Агляд прэсы: генералы лясных кар’ераў



Польска-беларуская мяжа: «Просьбы аб дапамозе паступаюць з глухіх лясоў». Смерць у водах Ла-Манша і спрэчкі пра міграцыйную палітыку. «Светлафор» загарэўся ў Германіі. Ці выжыла «Чорная Пятніца»?

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

«Сітуацыя на мяжы паміж Польшчай і Беларуссю выправілася толькі на першы погляд. Многія бежанцы ўсё яшчэ знаходзяцца паміж дзвюма краінамі, забеспячэнне іх самым неабходным – цяжкая справа, а з кожным днём становіцца халадней», – піша нямецкая газета Die Zeit.

«На працягу некалькіх тыдняў аб сітуацыі на польска-беларускай мяжы паведамлялася адно і тое ж: тысячы людзей затрымаліся паміж дзвюма краінамі ў катастрафічных гуманітарных умовах, паверыўшы ў ілжывае абяцанне Лукашэнкі пра тое, што яны змогуць лёгка патрапіць у ЕЗ. Аднак і зараз польская пагранслужба працягвае паведамляць пра спробы мігрантаў перасекчы дэ-факта закрытую мяжу з Беларусі у Польшчу», – гаворыцца ў артыкуле.

Выданне канстатуе, што колькасць людзей, якія перасякаюць мяжу, нягледзячы на загароды і масіраваную прысутнасць паліцыі і вайскоўцаў на польскім баку, зноў расце пасля кароткага спаду, а разам з ім і колькасць тых, хто тэрмінова мае патрэбу ў медыцычнай дапамозе.

«Просьбы аб дапамозе паступаюць з глухіх лясоў, дзе медычным брыгадам даводзіцца ісці 20-30 хвілін да бліжэйшай дарогі. Прынамсі 13 чалавек загінулі на мяжы, у асноўным яны былі знойдзены на польскім баку, сярод загінуўшых было і аднагадовае дзіця. Адна маладая жанчына страціла сваё ненароджанае дзіця”, – піша Die Zeit. – «Хаця рэжым Лукашэнкі, з аднаго боку, робіць выгляд, што гатовы да супрацоўніцтва, асноўная стратэгія па ціску на суседнія еўрапейскія дзяржавы пры дапамозе усё большай колькасці бежанцаў, здаецца, не змянілася. ЕЗ дамовіўся з Турцыяй аб забароне палётаў, але самалёты са Стамбула і Дубая – яшчэ аднаго вузла міграцыйнага маршруту ў Беларусь , зноў прызямляліся ў Менску на гэтым тыдні».

На французскім узбярэжжы каля Кале і ў водах Ла-Манша былі знойдзены целы 27 патанулых мігрантаў. Большасць з іх – бежанцы з Ірака і Ірана. Сярод загінуўшых ёсць дзеці. Гэта найбуйнейшая падобная катастрофа з 2014 году. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан заявіў, што ўзрушаны тым, што адбылося, і паабяцаў узмацніць барацьбу з нелегальнымі перавозчыкамі людзей. На думку прэсы, патрэбны больш эфектыўныя меры.

«Урад Вялікабрытаніі не прапануе канкрэтных рашэнняў, а проста спрабуе набраць ачкоў у плане ўнутранай палітыкі», – крытыкуе брытанская газета The Guardian.

«На жаль, кіраўнік урада Джонсан і міністр унутраных спраў Прыці Патэл не выказваюць намеру спыніць гэтую ксенафобскую рыторыку. Асуджэнне нелегальных перавозчыкаў людзей паўстае ўсё больш бессэнсоўным і застанецца такім, пакуль не будуць прыняты такія дзейсныя меры, як, напрыклад, адкрытая дыскусія аб стварэнні легальных і бяспечных шляхоў міграцыі ў Злучанае Каралеўства. Заява Патэл аб тым, што неабходныя «ангельскія боты» на французскай тэрыторыі, судзячы па ўсім, зроблена наўмысна, з мэтай нагнятаць становішча. Наша Міністэрства ўнутраных спраў чарговы раз апынулася ў цэнтры вельмі непрывабнага спектаклю», – піша брытанскае выданне.

У Нямеччыне новаспечаная ўрадавая кааліцыя «светлафору» – у складзе СДПГ (чырвоны), СвДП (жоўты) і «Зялёных” – прадставіла грамадскасці сваю праграму. Размеркаванне партфеляў таксама падыйшло да канца: узначаліць урад Олаф Шольц ад сацыял-дэмакратаў, пытанні знешняй палітыкі будзе курыраваць Бэрбак ад «Зялёных», а крэсла міністра фінансаў дасталася лібералу Крысціяну Лінднэру.

«Дацкі ўрад вітае прызначэнне ліберала Лінднэра на пасаду міністра фінансаў і, напэўна, знойдзе з ім агульную мову», – мяркуе дацкая газета Jyllands-Posten.

«Лінднэр валодае правам вета на законы і, па ўсёй верагоднасці, працягне чараду звышцвёрдых міністраў фінансаў, якімі так славіцца Нямеччына. Пры Лінднэры больш не будзе бяздумнай раздачы фінансавых сродкаў краінам Паўднёвай Еўропы. Маючы такога міністра фінансаў, Германія дэ-факта, але не дэ-юрэ, уступіць у групу эканомных краін ЕЗ, у якую ўваходзіць і Данія. Абагульненне запазычанасцяў краін ЕЗ, прынятае пасля першага каранакрызісу, зараз наўрад ці паўторыцца. У нашай прэм’ер-міністра ад сацыял-дэмакратаў Мэтэ Фрэдэрыксэн з’явілася яшчэ адна нагода ухвальна кіўнуць галавой», – адзначае дацкае выданне.

«Чорная пятніца» і «Кіберпанядзелак», традыцыйныя дні скідак у ЗША, дабраліся і да Еўропы. Усё больш еўрапейцаў настройваюцца такім чынам на сезон калядных распродажаў і спажывецкага ажыятажу. Прэса разважае аб тым, як наш кансьюмерызм уплывае на ўмовы працы, традыцыі, звычкі і эканоміку ў цэлым.

«Здавалася б, на фоне каронакрызісу мы павінны былі б адмовіцца ад шэрагу звычак мінулага, але штосьці пайшло не так», – наракае швейцарская газета Le Courrier.

«Насамрэч ясна, што калі мы хочам пазбегнуць далейшых эпізодаў такога кшталту, то нам шмат чаго трэба змяніць: трэба зрабіць нашыя муніцыпалітэты, камуны і супольнасці больш незалежнымі, вельмі пажадана радзей і менш падарожнічаць, менш працаваць і яшчэ менш спажываць. Аднак, мяркуючы па ўсім, да гэтага нам далёка: на двары – «Чорная пятніца», а праз месяц грымнуць калядныя распродажы. Усе проста мараць вярнуцца да «ранейшага жыцця» – жыцця, якое і прывяло да з’яўлення каронавірусу. Па сутнасці, пандэмія нічому нас не навучыла», – адзначае швейцарскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя