Агляд прэсы: Дзве праўды



ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускіх абаронных прадпрыемстваў. Чаму ў ЗША не могуць дамовіцца пра дапамогу Кіеву? Планы Ізраіля ў адносіне да ХАМАСа. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

У аўторак, 5 снежня, Міністэрства фінансаў ЗША абвясціла пра ўвядзенне санкцый супраць 11 беларускіх арганізацый і сямі асоб, датычных да рэпрэсій, карупцыйнага фінансавага ўзбагачэння рэжыму Лукашэнкі і саўдзелу ў вайне Расеі супраць Украіны. «У санкцыйны спіс трапілі генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, які прызнаўся ў датычнасці да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, што вядзе да прыпынення Беларусі’ членства ў Міжнародным Чырвоным Крыжы», – адзначае ўкраінскае выданне Ukrainska Pravda.

«Сярод іншых у спісах Мінфіна ЗША – алігарх Аляксандр Шакуцін і яго холдынг «Амкадор», які плануе вырабляць беспілотнікі і артылерыйскія сістэмы, а таксама алігархі Павел Тапузідзіс і Віктар Пятровіч, якія сумесна валодаюць «Табак Інвест», вядучым вытворцам тытунёвых вырабаў у Беларусі і падазраюцца ў кантрабандзе тытуню ў Расею. Дзяржаўная Беларуская цэментная кампанія, лесанарыхтоўчая кампанія «Беллесбумпром», лагістычны пастаўшчык «Белтамасмасэрвіс» і яе генеральны дырэктар Вадзім Бабарыкін значацца сярод іншых арганізацый, якія фінансуюць беларускі рэжым. Пад санкцыі ЗША патрапіў беларускі абаронны сектар, у прыватнасці Менскі механічны завод імя Вавілава, які вырабляе аптычныя прыцэлы, і яго генеральны дырэктар Аляксандр Мароз; холдынг «Зеніт БелОМА», які вырабляе прыцэлы ваеннага прызначэння і яго кіраўнік Мікалай Гайшчук.

Беларускі дзяржаўны вытворца радыёлакацыйных сістэм «Алевкурп», распрацоўшчык мікраэлектронікі «Планар», вытворцы прамысловай электронікі, пластмас і транспарту, а таксама група кампаній «Гарызонт» цяпер падпадаюць пад новыя абмежаванні ЗША за іх удзел у поўнамаштабным уварванні Расеі ва Украіну», – канстатуе ўкраінскае выданне.

Уладзімір Зяленскі адмяніў свой выступ у сенаце ЗША літаральна за хвіліну да запланаванага ўключэння па відэасувязі. Сенатары расцанілі гэта як дэмарш украінскага прэзідэнта, незадаволенага правалокамі з рашэннем аб новым траншы для Кіева. У амерыканскай прэсе пішуць, што раскол паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі іграе на руку Маскве. «З-за адтэрміноўкі ваеннай дапамогі ЗША Кіеў можа прайграць вайну», – заявіў офіс украінскага прэзідэнта, што цытуе і амерыканскае выданне Bloomberg.

«Выступ Зяленскага адмяніўся на фоне таго, што перамовы па выдзяленні новых сродкаў на дапамогу краіне «зайшлі ў тупік». Якраз для вырашэння сітуацыі сенатар Чак Шумер і запрасіў лідара Украіны. Ён павінен быў растлумачыць сенатарам, што менавіта стаіць на коне. Калі Амерыка не дасць грошай, то Кіеў прайграе вайну з Расеяй. Джо Байдэн жа ў сваю чаргу назваў неўзгадненне дапамогі Кіеву абсалютнай утрапёнасцю. Да таго ж гэта супярэчыць інтарэсам Амерыкі. На чальцоў Кангрэса націснула і міністр фінансаў. Джанэт Елен паведаміла, што правяла перамовы з некаторымі кангрэсменамі і патлумачыла ім, што без фінансавання, Злучаным Штатам давядзецца ўзяць на сябе адказнасць за паразу Украіны», – піша амерыканскае выданне.

Ізраіль і «Хамас» уступілі ў самую жорсткую фазу баёў за ўсе два месяцы вайны. Па паведамленнях СМІ, ЦАХАЛ штурмаваў горад Джэнін на Заходнім беразе ракі Іардан. Пазней Ізраіль нанёс авіяўдары па горадзе Джабалія за 4 км ад Газы. ААН называе сітуацыю ў раёне блізкай да Апакаліпсісу. Разам з тым Іерусалім не збіраецца спыняцца на зачыстцы палестынскага анклава. ЦАХАЛ мае намер знішчаць лідэраў Хамаса” у Ліване, Катары і Турцыі. Стамбул ужо папярэдзіў ізраільцян пра наступствы ваенных аперацый на турэцкай тэрыторыі. «Пакуль што Ізраіль плануе затапіць вадой з Міжземнага мора сетку падземных тунэляў, якую пабудаваў «Хамас», – паведамляе амерыканскае выданне The Wall Street Journal.

«Ад неназваных чыноўнікаў у ЗША вядома, што ўжо ўсталяваныя пяць помпаў. Гэтая сістэма размешчана недалёка ад лагера бежанцаў «Аш-Шаці» на поўначы сектара Газа. Мяркуецца, што затапленне выганіць баевікоў з тунэляў, але канчатковае рашэнне пакуль не прынятае. Незразумела, як гэта адаб’ецца на глебе і грунтавых водах у сектары Газа, ад якіх надзвычай залежыць мясцовае цывільнае насельніцтва, пазбаўленае доступу да прэснай вады. Акрамя таго, у падземным лабірынце трымаюць больш за сотню закладнікаў. І галоўнае – ізраільцянам невядома, які маштаб аперацыі», – падсумоўвае амерыканскае выданне.

Яшчэ летась аналітыкі ўказвалі на ўрон для эканомік Расеі і Беларусі ў выніку сусветнай ізаляцыяй на фоне пачатку вайны ва Украіне. Але ізаляцыі з-за трэціх краін не атрымалася, а таму, згодна з дадзенымі Расстата, за лета расейская эканоміка прадэманстравала куды больш значны рост, чым чакалася. У параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года ў трэцім квартале 2023 года ВУП вырас на 5,5 працэнта. Гэта самы сур’ёзны ўздым за ўвесь перыяд з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Як сведчаць статыстычныя даныя, сёлета праз латвійскія пагранічныя пункты ў Еўразвяз, было імпартавана амаль 390 тысяч тон харчовага збожжа з Расеі. Рыжская газета Neatkarīgā выказвае незадаволенасць.

«Гэтыя лічбы кажуць пра тое, што латвійскія палітыкі, ці то на мясцовым ці еўрапейскім узроўні, ці то знаходзяцца ў паралічы, ці праяўляюць легкадумнасць, паколькі яны відавочна не зрабілі ўсяго магчымага для таго, каб ускладніць сітуацыю для Расеі. Кожны дадатковы еўра ці даляр, які цячэ ў Расею, узмацняе яе ваенна-прамысловы комплекс. Калі еўрапейскія палітыкі не спраўляюцца з задачай арганізацыі паставак зброі, то яны, магчыма, маглі б хаця б стварыць такія прававыя рамкі, якія ў максімальнай ступені абмяжоўвалі б Расеі доступ да валюты», – адзначае латвійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя