Агляд прэсы: гарачая зіма 21-га



Амерыканскае выданне Аtlantic Сouncil вымерала каштоўнасці ведання ўласнай гісторыі беларусамі у справе вырашэння палітычнага крызісу. Крэмль разумее, што можа быць зрынуты ў верасні. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Амерыканскае выданне Аtlantic Сouncil паведамляе, што «Беларускае нацыянальнае пераасэнсаванне пакідае мала месца для Расеі».

Аўтар матэрыялу Брайн Вітмур прыводзіць апошнія апытанні грамадскай думкі, якія паказваюць, што ў Беларусі зніжаецца падтрымка саюзнай дзяржавы з Расеяй, адбываецца пераасэнсаванне сябе як нацыі.

«Значна больш беларусаў лічаць, што іх дзяржава павінна абапірацца на традыцыі Вялікага княства Літоўскага альбо Рэчы Паспалітай (39,7% і 6,3% адпаведна), а не Савецкага Саюза (28%). Варта звярнуць увагу і на адносна добры вынік для Беларускай Народнай Рэспублікі (16,2%), кароткачасовага ўтварэння, якое ўзнікла ў выніку няўдалай спробы пабудаваць незалежную і антыкамуністычную беларускую дзяржаву ў 1918 годзе», прыводзіць дадзеныя выданне Аtlantic Сouncil і робіць выснову пра тое, што 62,2 працэнта беларусаў лічаць, што іх краіна натхняецца перыядамі, калі імі не кіравала Расея.

 

Пасля вынясення прысуду Аляксею Навальнаму і затрыманняў тысяч па большай частцы мірных дэманстрантаў у Расеі еўрапейскія СМІ разважаюць пра тое, як будзе складвацца сітуацыя ў краіне.

Эстонская газета Postimees цытуе словы дырэктара Балтыйскага цэнтру даследаванняў Расеі Уладзіміра Юшкіна: «Палітолаг і давераная асоба Пуціна Сяргей Маркаў заявіў, што ў верасні будзе зроблена спроба зрынуць Пуціна. Мяркуючы па ўсім, у Крамлі знаёмыя з канцэпцыяй політолага Леаніда Сядова з Левада-цэнтра аб гістарычных цыклах пераменаў ва ўладзе: разлікі, якія ахопліваюць ўнутрыпалітычную дынаміку з 1917 года. На думку Сядова, у пачатку 2020-х гадоў ўладу возьме ў свае рукі новае, чацвёртае па ліку пакаленне, якое нарадзілася ў 1968 годзе».

Таму сёння, напярэдадні магчымай змены пакаленняў у штурвала ўлады, насельнікі Крамля імкнуцца ўсімі сіламі заручыцца галасамі тых, на кім будуецца іх улада, а менавіта – буйныя канцэрны, чынавенства і пенсіянеры.

 

Амерыканскае выданне Bloomberg паведамляе, што блізкі паплечнік прэзідэнта Турцыі рыхтуецца вырабляць расейскую вакцыну ад каронавірусу «Спадарожнік V». Ўмовы здзелкі, падпісанай некалькі месяцаў таму, агорнутыя таямніцай. Пагадненне было заключана з «бласлаўлення» Пуціна і Эрдагана, сцвярджае выданне.

«У апошнія гады Пуцін і Эрдаган зблізілі свае краіны ў ваенным і камерцыйным плане, што выклікае трывогу сярод даўніх саюзнікаў Турцыі на Захадзе, якія хваляваліся, што Анкара, магчыма, занадта моцна збліжаецца з Масквой», – падкрэслівае амерыканскае выданне, тлумачачы палітычны след у справе сакрэтнага вырабу вакцыны. Вядома, што рашэнне Турцыі купіць у Расеі сістэмы СПА С-400 паслужыла прычынай увядзення санкцый Злучанымі Штатамі і прыпыніла сумесную вытворчасць знішчальнікаў F-35 для турэцкіх узброеных сілаў.

 

Брытанская газета The Times на першых палосах з трывогай робіць прагнозы, як можа пачацца новая сусветная вайна. Журналіст Роджэр Бойес папярэджвае, што будучая вайна можа пачацца з-за ўкаранення ворага ў кібер-сетках. Сцэнар жахаў на першы погляд гіпербалізаваны, аднак выглядае наступным чынам: «паўночнакарэйцы кіруюць нашымі святлафорамі, Іран кіруе лякарнямі, а рускія ладзяць бунты праз сацсеткі».

Брытанскае выданне папярэджвае, што слабое месца палягае ў тым, што сучасная сістэма кіравання ядзернымі сіламі заснавана на алгарытмах машыннага навучання. Штучны інтэлект збірае і апрацоўвае інфармацыю, а таксама папярэджвае аб патэнцыйных прыкметах напружанасці. І тут усё можа пайсці інакш, калі дадзеныя сфальсіфікаваныя, калі штучны інтэлект, ацэньваючы сфабрыкаваныя відэа, раптам кажа аб нападзе ў адказ.

«Папросту кажучы, пачалася гонка ўзбраеньняў у сферы штучнага інтэлекту. Ідзе засяроджванне сіл: хакеры, шпіёны, адміны ў сацыяльных сетках, інфармацыйныя воіны, аналітыкі дадзеных, матэматыкі, распрацоўшчыкі мадэляў і легіёны іншых спецыялістаў, якія лічаць гібрыдны канфлікт сваім новым полем бою», – рэзюмуе брытанская газета.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя