Агляд прэсы: градус напружанасці ўзрастае
Палітыку Аляксею Навальнаму прысудзілі 19 гадоў строгага рэжыму. У адносінах паміж Польшчай і Украінай расце напружанне. Эскалацыя канфлікту ў Нігеры. Падрабязнасці навін сусветнай прэсы ў аглядзе Арыны Ганцэвіч.
У мінулую пятніцу суд прысудзіў расейскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага да чарговага турэмнага зняволення. 47-гадовы палітык, які ўжо два гады адбывае тэрмін па папярэдняй справе, быў прыгавораны ў агульнай складанасці да 19 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў экстрэмізме.
Праціўнік Пуціна Міхаіл Хадаркоўскі, якому самому прыйшлося дзесяць гадоў адсядзець у турме, піша ў артыкуле ў «Новай газеце. Еўропа» пра тое, як ён спраўляўся з тым, што рэжым усё дадаваў і дадаваў яму тэрмін:
«Ты ніколі не ведаеш, колькі рэальна засталося. Гэта цяжка. Вельмі. …Гэта шмат каму ламае волю, чаго і дамагаецца сістэма. З часам я выпрацаваў – часткова асэнсавана, часткова інтуітыўна, – спосаб захаваць сябе ў такой сітуацыі. Я заўсёды любіў працаваць. … І вось я вырашыў для сябе, што проста зараз мой працоўны кабінет выглядае так. Так, з нарамі, кратамі і бетоннымі сценамі. Але ж гэта не асабліва ўплывае на прадуктыўнасць. Вядома, камунікацыі абцяжараныя і камп’ютара няма. Затое ёсць час і магчымасць сканцэнтравацца.»
З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне адносіны паміж Кіевам і Варшавай сталі значна цясней і цяплей. Тым не менш, Польшча мае намер у аднабаковым парадку падоўжыць дзейныя да верасня абмежаванні на ўвоз у краіну ўкраінскага збожжа. Марцін Прыдач, кіраўнік бюро міжнароднай палітыкі пры канцылярыі польскага прэзідэнта Анджэя Дуды, заявіў, што Кіеў павінен праяўляць большую падзяку за падтрымку, якая аказваецца Украіне. У адказ у МЗС Украіны быў выкліканы польскі амбасадар.
На старонках «Українськай правды» з’явіўся артыкул, які заклікае Кіеў праяўляць у кантактах з Польшчай больш такту і чуласці:
«Пакуль украінскі бок абураецца палітызацыяй тэмы збожжа ў Польшчы, у польскага боку таксама ёсць пытанні наконт дзеянняў Кіева. Пакуль што яны збольшага не агучваюцца публічна, але тым лепш для нас: пакуль яшчэ ёсць магчымасць не даць гэтай турбоце перарасці ў рэальныя праблемы. … І калі Украіна лічыць Польшчу сваім стратэгічным партнёрам, то гэта неабходна ўлічваць у публічнай камунікацыі. … Абачлівасць і зніжэнне градуса напружанасці абапал сёння патрэбныя як ніколі. На коне – куды больш маштабныя пытанні, чым уплыў польскіх выбараў на экспарт украінскага збожжа.»
Путчысты ў Нігеры праігнаравалі ультыматум заходнеафрыканскай эканамічнай супольнасці ЭКОВАС, у якім выказвалася патрабаванне да нядзелі аднавіць на пасадзе дэмакратычна абранага прэзідэнта Махамеда Базума. Акрамя таго, ультыматум меркаваў адмену роспуску дзяржаўных інстытутаў, якія прадугледжваюцца канстытуцыяй краіны. У адказ на высунуты ўльтыматум ваенная хунта закрыла паветраную прастору.
«Путч, які адбыўся ў Нігеры, – гэта вынік унутраных праблем, якія нельга вырашыць звонку, і ўжо тым больш – з дапамогай вялікага суседа Нігерыі, у гісторыі якога таксама налічваецца нямала вайсковых пераваротаў. …У выпадку ваеннай інтэрвенцыі з боку Нігерыі дзве арміі з гістарычна кепскай рэпутацыяй вялі б вайну за кошт усіх гэтых людзей. Чалавечыя пакуты былі б велізарнымі, а рызыка пагромаў на нацыяналістычнай глебе – вельмі высокім і здольным хутка перакінуцца і на іншыя краіны Заходняй Афрыкі», — адзначае берлінскае «Taz».
Беларускае Радыё Рацыя