Агляд прэсы: генералы і паўстанцы
Амерыканскія СМІ папярэджваюць пра небяспеку ядзернай вайны. Расейская вакцына «Спадарожнік V» можа трапіць у Еўропу. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Амерыканскае выданне Atlantic Council аглядае, як пратэсты ў Беларусі могуць адгукнуцца ў Расеі і задаецца пытаннем: «Ці паўторыць Пуцін памылку Лукашэнкі?».
Выданне адзначае, што Расея – гэта не Беларусь. Пуцін карыстаецца значна больш высокім узроўнем папулярнасці, чым калі-небудзь меў Лукашэнка. Ён таксама можа разлічваць на бясконца большы апарат бяспекі, а таксама велізарныя фінансавыя рэсурсы.
Таксама Пуцін цалкам не залежыць ад грубай сілы, ён захоўвае поўны кантроль над складанай экасістэмай сродкаў масавай інфармацыі, якая служыць адным з найбольш эфектыўных прапагандысцкіх інструментаў у свеце.
“Тым не менш, відавочна, што Масква і Менск зараз апынуліся зачыненымі ва ўзаемных абдымках палітычнай сузалежнасці. Два дыктатары павінны стаяць альбо падаць разам”, – падсумоўае Atlantic Council.
У панядзелак у М’янме адбыўся ваенны пераварот, прычым здарыўся ён у дзень, калі абраны ў ходзе лістападаўскіх выбараў парламент павінен быў правесці сваё першае пасяджэнне. Прэм’ер-міністр, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Аун Сан Су Чжы, а таксама прэзідэнт краіны былі арыштаваныя. Свае дзеянні путчысты абгрунтавалі тым, што падчас выбараў нібыта былі дапушчаныя маніпуляцыі. Еўрапейскія СМІ разважаюць пра тое, што паслужыла спускавым кручком для перавароту. Нямецкае выданне Tagesschau асэнсоўвае як путч стаў трагічным канцом кар’еры Аун Сан Су Чжы:
«Яна пачала мець справу з тымі, хто парушаў правы чалавека і пагарджаў дэмакратыяй. Палітык, якая некалі выступала за свабоду і карысталася павагай на Захадзе, сама запляміла сваю рэпутацыю на міжнароднай арэне. Няма сэнсу разважаць пра тое, якія матывы ёю рухалі. Пагадзіўшыся служыць гэтакім дэмакратычным “фігавым лістком” для ваеннай верхавіны, яна здрадзіла свайму народу. У выніку ваенная вярхушка проста пазбавілася ад сваёй падатлівай памочніцы».
Амерыканская газета The Washington Times папярэджвае, што ядзерная вайна з Кітаем ці Расеяй – гэта «вельмі рэальная перспектыва» для ЗША. Выданне спасылаецца на артыкул навуковага часопіса Ваенна-марскога інстытута ЗША, аўтар якога, адмірал Чарльз Рычард, сцвярджае, што ЗША павінны быць гатовыя да ядзернай вайны з Кітаем ці Расеяй ды мусіць шукаць новыя спосабы стрымліваць выкарыстанне гэтымі двума краінамі сучасных стратэгічных узбраенняў. Такім чынам размова ідзе аб новым глабальным балансе ядзерных сілаў. Пакуль два дзесяцігоддзі ЗША замагалася з тэрарызмам, Кітай і Расея актыўна нарошчвалі свае ядзерныя арсэналы.
«У цяперашнюю новую эпоху канкурэнцыі гэта будзе першы раз у гісторыі ЗША, калі да канца гэтага дзесяцігоддзя нам прыйдзецца сутыкнуцца з двума канкурэнтамі, якія валодаюць ядзернымі магчымасцямі», – адзначыў адмірал Рычардс у інтэрв’ю The Washington Times. «Падобна да Расіі, Кітай дзейнічае агрэсіўна, кідаючы выклік дэмакратычным каштоўнасцям і перакройваючы глабальны эканамічны парадак у сваіх інтарэсах. Аднак безуоўмна, ядзерны канфлікт будзе мець катастрафічныя наступствы і павінен ўлічвацца ў далейшых ацэнках».
Брытанская газета Financial Times назірае за тым, як балканскія дзяржавы, падчас спрэчка аб пастаўках вакцын, якая разгаралася між ЕЗ і кампаніяй Astrazeneca звяртаюцца па вакцыны да Кітаю і Расеі. “ЕЗ выдзеліў шасці балканскім краінам-кандыдатам 70 мільёнаў еўра на набыццё вакцын, чатыры з іх не атрымаюць абяцаных партый яшчэ некалькі месяцаў з-за затрымкі паставак у самой Еўропе. Таксама ЕЗ вызваліў Балканы ад новай забароны на імпарт вакцын з краін, якія не ўваходзяць у саюз. Напрыклад, Чарнагорыя ў дадатак да нядаўна падпісанага кантракту на 150 тысяч доз кітайскай вакцыны, дамагаецца паставак яшчэ 50 тысяч доз расейскай вакцыны «Спадарожнік V», – фіксуе брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя