Агляд прэсы: гульні ў салдацікаў
Сістэма балістычных ракет «Точка-У» урэзалася ў дом у Беларусі. СМІДанбас: ці атрымаецца Захаду ўрэгуляваць канфлікт? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Амерыканскае выданне Defence-blog апісвае інцэдэнт з ваенным канвоем, у склад якога ўваходзілі ракетныя комплексы «Точка-У» і які рухаўся ў бок Слуцку. Сістэма балістычных ракет малой дальнасці «Точка-У» 5 красавіка перасекла праезную частку і ўрэзалася ў жылы дом у вёсцы Майсеевічы Асіповіцкага раёна.
Выданне падкрэслівае, што «Точка-У», вядомая пад заходнемоўнай назвай SS-21 або «Скарабей Б», ёсць высокадакладнай ракетнай сістэмай савецкага часу, прызначанай для эфектыўнага знішчэння прыярытэтных малагабарытных і плошчавых мэтаў у тактычнай глыбіні варожых фарміраванняў кругласуткава, у любое надвор’е і паравіну года. «Точка-У» можа несці звычайныя, ядзерныя або хімічныя баегалоўкі. Максімальная далёкасць стральбы – 70 км. Сама ракета мае даўжыню 6,4 м і вагу 2000 кг. Максімальная хуткасць ракетнага комплексу 60 км у гадзіну.
Defence-blog таксама акцэнтуе ўвагу на тым, што ў ходзе ўзброенага канфлікту ў Нагорным Карабаху ў 2020 годзе комплекс«Точка-У», паводле афіцыйных паведамленняў Міністэрства абароны Азербайджана, прымянялася армянскім бокам, пры гэтым, паводле заявы Міністэрства, ні адна з трох выпушчаных ракет не выбухнула.
Канфлікт на ўсходзе Украіны перажывае новы віток абвастрэння: згодна з паведамленнях СМІ, Расея сцягвае войскі да мяжы з Украінай, перакрыжаваны агонь узмацніўся. На думку аглядальнікаў, заходнія дзяржавы наўрад ці змогуць істотна спрыяць дээскалацыі.
На думку Frankfurter Allgemeine Zeitung, Расея спрабуе такім чынам праверыць на трываласць пазіцыю новай адміністрацыі ЗША.
«Байдэн паабяцаў падтрымку краіне, якая апынулася пад ціскам. Аднак галоўная праблема тут у тым, што Украіна не з’яўляецца сябрам НАТА. Калі Расея зноў абвострыць канфлікт, то рызыкуе займець у адказ новыя санкцыі. Гэта можа апынуцца вельмі балючым ва ўмовах пандэміі, але падобныя перспектывы ніколі не зніжалі гатоўнасці Пуціна ўдзельнічаць у канфліктах нізкай інтэнсіўнасці. Нядаўні канфлікт з нагоды Навальнага напэўна ўмацаваў яго ў меркаванні, што ён знаходзіцца ў сітуацыі сур’ёзнай канкурэнцыі з Амерыкай і Еўропай, а гаворка ў канчатковым выніку ідзе пра выжыванне яго рэжыму. У Захаду засталося не так шмат варыянтаў», – адзначае нямецкае выданне.
У мінулую нядзелю ў Балгарыі адбыліся парламенцкія выбары. Па іх выніках вымалёўваецца патавая сітуацыя. На першае месца з 26 адсоткамі галасоў выйшла ліберальна-кансерватыўная партыя ГЕРБ, якую ўзначальвае прэм’ер-міністр Бойка Барысаў. Аднак сфармаваць большасць з былымі партнёрамі па кааліцыі яму на гэты раз не ўдасца з прычыны недахопу галасоў. Альянсы з іншымі партыямі таксама малаверагодныя, паколькі занадта вялікія разыходжанні па цэлым шэрагу пытанняў. Прэса разважае аб выхадзе з сітуацыі, і сярод іншага заклікае прыгледзецца да досведу Італіі.
“На прыкладзе Італіі мы бачым, якім чынам можна пераадольваць падобныя крызісныя сітуацыі”, – піша балгарскае выданне Club Z.
«Для італьянцаў найменшай агульным стаілся дзве рэчы: выхад з пандэміі і атрыманне сродкаў, якія Еўропа для іх прыгатавала. Бясспрэчным аўтарытэтам, якому італьянцы даверылі вырашэнне гэтых задач, стаў Марыё Драгі, да нядаўняга часу ён займаў пасаду старшыні Еўрапейскага цэнтральнага банка. Мяркуючы па ўсім, у Балгарыі таксама маецца гэткі ж набор. Пытанне толькі ў тым, ці ёсць у нашай краіне аўтарытэтныя асобы сур’ёзнага маштабу. Ці ёсць у нас свой Марыё Драгі», – задаецца пытанне балгарскае выданне.
Францыя ізноў адправілася ў лакдаун, ужо трэці па ліку. У Нямеччыне таксама абмяркоўваецца варыянт узмацнення жорсткасці мераў па барацьбе з пандэміяй. Партугалія, наадварот, пасля двух месяцаў жорсткага лакдауна спадзяецца вярнуцца хоць бы да адноснай свабоды. СМІ пішуць пра тое, як пандэмія працягвае выпрабоўваць цярпенне і нервы людзей.
Партугальская газета Público падкрэслівае, што з краіны з самым высокім узроўнем новых заражэнняў на каронавірус у свеце Партугалія стала адной з краін з самай нізкай захваральнасцю ў Еўропе ў выніку чарговага працяглага і жорсткага лакдауна. І паслабляць яго трэба з найвялікшай асцярожнасцю.
«Вялікая рызыка таго, што прыйдзецца зноў вярнуцца да лакдауну. І калі ў верасні мінулага года палітыкі казалі, што мы не можам вярнуцца да глабальнага застою, то сёння пануе цішыня. Хаця статыстыка сведчыць аб тым, што пандэмія знаходзіцца пад кантролем, горкі шлях, які нам прыйшлося прайсці, навучыў нас таму, што наперадзе доўгія тыдні, поўныя невядомасці. Пакуль вялікая частка насельніцтва не вакцынаваная, няма пра што казаць з упэўненасцю».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя