Агляд прэсы: „героі” на гадзіну
Прыгожын у Беларусі: перадыслакацыя ў мэтах нападу на Украіну? Рэзюме спробы ваеннага перавароту ў Расеі-краіне 404. Усё больш бежанцаў, усё менш салідарнасці? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Журналісты CNN лічаць, што расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін не даруе кіраўніку ВПК «Вагнер» Яўгену Прыгожыну ягоны мяцеж. У суботу ўвечары ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі заявілі, што той правёў перамовы з кіраўніком ПВК «Вагнер» Яўгенам Прыгожыным, які прыняў прапанову аб спыненні руху вагнераўцаў на Маскву. Прыгожын нібыта паехаў у Беларусь.
„Пуцін не даруе здраднікам. Нават калі Пуцін кажа: «Прыгожын, едзь у Беларусь», той усё роўна будзе здраднікам, і думаецца, што Пуцін ніколі гэтага не даруе. Цалкам магчыма, што Прыгожына заб’юць у Беларусі, і гэта складаная дылема для Масквы, бо пакуль Прыгожын мае нейкую падтрымку, ён з’яўляецца пагрозай, незалежна ад таго, дзе ён знаходзіцца. Варта звярнуць увагу на тую падтрымку, якую мелі вагнераўцы на вуліцах Растова. Чаму шэраговыя расіяне на вуліцы вітаюць людзей, якія толькі што спрабавалі здзейсніць дзяржаўны пераварот? Гэта азначае, што, магчыма, яны іх падтрымліваюць ці яны ім падабаюцца. Так ці інакш гэта вельмі кепскія навіны для Пуціна. Пры гэтым былы начальнік Генштаба арміі Вялікабрытаніі Рычард Даннат мяркуе, што хоць пасля мецяжу ў шэрагах расейскіх вайскоўцаў пануе нейкі беспарадак, ад’езд Прыгожына ў Беларусь усё ж выклікае нейкую занепакоенасць. Бо калі кіраўнік ПВК „Вагнер” захаваў вакол сябе баяздольныя падраздзяленні, то нясе за сабой пагрозу, а яго войскі могуць быць скарыстаны для новага наступу на Кіеў”, – перадае амерыканскае выданне.
Ваенны мяцеж у Расеі на выходных стаў чарговай няўдалай спробай захопу ўлады з дэкларуемай мэтай «навядзення парадку», якая ўсё ж агаліла слабасць пуцінскай улады. «Шмат каму хацелася драйву і цуду. І каб «Русь змянілася за тры дні». Пачакайце хвалявацца. Нічога не скончылася. Гэта быў толькі цізер, серыял – наперадзе», – піша незалежнае расейскае выданне Graniru.
«Прыгожынскі «мяцеж» быў разборкамі старэючых мафіёзі, якія з-за сутыкнення прыватных інтарэсаў ледзь не падпалілі вялізную краіну. Але ў грамадзян гэтай краіны з’явіўся шанц убачыць, у якім нікчэмным становішчы яны знаходзяцца. Разьвязка гэтай гісторыі паказвае, што менавіта стаяла на коне. Адзін разыгрываў ролю ці то Карнілава, ці то Леніна, другі спрабаваў згуляць Мікалая II, у якога атрымалася. Усё гэта суправаджалася пафасам барацьбы за лёсы Айчыны. А на справе гаворка ішла аб адным прыватным жыцці – Яўгена Прыгожына. Яго паспрабаваў грымнуць канкурэнт, пацярпеў няўдачу, і тады ён пайшоў ва-банк. Стварыў сітуацыю экзістэнцыйнай пагрозы для «хроснага бацькі», якому давялося ў выніку адпусціць яго жывым, таму што сваё прыватнае жыццё даражэйшае. Падрыхтоўка да «перавароту» ішла даўно. Мэтай было справакаваць эвакуацыю топ-чыноўнікаў з Масквы, затым заняць будынкі міністэрстваў. У выніку пацярпеў імідж Пуціна: паход на Маскву здзьмуў апошнія рэшткі аўры альфа-самца.
Паход паказаў, што Расея, якая нядаўна трымала ў страху ўвесь свет – гэта такое паўночнае Самалі на дзевятай частцы сушы. Краіна 404», – канстатуе расейскае незалежнае выданне.
Паводле звестак Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, у 2022 годзе колькасць людзей у свеце, якія вымушана пакінулі родныя мясціны, узрасла ў параўнанні з папярэднім годам на 19 мільёнаў чалавек. 11,6 мільёнаў з іх – украінцы. Нядаўна ЕЗ узмацніў жорсткасць заканадаўства ў галіне прадастаўлення прытулку, у той час як у грамадстве шырока абмяркоўваецца нядаўняя катастрофа ў Міжземным моры, калі ў выніку крушэння судна з мігрантамі на борце загінулі сотні людзей. «Праца над стрымліваннем міграцыйных патокаў не павінна абмяжоўвацца барацьбой з нелегальнымі перавозчыкамі, яна павінна пачынацца на куды больш раннім этапе», – адзначае аўстрыйская газета Der Standard.
„Дэпартацыйная рыторыка кансерватыўных і ўльтраправых палітыкаў – гэта сапраўднае «абалваніванне народа». Краіны зыходу проста не прымаюць мігрантаў назад. Барацьба з нелегальнымі перавозчыкамі і памяншэнне міграцыйных патокаў павінны былі пачацца нашмат раней. Гэта патрабуе інтэлектуальнай сумленнасці, нават крытыкуючы цяперашнюю міграцыйную палітыку і паказваючы на этычныя гуманітарныя аспекты, трэба заявіць адкрыта: вялікая частка тых, хто прыбывае да нас праз Міжземнае мора і нібыта зачынены балканскі маршрут, практычна не мае шанцаў знайсці ў Еўропе працу, інтэгравацца і чаго-небудзь дасягнуць у грамадстве. Ці ж шанцы гэтыя нікчэмна малыя. Неабходна знайсці магчымасці, каб утрымаць гэтых людзей ад бесперспектыўнай вандроўкі, якая часта заканчваецца смерцю, у нікуды”, – заклікае аўстрыйскае выданне.
Для дасягнення мэт па абароне клімату ўрад Ірландыі разглядае варыянт у бліжэйшыя тры гады забіць у краіне каля 200 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Адпаведная ініцыятыва міністэрства сельскай гаспадаркі, якая цыркулюе ва ўрадавых колах, прадугледжвае кампенсацыі фермерам, аднак тыя ўсё ж нямала ўстрывожаныя. «Лепш бы ірландскі ўрад спыніў забудоўваць краіну ангарамі, у якіх размешчаны цэнтры па перапрацоўцы дадзеных», – такі каментар нямецкай газеты taz.
„У краіне ёсць ужо больш за 75 такіх вялізных ангараў, восем будуюцца прама цяпер і яшчэ 30 знаходзяцца на стадыі планавання. Нідзе на планеце больш няма такой шчыльнай канцэнтрацыі цэнтраў па перапрацоўцы дадзеных, як у Дубліне і яго наваколлях. І што ж Ірландыя мае з усяго гэтага? Транснацыянальныя гіганты ўсё роўна практычна не плацяць падаткаў, затое да канца дзесяцігоддзя яны выкінуць у атмасферу лішнія 1,5 мільёны тон СО2. Урад не дасягне пастаўленых кліматычных мэт, і зробіць гэта абсалютна свядома. У такім выпадку няхай ужо лепш улады праявяць сумленнасць, і наўпрост заявяць, што на першым месцы стаіць эканамічная экспансія, а абарона клімату – гэта дробязь, справа жыццёвая. Вось тады можна будзе і бедных кароў у спакоі пакінуць”, – з горыччу гіранізуе нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя