Агляд прэсы: гульня мускуламі



У Лукашэнкі новая схема ўтрымання ўлады ў Беларусі. Украінскі канфлікт: ці пахіснуўся баланс сіл? Ці спыніць Эрдаган падзенне ліры? Пандэмія: амікрон выйшаў з-пад кантролю? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Лукашэнка плануе рэферэндум, каб захаваць кантроль; апазіцыя абяцае «заваліць» гэтую ідэю дыктатара. Хаця рэферэндум па новай канстытуцыі, які павінен адбыцца ў лютым, з’яўляецца цэнтральным элементам стратэгіі Лукашэнкі. Чутны заклікі апазіцыі байкатаваць або падарваць гэтыя намаганні, але лідары настроены песімістычна, што спыняць Лукашэнку», – піша бельгійскае выданне politico.eu.

Выданне адзначае, што Лукашэнка прыкрывае рэферэндум размовамі аб патрыятызме і нацыянальнай абароне. Нягледзячы на тое, што папраўкі ў канстытуцыю яшчэ не апублікаваныя, Лукашэнка ўжо выразна даў зразумець, што хоча стварыць сістэму кіравання, якая істотна адрозніваецца ад ліберальнай дэмакратыі.

«Асноўная частка рэформаў, відаць, скіравана на перадачу большай улады Беларускаму народнаму сходу, кансультатыўнаму органу, які складаецца з лаялістаў рэжыму з улады і прамысловасці. Гэтыя паўнамоцтвы ўключаюць прызначэнне вышэйшых суддзяў і магчымасць распачынаць працэдуру імпічменту прэзідэнту. Увогуле задумана, што гэта вышэйшы прадстаўнічы орган», – адзначаецца ў матэрыяле.

«Лідары апазіцыі з-за мяжы заклікаюць сваіх прыхільнікаў прызнаць бюлетэні несапраўднымі падчас рэферэндуму і пратэставаць супраць самога рэферэндуму. Дэмакратычная апазіцыя ўнутры краіны разбурана, сотні людзей знаходзяцца за кратамі, многія з якіх былі асуджаныя на доўгія тэрміны зняволення. Лідары альбо ў турме, альбо ў эміграцыі, і арганізаваць супраціў Лукашэнку ў краіне складана», – падкрэслівае бельгійскае выданне.

***

Да канца года Масква чарговы раз узмацніла жорсткі тон ва ўкраінскім канфлікце. У той час як расейскія войскі па-ранейшаму размешчаны ўздоўж мяжы з Украінай, прэзідэнт Пуцін абвінаваціў ЗША ў «агрэсіўных» паводзінах і прыгразіў прыняць «адэкватныя ў адказ ваенна-тэхнічныя меры», калі такія паводзіны не спыняцца. Аглядальнікі аналізуюць расстаноўку сіл.

Карпарацыя Газпром прыпыніла пастаўкі газу ў Нямеччыну па трубаправодзе Ямал – Еўропа. У сувязі з гэтым італьянская газета Il Manifesto задаецца пытаннем, ці не валодае Крэмль у канчатковым выніку большым уплывам, чым гэта меркавалася раней.

«Ці сапраўды НАТО здольны супрацьстаяць шантажу Крамля? У якой ступені ўрады краін альянсу будуць надаваць прыярытэтную ўвагу ваенным пытанням у сваіх адносінах з Масквой? На працягу амаль васьмі гадоў Расея сутыкалася з выключна суровымі санкцыямі, аднак яны аказалі куды меншы ўплыў на эканамічную і палітычную сістэму краіны, чым чакалася. Між тым Еўропе надоечы вельмі балюча нагадалі аб важнасці ролі Расеі на сусветным рынку. Кошты на прыродны газ зноў папаўзлі ўверх — аж да новага рэкорду», – канстатуе італьянскае выданне.

***

Прэзідэнт Эрдаган аб’явіў аб мерах, накіраваных на падтрыманне курсу ліры : калі страты пры абменным курсе будуць больш, чым абяцаныя працэнты па ашчадных укладах, то ў справу ўмяшаецца дзяржава. Гэтыя меры накіраваны на тое, каб грамадзяне не ўкладвалі свае зберажэнні ў замежную валюту. За адну ноч пасля заявы аб дапамозе дзяржавы курс ліры падскочыў да ўзроўню, на якім ён знаходзіўся тры тыдні таму. Тым не менш, Эрдаган мае намер працягваць сваю вельмі сумнеўную палітыку нізкай працэнтнай стаўкі.

«Эрдаганаўская логіка зусім неспасцігальная», – піша нямецкая газета Handelsblatt.

«Адзінае, што бачаць інвестары і аналітыкі – гэта татальны бардак. Тым самым Эрдаган спрашчае працу апазіцыі: ёй усяго толькі трэба паабяцаць народу пазбавіць яго ад гэтага бардака і вярнуцца да традыцыйнай палітыкі. Як паказваюць апытанні, ужо адно гэтае абяцанне здольна зрабіць уражанне на грамадзян. Менавіта Эрдаган прывёў беднае турэцкае насельніцтва да росквіту, і тым самым праклаў сабе дарогу ад адной перамогі на выбарах да іншай. Наступныя выбары адбудуцца не пазней чым праз паўтара гады, і Эрдаган зноў мае намер перамагчы. Аднак яго зорка на небасхіле ўжо закочваецца», – папярэджвае нямецкае выданне.

***

У выніку распаўсюджвання выключна заразнага штаму каронавірусу сітуацыя ў Еўропе пагаршаецца. У Даніі колькасць інфіцыраваных б’е ўсе рэкорды. Лондан робіць спробы вярнуць на працу настаўнікаў-пенсіянераў, каб папоўніць рады персаналу, часова выбітага хваробай. А экспертная рада ФРГ па барацьбе з пандэміяй папярэджвае пра калапс крытычна важнай інфраструктуры. Гішпанская газета El Periódico de España заклікае гішпанцаў вярнуцца да старых мер засцярогі:

«Вірус прыстасоўваецца і, мутуючы, распаўсюджваецца ў розных варыянтах па ўсёй планеце. І прышчэпленыя людзі без сімптомаў здольныя вельмі інтэнсіўна перадаваць вірус. Гэта – адна з прычын таго, што ідэя аб магчымасці перамогі над пандэміяй пры высокай долі прышчэпленых з’яўляецца сур’ёзнай памылкай. У супрацьлегласць вынікам, дасягнутым пры дапамозе вакцын ад класічных вірусаў, нам і ў наступным патрабныя дадатковыя меры засцярогі».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.