Агляд прэсы: Горкія пігулкі вайны
«Буры» і цудатворны абраз. Наступствы вайсковага перавароту ў Нігеры. Эканамічны форум Расея – Афрыка. ЕЦБ падвышае працэнтную стаўку. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
На пачатку 1946 года згуртаванне Нацыянальнага вайсковага саюза Рамуальда Райса «Бурага» праводзіла рэйды на тэрыторыі Бельска-Падляшскага павета з мэтай прымусу праваслаўных насельнікаў да выезду ў Беларусь. «У выніку было спалена 5 вёсак і забіта 79 мірных жыхароў. «Буры» і падумаць не мог, што такім чынам станецца ў народнай памяці «Неронам», а царкве праваслаўнай дасць новых святых», – піша польская газетаGazeta Wyborcza.
«Праваслаўная царква вырашыла выдзеліць землі, якія пакутавалі ад рэйдаў Бурага, і заклалі ў Залешанах жаночы кляштар. Мясцовая супольнасць пад кіраўніцтвам сястры Елізаветы прыступіла да будаўніцтва Царквы ў гонар Святой Кацярыны Александрыйскай. Праз некалькі год у 2013-м адна з верніц у той царкве пабачыла выяву Маці Божай, якая ратуе жыхароў Заляшан. Па яе сведчаннях і быў напісаны абраз Маці Божай Залешанскай, які на сёння прызнаны цудатворным на падставе выпадкаў выздараўлення вернікаў, што маліліся ля яго. Калі б Езус завітаў у Залешаны, ён быў бы на баку спаленых і расстраляных праваслаўных. Але не на баку ўдзельнікаў марша ў Гайнаўцы з воклічамі: «Буры – наш герой», якія сугучныя старавядомаму з Рыма: «хрысціян аддаць ільвам», – падкрэслівае польскае выданне.
У Нігеры элітнае армейскае падраздзяленне зрынула прэзідэнта Махамеда Базума. Ваенныя краіны таксама перайшлі на бок путчыстаў. Пры Базуме Нігер лічыўся стратэгічна важным партнёрам ЗША і Еўропы ў рэгіёне. Парыжская газета Libération спрабуе разабрацца ў тым, хто ў выніку пацярпеў, а каму сітуацыя прыдалася на руку.
«У Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша ёсць важкія падставы выказваць сваю глыбокую занепакоенасць сітуацыяй. І перш за ўсё з-за мясцовага насельніцтва, паколькі галоўнымі бенефіцыярамі гэтай інстытуцыянальнай нестабільнасці з’яўляюцца ісламісцкія тэрарыстычныя групоўкі, якія пануюць у рэгіёне. Падзеі ў Ніамеі, вядома, вельмі дрэнныя навіны для Францыі, але таксама і для Злучаных Штатаў, якія да гэтага часу выступалі ў ролі партнёра Нігера ў сферы бяспекі. Расея, з другога боку, не супраць паслаблення ўплыву Захаду. Аднак цяжка ўявіць, што менавіта яна стаіць за гэтым пераваротам», – канстатуе французскае выданне.
У Санкт-Пецярбурзе працягнуў сваю працу двухдзённы саміт Расея-Афрыка. У ім прынялі ўдзел дэлегацыі толькі з 49 краін. Чаму і чым менавіта спрабуе зацікавіць Афрыку прэзідэнт Пуцін? «Не варта перабольшваць уплыў Расеі ў гэтым рэгіёне», – піша брытанская газета The Times.
«Масква абвінаваціла Захад у жаданні сабатаваць афрыканскі саміт. Без сумневу, заходнія лідары папярэджвалі свае дзяржавы аб рызыках, якія пагражаюць у тым выпадку, калі тыя расчыняць свае дзверы Пуціну. Але самі афрыканцы ясна бачаць, у чым заключаюцца іх інтарэсы. Іх рэакцыя на задавальненні з боку Масквы будзе прагматычнай. Афрыка набывае ўсё большае значэнне ў групе краін Вялікай дваццаткі, а таксама падчас глабальнага эканамічнага развіцця. Кантынент не мае патрэбы ў Маскве, як у абаронцы, і не бачыць у поцісках рукі, здзейсненых у Санкт-Пецярбургу, гарантыю дасягнення сваіх мэтаў», – адзначае брытанскае выданне.
ЕЦБ зноў павысіў ключавую працэнтную стаўку на 0,25 працэнтнага пункта – да 4,25 працэнта. Мэтай дзявятага павышэння на працягу года з’яўляецца зніжэнне інфляцыі на 2 працэнты. Цяпер інфляцыя ў еўразоне складае 5,5 працэнта. Аглядальнікі з разуменнем ставяцца да прынятых мер, але выказваюць сваю заклапочанасць наконт магчымай рэцэсіі. «З эканамічнага пункту гледжання палітыку павышэння ключавой стаўкі Цэнтрабанкам можна лічыць правільнай», – піша італьянская газета La Stampa.
«Гэта – горкія лекі, вядома, але такія, карысць ад якіх зараз становіцца відавочнай, а пабочныя эфекты зусім не так і жудасныя. У сувязі з падвышэннем працэнтных ставак гэтай вясной не столькі эканоміка выступіла супраць мер, праведзеных Франкфуртам, колькі, хутчэй, палітыкі асцерагаліся таго, што рост працэнтных ставак па дзяржаўнай запазычанасці пакіне недастаткова грошай для выплат. Яны проста асцерагаліся канца эпохі «танных грошай», якія аказаліся правільным выбарам у гады пандэміі», – падкрэслівае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка