Агляд прэсы: «гушчар» кампрамісу
Прапановы «Канстытуцыі Пуціна» ў Беларусі наклікаюць бяду на Украіну. Казахстан: пачнем усё спачатку? У Швецыі прэм’ер-міністр Андэрсан трапіла пад град крытыкі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Урад Беларусі апублікаваў праекты прапаноў сур’ёзных паправак у Канстытуцыю краіны, якія могуць мець трывожныя наступствы для беларускай апазіцыі і нават Украіны», – паведамляе ўкраінская газета The Kyiv Post.
«Прапанаваныя папраўкі былі апублікаваныя 27 снежня, відаць, неўзабаве пасля званкоў паміж Лукашэнкам і Пуціным, якія, прынамсі, нібыта былі звязаныя з будучым самітам СНД у Санкт-Пецярбургу 28-га снежня. Змены закранаюць усе раздзелы Канстытуцыі: асновы, асобу і грамадства, ролю прэзідэнта, розныя дзяржаўныя органы і правілы выбараў ды рэферэндумаў. Пры гэтым адметным аспектам з’яўляецца амаль копі-паст з канстытуцыйных змен Расеі 2020 года, якія атрымалі назву «Канстытуцыя Пуціна», – адзначае ўкраінскае выданне.
У матэрыяле заўважаецца, што ў раздзелах захавання «культурнай спадчыны» ёсць правілы, што шлюб можа быць толькі паміж мужчынам і жанчынай, і настаўляюць усіх беларусаў «праявіць патрыятызм», прыняць «сацыяльную адказнасць» і захаваць памяць пра «Вялікую Айчынную вайну».
«Лукашэнка прыпісвае ўсе паўнамоцтвы ў галіне прыцягнення ўлады да адзінага карпаратыўнага органа, які складаецца з лаяльных асобаў, і забяспечвае сабе спакойнае будучыню, без адказнасці за апошнія рэпрэсіі і душэнне свайго народу, нават калі яго адхіляць ад ягоных абавязкаў.
«Канстытуцыйнае» паяднанне з Расеяй і магчымасць плаўнага пераходу да прэзідэнта Беларусі, якога падтрымлівае Крэмль, павінны турбаваць Украіну, якая мае прыстойныя адносіны са сваім паўночным суседам, у першую чаргу дзякуючы іх эканамічным сувязям, а таксама сяброўству паміж украінскім і беларускім народамі. «Антырасейскія» або амбівалентныя выразы Лукашэнкі скончыліся, і былы агульны вораг можа ператварыцца ў фактычнага кіраўніка суседняй і ўзаемазалежнай Беларусі, што можа прывесці да сур’ёзных эканамічных і вайсковых наступстваў для Украіны”, – папярэджвае ўкраінская газета.
***
Пратэсты, якія ўспыхнулі ў Казахстане, жорстка задушаны. Экс-прэзідэнт і былы кіраўнік Савета бяспекі Казахстана Назарбаеў як праз зямлю праваліўся. Выступаючы ў парламенце, прэзідэнт Такаеў абвясціў аб правядзенні новай палітыкі і абмежаванні ўлады алігархаў, а значыць, і ўлады стаўленікаў Назарбаева. Прэса разважае аб тым, наколькі трывалыя пазіцыі Такаева.
«З гэтага часу Такаеў будзе кіраваць ужо без «елбасы», – піша літоўскае выданне Delfi.
«Цмок памёр, хай жыве цмок! Перш, да наступлення беспарадкаў, у сваіх афіцыйных выступах прэзідэнт Такаеў нязменна падкрэсліваў ролю Назарбаева. Але з таго часу, як беспарадкі пачаліся, пра Назарбаева – ні слова. Судзячы па ўсім, Такаеў стане абсалютным пераможцам. Будзе сфарміравана камісія па расследаванні беспарадкаў у Казахстане, якая абавязкова знойдзе вінаватых. Вінаватым будзе прызнаны той, хто на дадзены момант уяўляе для Такаева найбольшую небяспеку. Такім чынам дзейны прэзідэнт вырашыць свае палітычныя праблемы. Ён зачысціць поле, пазбавіцца ад стаўленікаў Назарбаева, і далей можа кіраваць краінай у ганарлівай адзіноце», – адзначае літоўскае выданне.
***
За восем месяцаў да парламенцкіх выбараў на новую прэм’ер-міністра Швецыі Магдалену Андэрсан абрынуўся шквал крытыкі з-за гісторыі з прыбіральшчыцай у яе кватэры. Згодна з паведамленнямі прэсы, жанчына нелегальна прыехала ў Швецыю з Нікарагуа і працавала без дазволу на знаходжанне ў краіне на субпадрадчыка фірмы, нанятай Андэрсан.
«Нягледзячы на ўсю адкрытасць адносна неабходнасці прыцягнення працоўных рук з-за мяжы, краіне неабходныя пэўныя правілы», – лічыць шведская газета Göteborgs-Posten.
«Якраз у сферы прыборкі праца па-чорнаму распаўсюджана паўсюдна. Швецыя адносіцца да краін з самымі ліберальнымі правіламі ў галіне працоўнай міграцыі. Але занадта адкрытая сістэма часта выкарыстоўваецца ў карыслівых інтарэсах. Яна задавальняе не толькі адукаваных айцішнікаў, але і крымінал, які наймае танную працоўную сілу з краін за межамі ЕЗ. Вольнае грамадства фармуецца не толькі на аснове наіўнай лібералізацыі, але і на базе разумнага балансу правіл і адкрытасці. У цяперашні час у Швецыі гэты баланс парушаны», – канстатуе шведскае выданне.
***
Згодна з паведамленнямі прэсы, у траўні 2020 года, калі ў Вялікабрытаніі дзейнічаў цвёрды локдаўн і простым смяротным было дазволена сустракацца ў колькасці максімум тры чалавекі, прэм’ер-міністр Джонсан зладзіў у садзе вечарынку з удзелам дзясяткаў госцяў. Улічваючы тое, што брытанскі ўрад ужо апынуўся пад градам крытыкі з-за правядзення каляднай вечарынкі, і наконт гэтага ўжо вядзецца расследаванне, прэса задаецца пытаннем, наколькі доўга Джонсан застанецца ў якасці прэм’ер-міністра.
«Паколькі на Джонсана льецца бесперапынны струмень зусім ганебных выкрыццяў, задача перад ім стаіць няпростая: відавочна недастаткова будзе проста залатаць пару дзірак. Гаворка ідзе пра тое, каб выратаваць ягоную рэпутацыю ў цэлым, прычым зрабіць так, каб ён яшчэ і змог застацца на пасадзе прэм’ер-міністра. Ды ўжо не пазайздросціш! Рэпутацыя Борыса Джонсана павісла на найтанчэйшай валасінцы, і ў яго нямала супернікаў у шэрагах уласнай партыі, напрыклад, міністр па справах жанчын і роўнасці Ліз Трас і міністр фінансаў Рышы Сунак, якія з нецярпеннем чакаюць на магчымасць узяць уладу ў свае рукі. Пытанне заключаецца не ў тым, ці прыме Джонсан рашэнне сысці ў адстаўку, а ў тым, калі яго калегі па партыі прымуць гэтае рашэнне за яго», – лічыць ірландскае выданне Irish Independent.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.