Агляд прэсы: гатовасці пакуль няма



З-за нелегалаў з Беларусі збіраюцца ўвесці памежны кантроль на мяжы Германіі з Польшчай. Кітай: мірны пасярэднік у расейска-ўкраінскай вайне? Саміт Вялікай сямёркі: сэнс і значэнне. Парламенцкія выбары ў Грэцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Рост нелегалаў, якія трапляюць у Германію з Беларусі, выклікае заклапочанасць ва ўрадаў федэральных зямель, якія мяжуюць з Польшчай. «На ўчастку мяжы Германіі з Польшчай у красавіку колькасць выяўленых нелегальных уездаў вырасла амаль удвая. Пры гэтым беларускія вайскоўцы «пастаянна садзейнічаюць незаконнаму перасячэнню мяжы і забяспечваюць наяўнасць прылад для яе перасячэння», – перадае нямецкае выданне Welt.

«Рашучасць мігрантаў расце і «базуецца не на жаданні атрымаць абарону ў Польшчы, а на тым, каб як мага хутчэй трапіць у Заходнюю Еўропу». Паводле памежнай паліцыі Польшчы, сярод затрыманых шмат сірыйцаў і афганцаў, а таксама грамадзян іншых арабскіх і афрыканскіх краін. Многія з затрыманых маюць расейскія турыстычныя або іншыя візы. У паловы арыштаваных на ўсходняй мяжы Германіі ў сакавіку былі знойдзены доказы таго, што яны патрапілі ў ЕЗ праз Беларусь. Вядома, што на надяўнім саміце па праблемах бежанцаў канцлер Олаф Шольц і кіраўнікі ўрадаў 16-ці федэральных зямель дамовіліся пашырыць стацыянарны памежны кантроль. Цяпер міністры ўнутраных спраў Брандэнбурга і Саксоніі, якія мяжуюць з Польшчай, патрабуюць ад федэральнага міністра ўнутраных спраў неадкладна ўвесці стацыянарны кантроль на мяжы з Польшчай», – паведамляе нямецкае выданне.

Працягваецца візіт ва Украіну спецыяльнага прадстаўніка ўрада Кітая Лі Хуэя. У аўторак ён прыбыў у краіну для таго, каб празандаваць глебу на прадмет магчымасці заключэння мірнага пагаднення паміж Расеяй і Украінай шляхам перагавораў. Еўрапейскія аглядальнікі разважаюць пра тое, ці мае шанцы на поспех пасрэдніцкае распачынанне Пекіна, а таксама пра тое, якія мэты насамрэч мае Кітай. «Не варта аддавацца залішняму аптымізму», – перасцерагае ўкраінскае выданне Ukrinform.

«Варта яшчэ раз адзначыць адрозненні паміж пасрэдніцкімі кейсамі ў выпадку Ірана і Саўдаўскай Аравіі і расейска-ўкраінскай вайны. Як кажуць эксперты, Тэгеран і Эр-Рыяд значна раней дасягнулі прынцыповай дамоўленасці аб спыненні баявых дзеянняў і шукалі магчымасці зрабіць крок насустрач адзін аднаму. Тут было жаданне абодвух бакоў, і Кітай фактычна зафіксаваў яго на паперы. З агрэсіяй Расеі ўсё наадварот. Няма нават аддаленых намёкаў хаця б на намер дамовіцца. Кіеў катэгарычна адмаўляецца казаць пра што-небудзь з Масквой, пакуль у крэсле прэзідэнта там сядзіць ваенны злачынец Пуцін», – перасцерагае ўкраінскае выданне.

У японскім горадзе Хірасіма распачаўся саміт Вялікай сямёркі. Галоўнай тэмай парадку дня, нараўне з вайной ва Украіне і пытаннямі абароны клімату, мяркуючы па ўсім, стануць адносіны з Кітаем. Аглядальнікі адзначаюць, што адзінства ў шэрагах G7, а таксама яе аўтарытэт і прывабнасць у вачах усяго астатняга свету ўжо нельга лічыць нейкай безумоўнай дадзенасцю. На думку італьянскай газеты Corriere della Sera, Вашынгтону наўрад ці ўдасца перацягнуць краіны Вялікай сямёркі на свой бок у тым, што тычыцца пазіцыі па Кітаю.

«Белы дом ужо не раз дакладна даваў зразумець, што зусім не жадае новай халоднай вайны – на гэты раз з Кітаем. Аднак з пункту гледжання ЗША пытанне аб тым, наколькі цесным можа быць супрацоўніцтва ў сферы ўзаемных інтарэсаў, залежыць і ад рашучасці саюзнікаў падтрымаць ЗША ў выпадку, калі тым давядзецца даваць адпор кітайскай агрэсіі. Адна з тэм – гэта «эканамічны прымус» –  задзейнічанне ў палітыцы такіх метадаў, як запалохванне і помста, якія ажыццяўляюцца з дапамогай гандлю і інвестыцый з боку Пекіна. Але заклапочанасць, якая падзяляецца, не абавязкова вядзе да адзінства з нагоды таго, які адказ даваць на пагрозу эканамічнай бяспецы і глабальным ланцужкам паставак, каб пры гэтым не раззлаваць Кітай, які з’яўляецца важным гандлёвым партнёрам», – канстатуе італьянскае выданне.

У нядзелю 21 траўня ў Грэцыі пройдуць парламенцкія выбары. Хоць кіруючая кансерватыўная партыя «Новая дэмакратыя», якую ўзначальвае дзейны прэм’ер-міністр Кірыякас Міцотакіс, некалькі асела ў рэйтынгах папулярнасці пасля чыгуначнай катастрофы ў сакавіку гэтага года, тым не менш яна пакуль што лідзіруе ў перадвыбарнай гонцы. На другім месцы – апазіцыйны альянс СІРЫЗА пад кіраўніцтвам былога кіраўніка ўрада Алексіса Цыпраса. Чырвона-зялёны альянс з сямі партыяў Prasino+Mov не быў дапушчаны да ўдзелу ў выбарах з чыста фармальных прычынаў. Грэчаская газета Kathimerini піша пра тое, што цяпер у бюлетэнях не хапае зялёных опцый.

«Адсутнасць экалагічнай партыі на нядзельных выбарах была б апраўданай, калі б праблема навакольнага асяроддзя мелася на парадку дня іншых партый і не было б неабходнасці ў асобнай групе ў падтрымку гэтага пытання. Аднак у тэледэбатах з удзелам лідараў усіх шасці парламенцкіх партый экалагічныя пытанні практычна не закраналіся – ні палітыкамі, ні журналістамі. Пытанні абароны навакольнага асяроддзя былі ўключаны ў партыйныя праграмы ў асноўным з пачуцця абавязку, нароўні з фемінізмам і інклюзіўнасцю – у публічных дэбатах усе гэтыя словы застаюцца свайго роду пустышкамі без значнага зместу», – наракае грэчаскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка