Агляд прэсы: горш ужо ня будзе



Мяжа Германіі з Польшчай пад пагрозай калапсу з-за хвалі мігрантаў, якіх дасылае Беларусь. Спрэчка паміж ЕЗ і Польшчай: канфрантацыя ў Еўрапарламенце. Горшы кашмар Віктара Орбана. Масква разрывае адносіны з НАТА. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Мяжа Германіі з Польшчай знаходзіцца пад пагрозай калапсу з-за ростуколькасці мігрантаў, якія імкнуцца ўехаць у краіну з усходу праз Беларусь, папярэджвае паліцыя. Прэзідэнта Лукашэнку, дыктатара Беларусі, абвінавачваюць у выкарыстанні нелегальнай іміграцыі ў якасці «палітычнай зброі» тым, што ён дапамагае дзясяткам тысяч людзей, у асноўным з Іраку, Сірыі, Йемена і Ірану, патрапіць у ЕЗ праз Польшчу і краіны Балтыі ў адплату за санкцыі супраць яго рэжыму», – паведамляе амерыканская газета The Times.

Выданне адзначае, што Саюз федэральнай паліцыі Германіі заклікаў урад Германіі ўсталяваць часовы кантроль на мяжы з Польшчай, каб спыніць паток, які ў апошнія месяцы прывёў да затрымання ў Германіі 5000 мігрантаў, у тым ліку 500 толькі за мінулыя выходныя.

«З ліпеня 67-гадовы Лукашэнка прапанаваў бязвізавы ўезд людзям з больш чым 70 краін, у тым ліку з найбольш праблемных зон баявых дзеянняў на Блізкім Усходзе. Па меншай меры, 4000 чалавек перабраліся ў Літву і столькі ж уехала ў Латвію. Польскія ўлады заяўляюць, што са жніўня яны спынілі больш за 16 000 спроб перасекчы мяжу сваёй краіны. Некаторыя з мігрантаў апынуліся ў пастцы ў памежнай зоне, што прывяло як мінімум да сямі смяротных выпадкаў ад знясілення і пераахаладжэння», – перадае газета.

«Вядома, што ў нядзелю Лукашэнка дадаў Іран, Пакістан, Егіпет і Іарданію ў спіс краін, на якія распаўсюджваецца беларускі бязвізавы рэжым, і заявіў, што мігранты таксама могуць прыбываць у невялікія рэгіянальныя аэрапорты за межамі Менску. Лічыцца, што ў цяперашні час у Беларусі знаходзіцца каля 14 000 мігрантаў», – гаворыцца ў артыкуле.

У Страсбурзе бакі канфлікту па пытанні захавання Польшчай прынцыпу вяршэнства права сутыкнуліся лоб у лоб: старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен прыстрашыла заблакаваць выплату Польшчы сродкаў на аднаўленне эканомікі ад наступстваў пандэміі з адпаведнага фонду ЕЗ, і не здымаць блакады, пакуль краіна не адменіць спрэчныя новаўвядзенні у сферы юстыцыі. У сваю чаргу прэм’ер-міністр Польшчы Маравецкі абвінаваціў Еўразвяз у шантажы і перавышэнні паўнамоцтваў.

«Еўразвяз павінен зрабіць усё для таго, каб утрымаць Польшчу ў сваіх шэрагах», – мяркуе нямецкая газета Der Spiegel.

«Без Польшчы Еўразвяз будзе няпоўным. Еўрапейская інтэграцыя ніколі не задумвалася як чыста заходнееўрапейскі праект. Планавалася, што менавіта такім чынам можна будзе ажыццявіць яднанне краін і народаў кантыненту. Пасля знікнення першых блокаў супраць, мэтай была пастаўлена інтэграцыя цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх дзяржаў ў свабодную і дэмакратычную Еўропу. Выхад з ЕЗ Польшчы стане куды больш моцным ударам па супольнасці, чым брэкзіт. Вялікабрытанія гістарычна заўсёды лічыла сябе краінай, якая знаходзіцца на перыферыі еўрапейскага поля, а вось Польшча нязменна была ў яго асяродку. Калі Польшча выйдзе са складу ЕЗ, то яго падмурак захістаецца», – папярэджвае нямецкае выданне.

Венгерская апазіцыя дамовілася аб вылучэнні адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2022 году. Ім стане беспартыйны палітык і мэр горада Ходмэзёвашархей Петэр Маркі-Заі. Такое рашэнне было прынята па выніках папярэдніх выбараў, праведзеных шасцю партыямі, якія знаходзяцца ў апазіцыі, – ад левалібералаў да кансерватараў. Пры дапамозе аналагічнай тактыкі у 2018 годзе Маркі-Заі атрымаў перамогу на муніцыпальных выбарах у сваім горадзе. Ці атрымаецца яму паўтарыць поспех на агульнанацыянальным узроўні?

«У венгерскай апазіцыі атрымаўся сапраўдны прарыў», – з задавальненнем адзначае нямецкая газета Frankfurter Rundschau.

«Упершыню за амаль дванаццаць гадоў Орбану даводзіцца баяцца страты ўлады. Яго патэнцыйны супернік падаецца ідэальным кандыдатам для прыцягнення кансэрватыўных выбаршчыкаў Венгрыі, якія шукаюць альтэрнатыву аўтакратыі Орбана, але не хочуць галасаваць за левых або Зялёных. У орбанаўскай Венгрыі дэмакратычная змена ўлады ўжо здавалася немагчымай. А цяпер усё можа змяніцца, і праз некалькі месяцаў. Петэр Маркі-Заі можа стаць горшым кашмарам Віктара Орбана», – адзначае венгерскае выданне.

Расея мае намер на нявызначаны тэрмін зачыніць сваё прадстаўніцтвы ў штаб-кватэры НАТА ў Бруселі. Па словах кіраўніка МЗС Сяргея Лаўрова, 1-га лістапада будзе таксама закрыта прадстаўніцтва ваеннага альянсу ў Маскве. Прычынай гэтага, паводле заявы Крамля, стала рашэнне альянсу адклікаць акрэдытацыю ў расейскіх дыпламатаў з-за падазрэння іх у шпіянажы. Еўрапейскія СМІ не хаваюць сваёй занепакоенасці.

Швейцарская газета Corriere del Ticino лічыць, што сапраўднай прычынай такога рашэння стаў зусім не шпіянаж.

«У прыватнасці, Крэмль абвінавачвае Паўночнаатлантычны альянс ў жаданні распаўсюдзіць свой уплыў на Украіну і Грузію, якія Расея па-ранейшаму адносіць да сваёй сферы ўплыву. Момант, абраны Масквой для гэтага кроку, таксама не выпадковы: у панядзелак у Грузію прыбыў міністр абароны ЗША Лойд Осцін. Пасля Грузіі ён плануе наведаць Украіну і Румынію – краіны чарнаморскага басейну, якія таксама зведваюць на сабе ціск з боку Масквы. Фактычна, расейскія ваенна-паветраныя і ваенна-марскія сілы ў рэгіёне ўяўляюць сабой усё большы выклік для краін-чальцоў НАТА. Паездка кіраўніка Пентагону напэўна будзе выклікаць у Крамля нямалае раздражненне», – адзначае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка