Агляд прэсы: фальшывая цырымонія і зыход на пенсію
Замежныя СМІ вельмі актыўна аглядаюць падзеі ў Беларусі. Таемная цырымонія так званай інаўгурацыі Лукашэнкі не засталася ўбаку.
Падрабязнасці свежых артыкулаў даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:
– Цырымонія інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта Беларусі прайшла ў сераду без папярэдняга апавяшчэння. Тэлевізійшчыкі краіны, якія па законе павінны трансляваць інаўгурацыю прэзідэнта, нават не ведалі пра гэта і працягвалі рэгулярную праграму. Сакрэтная інаўгурацыя Лукашэнкі таксама стала нечаканасцю для беларусаў. Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе 26 гадоў і, паводле афіцыйных дадзеных, пастаўленых пад сумнеў як апазіцыяй, так і Еўразвязам, перамог на выбарах. Прысяга была прамоўлена на беларускай мове, хаця Лукашэнка звычайна выкарыстоўвае расейскую мову, як і большасць суайчыннікаў, піша іспанская газета El Pais. У сваёй прамове ён сказаў, што ганарыцца перамогай, якую ён вызначыў як „пераканаўчую і вырашальную”. Апазіцыйныя лідары адмаўляюць законнасць цырымоніі, а лідар апазіцыі Святлана Ціханоўская назвала інаўгурацыю падробкай. „Лукашэнка сышоў у адстаўку”, — сказала Ціханоўская і падкрэсліла, што менавіта яна перамагла на выбарах, і таму толькі яна з’яўляецца законным кіраўніком краіны, а гэта значыць, што загады Лукашэнкі не павінны выконвацца. Павел Латушка, былы міністр культуры і член кіраўніцтва Каардынацыйнай рады, якая імкнецца да мірнай перадачы ўлады, запэўніў, што беларусы ніколі не прымуць фальсіфікацый на выбарах, і зноў заявіў, што патрабуе новых выбараў. Увечары дзясяткі тысяч беларусаў правялі дэманстрацыю з патрабаваннем правесці новыя выбары. 14 верасня Лукашэнка, падвергнуты жорсткай крытыцы міжнароднай супольнасці, сустрэўся з Уладзімірам Пуціным у расейскім горадзе Сочы ў пошуках падтрымкі. Сёння дыктатар як ніколі мае патрэбу ў дапамозе Крамля. „Сябры пазнаюць адзін аднаго па няшчасці”, — сказаў беларус на гэтай сустрэчы. Гэта сяброўства прыняло форму ўрадавай пазыкі Расеі ў памеры 1,5 млрд. даляраў для Беларусі „ў гэты цяжкі момант”, падкрэсліў Пуцін. Апазіцыя настойвае на вяртанні на вуліцы, каб „патрабаваць новых выбараў”, пра што Павел Латушка заявіў у сераду. Святлана Ціханоўская назвала лукашэнкаўскую цырымонію „фарсам”. „Уласна, Лукашэнка сёння выйшаў на пенсію”, — заявіла яна, піша El Pais.
Міжнародная служба тэлеканала Euronews паказвае рэакцыю Еўропы на так званую інаўгурацыю Лукашэнкі. У сераду ўлады Беларусі разгарнулі вадамёты для разгону дэманстрантаў, якія сабраліся ў цэнтры Менска, каб асудзіць сакрэтную інаўгурацыю Лукашэнкі. Па меншай меры 5000 чалавек сабраліся ў сталіцы пасля паведамлення пра прысягу Лукашэнкі, а ўлады адказалі вадамётамі і слезацечным газам, каб разбіць натоўп. Затым супрацоўнікі, апранутыя ў балаклавы, правялі дзесяткі арыштаў. Да 22-х гадзін па сярэднееўрапейскім часе група па назіранні за выбарамі „Вясны” зафіксавала больш за 150 арыштаў па ўсёй краіне, прычым пераважная большасць адбылася ў Менску. У сераду Лукашэнка прысягнуў на шосты тэрмін перад некалькімі сотнямі найвышэйшых дзяржаўных службоўцаў, але цырымонія заставалася ў сакрэце. Пратэсты супраць яго перамогі на выбарах працягваюцца з 9 жніўня. Апазіцыя, Еўрапейскі Звяз і ЗША адхілілі афіцыйныя вынікі. 66-гадовы прэзідэнт кіруе постсавецкай краінай 26 гадоў. Урад Нямеччыны заявіў, што той факт, што цырымонія праходзіла ў сакрэце, толькі падкрэсліў слабыя бакі рэжыму і яго нелегітымнасць, у той час як прэм’ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ паўтарыў, што не прызнае перамогі Лукашэнкі. Лінас Лінкявічус, галоўны дыпламат Літвы, адрэагаваў у Twitter, напісаўшы: „Такі фарс. Падробленыя выбары. Падробленая інаўгурацыя”. Літва і яе хаўруснікі па Балтыцы Латвія і Эстонія наклалі санкцыі на 30 беларускіх чыноўнікаў, уключаючы Лукашэнку. Еўрапейскі звяз таксама працуе над санкцыйным спісам, каб уключыць туды чыноўнікаў, якія ўдзельнічаюць у фальсіфікацыях выбараў і рэпрэсіях супраць удзельнікаў мірных акцый пратэсту. Прадстаўнік Дзярждэпа заявіў у сераду, што „ЗША не могуць лічыць Аляксандра Лукашэнку законна абраным лідарам Беларусі”. „Выбары 9 жніўня не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі. Абвешчаныя вынікі былі фальшывымі і незаконнымі”, — са спасылкай на Дзярждэпартамент ЗША перадае Еўраньюс.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: svaboda.org