Агляд прэсы: галасы вуліц



Як Тайвань перажывае за Беларусь? Сусветныя СМІ не абмінулі ўвагай забастоўкі шахцёраў у Румыніі і нечалавечыя ўмовы працы ў Катары напярэдадні Чэмпіянату свету па футболе.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

-Буйны тайваньскі часопіс The Taipei Times прысвяціў матэрыял новаму мерапрыемству ў горадзе Тайбэй, накіраванаму на тое, каб прыцягнуць увагу на фальшывае перавыбранне Лукашэнкі прэзідэнтам у жніўні мінулага года.

Журналістка Ляо Юнь-цзы адзначае, што мерапрыемства „Разам” у падтрымку беларусаў не выклікала здзіўлення ў мясцовых. Як адзначана ў артыкуле, падчас свайго візіту ў Беларусь ў 2014 годзе журналістка заўважыла падабенства беларусаў і тайваньцаў. «У нас такія жа ідэі людзей пра свабоду, ідэнтычнасць і Радзіму», – піша яна.

На выявах беларускіх дэманстрантаў, якія здымаюць абутак перад тым, як стаць на лаўкі ў парку, адзначаюцца паралелі з тайваньскімі актывістамі, якія прыбіралі смецце пасля мітынгаў. «Акрамя гэтага тайваньцы спадзяюцца на кантакт з новай Беларуссю. Кітай адкрыта парушыў правы чалавека, таму гэта не сябар”, – адзначаецца ў матэрыяле The Taipei Times.

У румынскай даліне Жыу абвясцілі страйк гарнякі шахты Лупені, якія не атрымлівалі зарплаты ўжо тры месяцы. Колькасць страйкоўцаў складае каля ста чалавек. Іх працадаўца – кампанія Hunedoara SA, дэ-факта знаходзіцца ў вядзеньні дзяржавы і збанкрутавала 14 месяцаў таму. Урад паабяцаў рабочым выплаціць заробкі і сацыяльныя дапамогі. СМІ крытыкуюць улады за тое, што тыя давялі горназдабыўны рэгіён да поўнай бесперспектыўнасці.

Праблему пастаяннага закрыцця шахтаў на працягу апоўніх шасці гадоў фіксуе румынскае выданне Mediafax:

«Праект «перакваліфікацыі рабочай сілы» праваліўся, бо ў плане занятасці не было створана ніякіх альтэрнатыў – пра гэта ніхто і не падумаў. Яшчэ 20-30 гадоў таму назад рэгіён быў багатым і заможным, а цяпер тут пануюць галеча і запусценне. Даволі трымаць шахцёраў за дурняў! Выплаціце ім, па меншай меры, грошы, якія яны зарабілі, а таксама забяспечце іншыя іх правы, якіх вы іх пазбавілі пад прыкрыццём «рэформаў», а яны толькі адцягнулі банкруцтва. І зрабіце гэта не са спачування – але таму, што людзі зарабілі свае грошы!».

Брытанская газета The Guardian усхвалявана тым, што ўжо 10 гадоў у Катары ідзе падрыхтоўка да Чэмпіянату свету па футболе 2022. І ўвесь гэты час тысячы мігрантаў з краін, якія развіваюцца, працуюць у нечалавечых умовах, пра што яны самі распавядаюць СМІ. Пры гэтым з іх загінулі ўжо больш за 6,5 тыс. гастарбайтэраў. Экспертызы называюць прычынай усіх смерцяў раптоўныя сардэчныя прыступы. У ААН між тым лічаць, што працоўныя памерлі з-за адсутнасці адпачынку ў спякоту. Амерыканскія праваабаронцы заклікаюць улады Катара правесці ўскрыцці і назваць рэальную прычыну смерці.

Выданне The Guardian мяркуе, што афіцыйныя крыніцы заніжаюць колькасць памерлых, так як падрыхтоўка да турніру ўсё яшчэ працягваецца. Акрамя таго, дадзеныя не ўключаюць інфармацыю пра смерці рабочых з іншых краін – напрыклад, Філіпін і Кеніі.

Пасля тыдняў і нават месяцаў суровых супрацьэпідэмічных абмежаванняў у многіх краінах Еўропы ўсё часцей раздаюцца заклікі аслабіць рэжым. У той жа самы час з’яўленне новых штамаў віруса зніжае эфектыўнасць прынятых мер. Старонкі еўрапейскай прэсы адлюстроўваюць дылему, перад якой апынуліся цяпер ўрады краін кантынента.

У Партугаліі група лекараў, навукоўцаў і спецыялістаў апублікавала ў газеце Público адкрыты ліст, у якім заклікае ўрад з пачатку сакавіка адкрыць школы:

«Мы адказваем за выкананне мераў па пераадоленні пандэміі і зніжэнні колькасці заражэнняў. Тым не менш, мы лічым, што выбар паміж жыццём сталых людзей і магчымасцю атрымаць адукацыю для дзяцей і моладзі ўяўляе сабой ілжывую дылему. І мы лічым, што цалкам магчыма забяспечыць як права на захаванне здароўя, так і права на адукацыю. Так, эмпірычныя дадзеныя паказваюць на тое, што закрыццё школ паўплывала на зніжэнне колькасці заражэнняў сярод насельніцтва. Аднак гэта не ёсць вырашальным фактарам барацьбы з эпідэміяй, а таму цалкам магчыма адкрыць школы – пры захаванні належных мераў бяспекі».

Беларускае Радыё Рацыя