Агляд прэсы: дзёрзка і эфектыўна
31 год таму Украіна, Расея і Беларусь падпісалі пагадненні, якія паклалі канец існаванню Савецкага Саюза. «Авіяадказ для Расеі з любоўю». У Германіі прайшлі рэйды супраць «рэйхсбюргераў». Кітай змякчае антыкавідную палітыку. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«8-га снежня 1991 года, прадстаўнікі Украіны, Расеі і Беларусі падпісалі Белавежскія пагадненні, якія абвяшчалі фармальнае спыненне існавання Савецкага Саюза. Гэта быў асноўны тэзіс, які ўдалося дасягнуць удзельнікам сустрэчы на дзяржаўнай дачы пад Віскулямі ў біясферным запаведніку «Белавежская пушча» ў Беларусі. Гэты тэзіс «лунаў у паветры» ўвесь 1991 год і стаў відавочным, калі 14 студзеня на Манежную плошчу ў Маскве выйшлі паўмільёны прыхільнікаў выхаду Літвы з Савецкага Саюза», – піша ўкраінскае выданне The New Voice of Ukraine.
«Больш за тое, шэсць рэспублік — тры прыбалтыйскія, а таксама Грузія, Арменія і Малдова — не ўдзельнічалі ў рэферэндуме 17 сакавіка аб мэтазгоднасці захавання Савецкага Саюза. Вынікі рэферэндуму стварылі яму і яго атачэнню ілюзію, што савецкую імперыю яшчэ можна выратаваць. Нагоду для сустрэчы ў Віскулях назваў тагачасны кіраўнік беларускага парламента Станіслаў Шушкевіч. Набліжалася зіма, Беларусі не было за што купляць газ і нафту, а тэхналогія ў краіне дарагая, і трэба было абагравацца расейскімі нафтай і газам. І трэба было нешта рабіць. Яго падтрымаў прэм’ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч і прапанаваў запрасіць паляўнічага-аматара Барыса Ельцына на паляванне. Упэўненасці ўдзельнікам сустрэчы дадаў той факт, што на тэрыторыі рэспублік-удзельніц быў размешчаны арсенал ядзернай зброі. На сустрэчы таксама павінен быў быць прадстаўлены Казахстан, чацвёрты член Савецкага Саюза з такім жа статусам. Яе лідэр Нурсултан Назарбаеў ужо накіроўваўся ў Беларусь, але вырашыў перастрахавацца і паляцеў у Маскву, дзе Гарбачоў угаварыў яго не ўдзельнічаць у перамовах трох краін. Такім чынам, у ноч на 8 снежня толькі Ельцын, Краўчук і Шушкевіч дамовіліся аб дамове аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД)», – праводзіць гістарычную рысу ўкраінскае выданне.
У панядзелак на расейскім ваенным аэрадроме ў Энгельсе, а таксама на авіябазе Дзягілева пад Разанню мелі месца выбухі. У выніку ўдару дронамі ў Энгельсе былі пашкоджаныя два бамбавікі, а ў Дзягілева – адзін. Загінула трое вайскоўцаў. Абодва аэрадрома знаходзяцца далёка за межамі дасяжнасці беспілотнікаў, афіцыйна наяўных у ВСУ. Тым не менш, Расея абвінавачвае Кіеў. Еўрапейская прэса таксама прытрымліваецца думкі, што за ўдарамі стаіць Украіна і ўхваляе такія дзеянні. Як адзначае харвацкая газета Večernji list, здольнасць паражаць мэты на тэрыторыі Расеі стала новым паваротным момантам у гэтай вайне і вялізнай маральнай падтрымкай для Украіны.
«Такія атакі сімвалічным чынам вяртаюць гэтую вайну туды, адкуль яна прыйшла – гэта значыць у Расею. Гэтыя ўдары дэманструюць тое, як неверагодна слабая расейская сістэма СПА і наколькі ўразлівая сама Расея. У якасці мэтаў украінцы выбралі тыя самыя ваенныя аэрадромы, якія Расея выкарыстоўвае для сваіх атак на Украіну. Усё гэта, натуральна, зніжае веру ў моц расейскай арміі і СПА, а таксама не спрыяе павышэнню маральнага настрою расейскага насельніцтва, але, з іншага боку, станоўча ўплывае на маральны дух украінцаў, у якіх будзе няпростая зіма», – падкрэслівае харвацкае выданне.
У сераду праваахоўныя органы Германіі правялі буйнамаштабную аперацыю супраць так званых «рэйхсбюргераў». У рэйдах было задзейнічана каля трох тысяч паліцыянтаў. Праведзены ператрусы на 150 аб’ектах у некалькіх федэральных землях, 25 удзельнікаў сеткі затрыманыя. Як заяўляюць прадстаўнікі юстыцыі, затрыманыя мелі намер зрынуць дзяржаўны лад Германіі, у тым ліку з прымяненнем сілы, і ўяўлялі сабой «рэальную небяспеку» для дзяржавы і грамадства. «Палітыка і грамадства ў сучаснай Германіі нашмат больш згуртаваныя і трывалыя за тое, што мела месца ў Веймарскай рэспубліцы», – камэнтуе сітуацыю брытанская газета Financial Times.
«Нямецкая дэмакратыя моцная і здаровая, яна ўяўляе сабой адну з найбольш трывалых сістэм заходняга свету. За ўсю гісторыю Нямеччыны, з самага моманту нараджэння сучаснай нацыянальнай нямецкай дзяржавы ў 1871 годзе, ніколі нямецкая дэмакратыя не была настолькі моцная. У экстрэмістаў, накшталт тых, што былі арыштаваныя на гэтым тыдні, няма ані прадстаўніцтва ў парламенце, ані якой бы там ні было падтрымкі ў грамадстве. Нават менш радыкальная, але прытым ультраправая партыя Альтэрнатыва для Германіі на леташніх выбарах у Бундэстаг атрымала менш галасоў, чым ёй удавалася набіраць раней», – канстатуе брытанскае выданне.
Улады Кітая адрэагавалі на масавыя пратэсты супраць палітыкі нулявога кавіда, якія разгарэліся ў краіне паўтара тыдні таму, і маюць намер змякчыць антыкавідныя правілы. Так, сярод іншага інфікаваным будзе дазволена сядзець на каранціне дома, а не накіроўвацца ў абавязковым парадку ў дзяржаўныя каранцінныя ўстановы. Лакдаўны таксама будуць мець лакальны характар, не ахопліваючы цэлыя гарады і рэгіёны, як тое мела месца раней. Аднак, як мяркуе прэса, праблем, з якім сутыкаецца Сі Цзіньпін, гэта не вырашыць. „З крызісу, які кітайскі лідэр стварыў сваімі ўласнымі рукамі, выйсця яму не знайсці», – такі вердыкт выносіць французская газета Le Point.
«Сі Цзіньпіну даводзіцца выбіраць паміж двума варыянтамі, кожны з якіх для яго неспрыяльны: альбо ён падаўжае і ўзмацняе палітыку нулявога кавіда – коштам стагнацыі эканомікі, росту сацыяльнай незадаволенасці і паглыблення прорвы паміж КПК і насельніцтвам. Альбо Сі адмяняе абмежаванні, што прывядзе да сама меней мільёну смяротных выпадкаў, паколькі ён не гатовы закупляць заходнія вакцыны», – адзначае французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя