Агляд прэсы: эканамічная залежнасць ад дэмакратыі



Беларусь на палове шляху да дэфолту. Погляд ЗША на дэмакратычную эрозію ў Еўропе.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

– Амерыканскае рэйтынгавае агенцтва Moody’s апублікавала агляд рэйтынгу Беларусі з пункту гледжання таго, якія страты панясуць інвестары, калі ў краіне здарыцца дэфолт.

Крэдытны профіль Беларусі ацэньваецца праз паказнік эканамічнай сілы «b1», што пацвярджаецца адносна высокім роўнем даходаў у параўнанні з аналагічнымі краінамі. Аднак пры гэтым Беларусь сутыкаецца з неспрыяльнай дэмаграфічнай сітуацыяй, а высокі ровень умяшальніццтва ўрада адбіваецца на дынаміцы эканомікі.

Беларускія інстытуты і ровень кіравання таксама ацэньваюцца на роўні «b1», што адлюстроўвае ўзмацненне эфектыўнасці кіравання з улікам паляпшэння грашова-крэдытнай палітыкі. Аднак слабыя пазіцыі верхавенства закона і галоснасці ўлады прывялі да незадаволенасці народа адсутнасцю дэмакратычных свабод у краіне, што і вылілася ў нядаўнія пратэсты.

Варта адзначыць, што ацэнка  «b1»  ад агентцва Moody’ з’яўляецца, калі ў краіне ўзнікае пагроза дэфолту.

А вось бюджэтная сіла Беларусі прадказальна атрымала больш высокую ацэнку «baa3», што адлюстроўвае ўмераны цяжар дзяржаўнай запазычанасці. Пры гэтым бюджэт краіны знаходзіца ў прамой залежнасці ад ваганняў абменнага курсу, а таксама рызыкаў, звязаных з падвышанай доляй дзяржаўнай уласнасці ў Беларусі.

Усе пералічаныя паказнікі змяшчаюць Беларусь у катэгорыю краінаў са спекулятыўнымі абавязальніцтвамі, якія знаходзяцца пад высокай крэдытнай рызыкай.

Бюлетэнь рэйтынгавага агенцтва Moody’s прыходзіць да высновы, што ўспрымальнасць Беларусі да рызыкі падзеяў, якія маюць не надта добрую ацэнку «b», абумоўлена нізкім роўнем  ліквіднасці рэзерваў цэнтральнага банка. На  абслугоўванне знешняй запазычанасці іх можа не хапіць.

Калумністы газеты The Washington Post Далібор Рохач і Івана Стрэднер разважаюць над тым, «Чаму Еўропе трэба сур’ёзна заняцца прасоўваннем дэмакратыі».

Аўтары артыкулу з  найстарэйшай вашынгтонскай газеты акцэнтуюць увагу на тым, што еўрапейскі блок пастаянна атрымлівае ўдары ад дзяржаў-сябраў, такіх як Польшча і Венгрыя, і суседзяў, такіх як Турцыя, Беларусь і Грузія.

На думку аглядальнікаў, еўрапейцы павінны разумець, што краіны, якія не маюць свабоды і адказных урадаў, з’яўляюцца «дрэннымі суседзямі».

На старонках выдання аналізуецца супрацьстаянне Бруселя з Венгрыяй і Польшчай, калі ў абарону сваёй усё больш аўтарытарнай хатняй практыкі Будапешт і Варшава пагражаюць накласці вета на доўгатэрміновы бюджэт Еўрапейскага Звязу і пакет аздараўлення пасля пандэміі на суму 1,8 трыльёна еўра.

Тым часам Расея і Кітай выкарыстоўваюць сваіх давераных асоб для падзелу і паралізацыі Еўразвязу ў дачыненні да рашэнняў, якія закранаюць палітыку дыпламатыі, энергетыку і тэхналогіі. Тым не менш Брусель змірыўся з  нязграбнай рэальнай палітыкай, часцяком аддаючы прыярытэты недальнабачным эканамічным інтарэсам, якія ўвасабляюць сумна вядомы трубаправод «Паўночная плынь-2» ды расейскія інвестыцыі ў атамную энергетыку. Не заканчваюцца і «дзіўныя танцы» Еўропы з Кітаем у якасці «партнёра» па кліматычных пытаннях.

Газета The Washington Post  звяртае ўвагу, што ў перыяд з 2013 па 2017 гады больш за 80 працэнтаў усёй дапамогі ЕЗ у мэтах развіцця была накіравана ў краіны, якія маюць аўтарытарны альбо гібрыдны рэжымы.  Еўрапейскі фонд за дэмакратыю працягвае працаваць з мізэрным штогадовым бюджэтам у 19 мільёнаў еўра, які ён выдаткоўвае на шырокі спектр праграм, прысвечаных удзелу жанчын у палітыцы, гендэрнай ідэнтычнасці, сэксуальнай арыентацыі ды мастацтву. Як вынік першапачатковая мэта абароны дэмакратыі пачынае вузка разумецца і ў выніку губляецца.

На старонках газеты аўтары прыходзяць да высновы, што цяперашняе нежаданне актыўна абараняць дэмакратыю рэзка кантрастуе з занадта аптымістычнымі надзеямі, якія ляжалі ў аснове пашырэння Еўразвяза пасля 1989 года. На той час еўрапейцы з нецярпеннем чакалі хуткага прыняцця посткамуністычнымі краінамі заходніх палітычных і прававых нормаў.

Аглядальнікі The Washington Post маюць спадзеў толькі на грамадзян ЕЗ, якія ў адрозненне ад сваіх лідараў, працягваюць прызнаваць важнасць прасоўвання дэмакратыі. Так у 2018 годзе 73 працэнты еўрапейцаў выказаліся за больш актыўнае ўцягванне Еўразвязу ў падтрымку дэмакратыі і міру ва ўсім свеце. «А таму абвешчаны „саміт дэмакратыі” ў адміністрацыі Байдэна ў Вашынгтоне дае цудоўную магчымасць умацаваць трансатлантычнае партнёрства і зноў прыняць удзел у садзеянні дэмакратыі як у ЗША, так і ў Еўропе» – прыходзяць да высновы аўтары артыкулу.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: AFP