Агляд прэсы: дзікае паляванне



На саміце ў Сочы Лукашэнка імкнуўся зацэментаваць пуцінскую падтрымку. Ці трапіць Брусель у самае балючае месца Лукашэнкі? Грэцкую нацыянальную службу выведкі СМІ абвінавачваюць у няздольнасці абараніць Пратасевіча.  Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Сустрэча ў Сочы з’яўляецца вырашальным выпрабаваннем для Лукашэнкі, былога кіраўніка калгасу, які хоча паказаць Захаду і ўнутраным апанентам, што Беларусь можа спакойна перажыць міжнародную ізаляцыю», – піша амерыканскае выданне Financial Times.

Выданне падкрэслівае, што калі б Расея не падтрымлівала рэжым Беларусі палітычна, то ён не мог бы паступіць такім чынам: «Гаворка ідзе не толькі пра прымус самалёта сесці, але і пра рэпрэсіі ўнутры краіны супраць апазіцыі».

«Нават калі Беларусь паводзіць сябе дзіка,  Расея падтрымлівае Беларусь і паказвае, што яна – ключавы саюзнік. Праблема для Пуціна ў тым, што Лукашэнка зьнішчыў усіх патэнцыйных пераемнікаў, якія былі б прыязныя ў адносінах да Масквы. Усе, хто засталіся – празаходнія», – падкрэслівае Financial Times.

«ЕЗ, па ўсёй верагоднасці, увядзе санкцыі, якія сапраўды прычыняць шкоду рэжыму ў Беларусі. Выбар сродкаў вельмі супярэчлівы. Тым не менш зараз яны ўпершыню выйдуць за рамкі кропкавых мераў», – піша нямецкая газета Die Welt.

Выданне паведамляе, што канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, Эмануэль Макрон і 25 іншых кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў ЕЗ ўзгаднілі новыя санкцыі супраць Беларусі на надзвычайным саміце яшчэ ў панядзелак, што стала рэдкім праявай адзінства. «Адно ужо зразумела: на гэты раз ЕЗ гатовы цэліцца ў балючае месца Лукашэнкі», – адзначае выданне.

ЕЗ хоча абмежаваць гандаль пэўнымі таварамі з Беларусі і тым самым нанесці ўдар па буйным дзяржаўным кампаніям, якія прыносяць даход рэжыму і асобным прадстаўнікам ўладнай эліты.

«Ключавое слова – калій. Аднак для ЕЗ новыя санкцыі з’яўляюцца свайго роду эквілібрыстыкай: з аднаго боку, яны павінны як мага менш нашкодзіць беларускаму насельніцтву; таму забароны на гандаль лекамі і падобныя меры з’яўляюцца табу», – заключае Die Welt.

«Афіны апрыёры былі заспеты знянацку. Перахоп самалёта ў Менску і арышт Рамана Пратасевіча ўзрушылі ўрад Грэцыі», – піша фанцузская газета Le Figaro.

«Відавочна адчуваецца няёмкасць у адносінах паміж міністэрствам абароны грамадзян і міністэрствам замежных спраў, якія перакладаюць віну адзін на аднаго, у той час як апазіцыя крытыкуе ролю EYP – грэцкай нацыянальнай службы выведкі, якая падпарадкоўваецца непасрэдна кансерватыўнаму прэм’ер-міністру», – адзначае выданне і дадае да палемікі звесткі пра тое, што на борце самалёта знаходзіліся некалькі агентаў беларускага КДБ.

«Ці была служба EYP праінфармаваная аб прысутнасці беларускіх сакрэтных агентаў на борце самалёта, які накіроўваўся ў Вільню? Калі няма, то ці можна казаць пра правал грэцкай нацыянальнай службы выведкі?» – задумваецца французскае выданне і адзначае, што Пратасевіча лёгка было адсачыць, бо ён публікаваў у сацыяльных сетках пасты аб усіх сваіх паездках.

«Аднак нельга выключаць, што Грэцыя з’яўляецца логавішчам шпіёнаў, асабліва на поўначы краіны, куды праз Праваслаўную Царкву маглі прасачыцца і актывізавацца расейскія шпіёнскія сеткі», – піша Le Figaro.

Пасля ўвядзення паветранай блакады Беларусі ў адказ на абурыльны перахоп самалёту, Украіна таксама да кастрычніка забараніла імпарт электраэнергіі з Расеі і Беларусі.

«Да нядаўняга часу пастаўкі электраэнергіі з Беларусі на Украіну не ўспрымаліся з катэгарычна адмоўнага боку. Чаго нельга сказаць пра імпарт з Расеі, якая ўжо сёмы год вядзе супраць нашай краіны вайну», – піша ўкраінскае выданне УНІАН. – «Напэўна мы працягнем забарону імпарту і пасля 1 кастрычніка, але на сёння мы гатовыя гэта зрабіць пакуль да гэтай даты».

Выданне адзначае, што энергасістэма Украіны падзелена на дзве часткі. Вялікая частка працуе паралельна з энергасістэмамі краін СНД (Расеі, Беларусі, Малдовы) і Балтыі, а іншая інтэграваная ў еўрапейскую энергетычную сістэму. Гэта так званая «Бурштынская энергавыспа» (Львоўская, Івана-Франкоўская і Закарпацкая вобласці).

«Такім чынам, забарона на імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расеі наўрад ці акажа істотны ўплыў на сітуацыю на энергетычным рынку Украіны. Аднак энергетычная залежнасць ад гэтых дзвюх краін з’яўляецца рэальнай пагрозай для нашай краіны», – піша ўкраінскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка