагамі, абутымі ў лакаваныя чаравікі. У наступным, новым урадзе Германіі, немцам і Еўразвязу проста неабходна прысутнасць Зялёных», – упэўнена дацкае выданне.
«Прэм’ер-міністр Бэнэт стаў першым кіраўніком ураду Ізраіля, які наведаў Егіпет за апошнія дзесяць гадоў. Ізраіль хоча палепшыць становішча палестынцаў у сектары Газа, і сам атрымаць з гэтага выгаду», – піша нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.
Выданне адзначае, што Егіпет быў першай краінай, якая заключыла мір з Ізраілем у 1979 годзе, але іх адносіны заўсёды заставаліся прахалоднымі і прагматычнымі. Аднак у панядзелак Бэнэт заявіў, што «падмурак для глыбокіх адносінаў» ужо закладзены.
«Новы ізраільскі ўрад, які знаходзіўся ва ўладзе з чэрвеня, з самага пачатку імкнуўся да кантактаў з Каірам. Гэта ў інтарэсах абодвух бакоў, бо дзякуючы добрым адносінам з Ізраілем кіраўнік Егіпту Ас-Сісі можа палепшыць сваю рэпутацыю ў Вашынгтоне. Пасля ўступлення на пасаду прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ён страціў там прыхільнасць да сябе з-за сітуацыі з правамі чалавека ў Егіпце. Ас-Сісі зацікаўлены ў прадастаўленні амерыканскай ваеннай дапамогі ў памеры сотняў мільёнаў даляраў», – тлумачыць нямецкае выданне і канстатуе, што пасля апошняй вайны паміж Ізраілем і ХАМАСам ў траўні Егіпет выступіў пасярэднікам ва ўкладанні дамовы аб спыненні агню, але яна застаецца крохкай і пад пытаннем.
З мінулай пятніцы ў Даніі адмененыя ўсе антыкавідныя абмежаванні. Як заявіў міністр аховы здароўя Хойніке, з прычыны таго, што ў краіне вакцынаваны 96 адсоткаў насельніцтва старэйшыя за 60 гадоў, вірус больш не ўяўляе небяспекі для грамадства. Прэса задаецца пытаннем, калі ж прыклад Даніі натхніць іншыя краіны.
На думку нямецкай газеты Taz, самы час абмеркаваць пытанне пра магчымасць адмены абмежаванняў, уведзеных у сувязі з пандэміяй.
«Становіцца ўсё больш відавочным, што цалкам падавіць пандэмію, хутчэй за ўсё, не атрымаецца, бо не ўсе жадаюць вакцынавацца. Калі так званы «прышчэпачны» тыдзень, ініцыяваны федэральным урадам, не прывядзе да значнага росту колькасці вакцынаваных, то тады сярод іншай часткі насельнцітва паўстане пытанне аб тым, як доўга яшчэ ўлады збіраюцца пакідаць у сіле патрабаванні насіць маскі. Зразумела, неабходна працягваць пераконваць людзей у неабходнасці вакцынацыі. Але накладваць з-за гэтага дадатковыя абмежаванні на ўсіх іншых, ды яшчэ і на нявызначаны час, гэта ўжо занадта», – адзначае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка