Агляд прэсы: горад наш?



Што азначае зняволенне Марыі Калеснікавай для Беларусі? Да якіх наступстваў можа прывесці змена ўлады ў Гвінеі? Спрэчкі вакол «Паўночнага патоку-2».

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

– «Лідару беларускай апазіцыі Марыі Калеснікавай прыйдзецца правесці ў турме 11 гадоў. Гэтым прысудам аўтакрат Аляксандр Лукашэнка хоча падвесці рысу пад леташнімі пратэстамі і прадэманстраваць сваю ўладу», – піша нямецкая газета Die Welt.

«Ніхто і не спадзяваўся на апраўдальны прысуд. Музыкант і актывістка Марыя Калеснікава была прызнаная вінаватай. Яна прызнаная нібыта экстрэмісткай, якая хацела захапіць уладу ў краіне неканстытуцыйнымі метадамі. Калеснікава была тварам беларускай апазіцыі падчас пратэстаў у мінулым годзе. Калі памагатыя Лукашэнкі хацелі дэпартаваць яе, яна парвала свой пашпарт, каб застацца на радзіме. І зараз Лукашэнку ў любым выпадку не хвалюе вяршэнства закона. Прысудамі Калеснікавай і Знаку беларускі дыктатар хоча прадэманстраваць сваё бясспрэчнае панаванне», – адзначае выданне.

Die Welt канстатуе, што ў падобных варунках, калі канца кампаніі рэпрэсіяў не прадбачыцца, беларусы альбо спрабуюць прымірыцца з рэжымам Лукашэнкі, альбо пакідаюць краіну.

«Міністэрства ўнутраных спраў у Менску змяншае колькасць беларусаў, якія пакінулі краіну; з мінулага году аніякіх дадзеных больш не публікуецца.

Па дадзеных Украіны, са жніўня 2020 года граніцу перасеклі больш за 150 тысяч беларусаў. Толькі ў гэтым годзе Польшча выдала беларусам 90 тысяч віз», – піша Die Welt.

5-га верасня спецназ Гвінеі арыштаваў 83-гадовага прэзідэнта краіны Альфу Кандэ. Ваенныя абвясцілі пра роспуск ураду, прыпыненні дзеяння канстытуцыі і закрыцці межаў. Прычынай бунту яны назвалі сацыяльна-палітычную і эканамічную сітуацыю ў краіне. На ўсёй тэрыторыі краіны ўведзена каменданцкая гадзіна.

«Гэта чацвёртая спроба дзяржаўнага перавароту ў Заходняй Афрыцы крыху больш, чым за год. Ёсць засцярогі, што дэмакратыя ў гэтых краінах слабее», – адзначае брытанская газета The Guardian. – «У 2020 годзе Гвінея правяла спрэчны рэферэндум, ухваліўшы папраўкі ў канстытуцыю. Гэта і дазволіла Кандэ застацца прэзідэнтам яшчэ на два тэрміны. Апазіцыя тады байкатавала рэферэндум, падчас жорсткіх акцый пратэсту загінулі больш за 40 чалавек. Зараз у Мінабароны Гвінеі, нягледзячы на тое, што адбываецца, заяўляюць, што напады на прэзідэнцкі палац былі задушаны. Аднак захаванасць самога прэзідэнта пакуль пад пытаннем».

«Будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток-2» знаходзіцца на завяршальнай стадыі. «Газпром» хоча ўвесці яго ў эксплуатацыю ўжо ў гэтым годзе, але праціўнікі праекта не здаюцца», – піша дзелавая нямецкая газета Handelsblatt.

Выданне адзначае, што на працягу многіх гадоў бушавала геапалітычная барацьба вакол завяршэння будаўніцтва газаправоду. Зараз гэтая барацьба падыходзіць да канца, і пачынаецца новая: барацьба за ўвод газаправоду ў эксплуатацыю і юрыдычную сертыфікацыю.

«Праціўнікі трубаправоду спадзяюцца, што новы ўрад Германіі, пазоў нямецкай экалагічнай арганізацыі Deutsche Umwelthilfe і жорсткія нарматыўныя патрабаванні Брусэля ўсё-такі сарвуць гэты праект. Іх натхняе рашэнне суду аб тым, што «Паўночны паток-2» павінен падпарадкоўвацца жорсткім патрабаванням газавай дырэктывы ЕЗ, прынятай два гады назад. Пры гэтым няма ніякіх сумненняў у тым, што «Газпром» выкарыстоўвае «Паўночны паток-2» у якасці рычага ціску. Масква хоча нагнятаць страх з нагоды дэфіцыту паставак, каб прымусіць еўрапейцаў адмовіцца ад далейшых перашкодаў праекту», – гаворыцца ў артыкуле.

Прэзідэнт Францыі аб’явіў аб выдзяленні дадатковых сродкаў Марсэлю, у якім на дадзены момант назіраецца мноства застарэлых сацыяльных праблем. Інфраструктура не абнаўляецца, на вуліцах горада вядуцца крывавыя бандыцкія разборкі. План дапамогі Марсэлю, прадстаўлены Макронам падчас трохдзённага візіту ў горад, уключае ў сябе інвестыцыі ў памеры чатырох мільярдаў еўра. Плануецца, што гэтыя сродкі пойдуць на паляпшэнне сітуацыі ў школах, будаўніцтва жылля і забеспячэнне бяспекі ў праблемных раёнах. Аглядальнікі настроены скептычна.

«Галоўная праблема Марсэлю – мегаполісу, які патанае ў пазыках – гэта ягоныя кіраўнікі», – піша французская газета Contrepoints.

«Галоўны біч Марсэлю – гэта зусім не занядбанасць, а той факт, што ў горадзе пануе сітуацыя, падобнай да сітуацыі ў Грэцыі: непатызм і кумаўство, якія вядуць да таго, што гарадскі бюджэт раскрадалі чыноўнікі мясцовай адміністрацыі, што былі прызначаныя ў моц сваёй лаяльнасці той ці іншай палітычнай партыі. Лепш заплаціць – і канцы ў ваду, чым нашкодзіць сваім палітычным заступнікам. Адзіная мэта: як мага даўжэй утрымаць уладу. І дасягаецца яна пры дапамозе усім відавочнай стратэгіі: няспынна патрабаваць «дадатковых сродкаў», абгрунтоўваючы гэтыя патрабаванні спецыфікай гораду. Якія ёсць падставы меркаваць, што мільярды, абяцаныя Макронам, будуць выдаткаваныя з большай карысцю, чым усе выдзеленыя раней?»,задае рытарычнае пытанне французскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя