Агляд прэсы: гульні Еўропы



Літва абвінавачвае Беларусь у выкарыстанні мігрантаў у якасці „гібрыднага” адказу на санкцыі. Саміт НАТО: ці сапраўды маецца адзіны фронт супраць Кітая і Расеі? Балгарыя сустракае новага Еўрапракурора для праверкі ўнутранай карупцыі краіны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Літоўскай газета Delfi паведамляе, што краіны Балтыі абвінавачваюць «раззлаваны Менск» у прыліве мігрантаў на фоне інцыдэнту з перахопам самалёту Ryanair. Выданне цытуе міністра ўнутраных спраў Літвы Агнэ Білатэйтэ, якая заявіла што пагранічная сітуацыя «пад кантролем», але ўрад выдзеліць больш сродкаў на ахову мяжы і спадзяецца на фінансавую і экспертную дапамогу па гэтым пытанні. «У нас проста ёсць нестабільны сусед, які выкарыстоўвае тое, што я б назвала інструментам гібрыднай вайны: гэта значыць, ён спрабуе маніпуляваць намі праз нелегальную міграцыю. Лукашэнка, 27-гадовы жорсткі кіраўнік Беларусі, ператварыў сваю 9-мільённую краіну ў вялізную турму”, з якой праціўнікам яго рэжыму цяжка з’ехаць. Але выключэнне маецца для выхадцаў з Ірака і Сірыі, бо, відаць, у гэтым удзельнічаюць беларускія чыноўнікі, ёсць пэўныя арганізаваныя схемы», – катэгарычна падсумоўвае літоўскае выданне.

***

У ходзе саміту НАТО, які прайшоў у панядзелак у Бруселі, члены альянсу ўпершыню выступілі з выразнай адзінай пазіцыяй у дачыненні да Кітаю: у заключным камюніке Кітай названы «сістэмным выклікам». Пры гэтым, як заявіў генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг, Кітай не разглядаецца ў якасці праціўніка або ворага. Што ж тычыцца Расеі, то ў камюніке адзначаецца, што агрэсіўныя паводзіны Масквы ставіць пад пагрозу трансатлантычную бяспеку. Меркаванні еўрапейскіх СМІ з нагоды вынікаў саміту падзяліліся. «Кітай занадта важны для Еўропы», – лічыць французская газета Les Echos. «У эканамічным і энэргапалітычным плане Еўропа занадта залежыць як ад Кітаю, так і ад Масквы, а таму не можа слепа падпарадкоўвацца амерыканскім інтарэсам, тым больш, што з мінулага года Пекін стаў вядучым гандлёвым партнёрам ЕЗ, адціснуўшы з гэтай пазіцыі ЗША. У справе барацьбы са зменай клімату без Кітаю таксама не абысціся. У сілу велічыні свайго рынку – 450 мільёнаў чалавек – ЕЗ цалкам у стане навязаць Кітаю больш збалансаваны расклад сілаў. А гэта і так даволі складаная задача. На гэтым фоне мы цалкам можам сказаць «не» планам ЗША па будаўніцтве новай сцяны паміж намі і Пекінам», – адзначае французскае выданне.

***

Першай краінай, якую наведала новы кіраўнік Еўрапейскай пракуратуры, стала Балгарыя. Раней Лаура Кёвешы адхіліла шэсць з дзесяці кандыдатаў, вылучаных Балгарыяй у якасці ўпаўнаважаных пракурораў для новага ведамства. Візіт Кёвешы супаў з праходзячымі ў краіне пратэстамі супраць генеральнага пракурора Івана Гешэва і пачаткам перадвыбарчай кампаніі напярэдадні парламенцкіх выбараў 11 ліпеня, у ходзе якой змаганне з карупцыяй стала адной з галоўных тэмаў. «Балгарыі не варта ўскладаць занадта вялікіх спадзяванняў на новы інстытут», – папярэджвае балгарская газета Dnevnik. «У нашым грамадстве песцяць празмерна завышаныя чаканні ў плане таго, што Еўрапейская пракуратура з першага ж дня працы адкрые шырокі фронт змагання супраць усіх карупцыйных практык у нашай краіне. Па-першае, кампетэнцыя Еўрапейскай пракуратуры адносна абмежаваная, а па-другое, вынікі яе працы будуць залежаць непасрэдна ад работы пракурораў, дэлегаваных Балгарыяй», – папярэджвае балгарскае выданне.

***

Мяркуючы па ўсім, Кіпр працягвае апрацоўку заявак на грамадзянства ад заможных замежнікаў, хоць Нікасія афіцыйна прыпыніла гэтую праграму ў лістападзе мінулага году пасля суровай крытыкі з Бруселю. Цяпер Еўракамісія накіравала краіне чарговае папярэджанне і пагражае ўзбуджэннем справы ў Еўрапейскім судзе. Кіпрская прэса толькі ківае галавой з нагоды дзеянняў свайго ўраду. «Рэпутацыя Кіпра грунтоўна падмочаная», – піша кіпрская газета Dialogos. «Ні адзін сур’ёзны замежны інвестар не захоча запляміць сваё імя сувязямі з краінай, супраць якой Еўракамісія вось-вось пачне судовае разбіральніцтва. Толькі заўзятыя ашуканцы могуць праяўляць цікавасць да інвеставання ў такую краіну. Менавіта таму наша краіна і кішыць рознага роду ашуканцамі ды фігурантамі спісаў злачынцаў, якіх шукае паліцыя. Ні адзін орган ЕЗ у цяперашні час не ўспрымае Кіпр усур’ёз. Усе глядзяць на нас з падазрэннем. І гэта вельмі негатыўна адбіваецца на эканоміцы і іншых сферах, уключаючы кіпрскае пытанне», – адзначаецца ў матэрыяле Dialogos.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.