Агляд прэсы: госці і суседзі



Сілы Пуціна застаюцца ў Беларусі. Змякчэнне канфлікту: што на самой справе азначае новая мантра ад Ізраіля? Вялікабрытанія: ні прадуктаў, ні бензіну сітуацыя абвастраецца. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 «Расейска -беларускія вучэнні, магчыма, скончыліся, але цяпер самае вялікае пытанне: якія расейскія войскі застануцца ў Беларусі», піша амерыканскае выданне Breaking defense.

Выданне падкрэслівае, што ў перыяд з 10 па 16 верасня Расея правяла «Захад-2021», апошнюю частку сваіх чатырохгадовых сумесных ваенных вучэнняў з Беларуссю, частка якіх праводзілася на тэрыторыі рэспублікі. Цяпер, праз тыдзень, ёсць прыкметы таго, што больш за 200 000 вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі, магчыма, толькі часткова павяртаюцца дадому.

«Кожныя чатыры гады, калі праходзяць гэтыя вучэнні, сярод краін-членаў НАТА існуе падазрэнне, што расейскія войскі, якія ўвайшлі ў Беларусь, фактычна не адправяцца пасля завяршэння вучэнняў. Асцерагаюцца, што вучэнні стануць прыкрыццём акупацыі Беларусі, падобнай да аншлюсу, што магло б мець сур’ёзныя наступствы для рэгіёну, у першую чаргу для Украіны. Беларусь таксама аказвае міграцыйны ціск на нашых саюзнікаў – Літву, Латвію і Польшчу, дзе фактычна Беларусь выкарыстоўвае міграцыю як інструмент гібрыднай вайны супраць сваіх суседзяў. І гэта абсалютна недапушчальна.

Калі б Беларусь стала прыдаткам Расейскай Федэрацыі, Украіну акружылі б расейскія войскі з трох бакоў. Гэта таксама прадставіць драматычную эскалацыю пагрозы для Польшчы, найбуйнейшай прыфрантавой дзяржавы НАТА, і адкрые новую мяжу з Літвой», падкрэслівае амерыканскае выданне і адзначае, што да мінулага году магчымасць такога кроку Пуціна лічылася аддаленай. «Праблемы ўзніклі летась у жніўні, калі ў Беларусі пачалася серыя пратэстаў. Да таго ж Беларусь далучылася да аперацый расейскай інфармацыйнай вайны. Уся справа ў тым, каб адцягнуць увагу ад таго, што сапраўды важна, у тым ліку і ад бяспекі межаў між краінамі», – піша Breaking Defense.

«У палітычным і дыпламатычным дыскурсе ў Ерусаліме ўкаранілася новая канцэпцыя: змякчэнне канфлікту. Ідэя складаецца ў тым, што ізраільска-палестынскі канфлікт не будзе вырашаны ў найбліжэйшай будучыні, паколькі ізраільскае і палестынскае кіраўніцтва занадта падзеленыя, каб аднавіць мірныя перамовы, не кажучы ўжо пра дасягненне мірнага пагаднення. Але Ізраіль можа працаваць над змяншэннем уздзеяння стогадовага канфлікту на палестынцаў, тым самым робячы мір больш верагодным», піша  амерыканская газета The New York Times.

Выданне адзначае, што сэнс палягае ў тым, што, калі канфлікт не можа быць вырашаны, яго можна, прынамсі, змякчыць. Гэтая ідэя набрала абароты пасля таго, як Нафталі Бэнэт змяніў Біньяміна Нетаньяху на пасадзе прэм’ер-міністру Ізраіля ў чэрвені. «У сваю чаргу Дзярждэпартамент ЗША транслюе менавіта такую доўгачаканую логіку канцэпцыі. Яны пазбягаюць заклікаў да аднаўлення перамоваў, замест гэтага настойваючы на палітыцы, якая забяспечыць палестынцам і ізраільцянам роўныя меры свабоды, бяспекі, магчымасцяў годнасці», гаворыцца ў артыкуле і адзначаецца, што апытанне сярод палестынцаў паказала, што больш за палову палестынцаў у асноўным задаволеныя новай палітыкай, накіраванай на палягчэнне іх жыцця, але такая ж колькасць таксама падтрымлівае «ўзброены супраціў акупацыі».

Праблемы з пастаўкамі бензіну і прадуктаў харчавання ў Вялікабрытаніі працягваюцца. Яны адбіліся на ступені інфляцыі, якая дасягнула ўжо чатырох адсоткаў. Многія назіральнікі лічаць, што крытычная сітуацыя стала наступствам брэксіту. Прэм’ер-міністр Джонсан, наадварот, кажа аб пераходным перыядзе, які яшчэ акупіцца. Аглядальнікі працягваюць ажыўленую дыскусію пра тое, як лепш за ўсё справіцца з гэтай сітуацыяй.

«Каго слова не возьме, таго палка возьме», падсумоўвае гішпанская газета Еldiario.es.

«Тое, што адбываецца ў Вялікабрытаніі, служыць прыкладам таго, як хлуслівая рыторыка палітыкаў і неаб’ектыўная аргументацыя ў СМІ могуць атрымаць гэтак шырокае распаўсюджванне, што грамадства правальваецца ў нейкую паралельную рэальнасць. У многіх адносінах сітуацыя, якая склалася ў Вялікабрытаніі, можа паслужыць папярэджаннем для ўсіх нас: небяспечна паддавацца пустой палітычнай рыторыцы, нашпігаванай адкрытай хлуснёй. І тымі, хто мог бы прымусіць лопнуць гэтую мыльную бурбалку, як заўсёды, з’яўляюцца журналісты. Зірнуць у твар сваёй нацыянальнай ганьбе – задача, вядома, не з прыемных, але калі гэтага не зрабіць цяпер, то калі ж?», – задае рытарычнае пытанне гішпанскае выданне.

Відэахостынг Youtube, які належыць кампаніі Google, заблакаваў каналы расейскай дзяржаўнай тэлекампаніі RT Deutsch: за распаўсюд заведама ілжывай інфармацыі. Як заявіла кіраўніцтва Youtube, выдаляцца будуць таксама відэаролікі, якія агітуюць супраць выкарыстання ліцэнзаваных вакцынаў. На думку аглядальнікаў, відэахостынг некалькі спрашчае сабе задачу.

«Такім спосабам праблему не вырашыць», лічыць швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.

«У дадзеным выпадку тэхналагічныя карпарацыі змагаюцца з монстрам, якога яны самі ж і спарадзілі. Адной рукой яны працягваюць яго карміць, а другой – спрабуюць адсекчы яму галаву. Блакаванне акаўнтаў, праверка на прадмет распаўсюджвання дэзінфармацыі і нянавісці – гэта ўсяго толькі вяршыня айсбергу. На самай справе Youtube і іншыя павінны змяніць свае алгарытмы.  Можна было б паказваць людзям відэа, якія супярэчаць іх светапогляду, і прапаноўваць ім больш інфарматыўны кантэнт з меншай доляй хайпу. Гэта пайшло б на карысць дэмакратыі і асвеце масаў. Але YouTube на гэта ісці не хоча, паколькі канкурэнцыя, маўляў, не дрэмле», адзначае швейцарскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка